Усё было не дарэмна


Пачатак сёлетняга кастрычніка аказаўся вельмі шчодрым на святы для жыхара нашага горада Паўла Давыдавіча Легуна. Першага чысла ён, як чалавек паважанага ўзросту, адзначыў Дзень пажылых людзей, назаўтра сваё прафесійнае свята – Дзень настаўніка, бо пачэснай педагагічнай справе прысвяціў усё сваё жыццё. А сёння, 8 кастрычніка, у коле родных і блізкіх людзей святкуе 80-гадовы юбілей з дня нараджэння.


 


– Дзевяты дзесятак разменьваю, а быццам бы і не жыў, – гаворыць Павел Давыдавіч. – Калі табе столькі гадоў, дні цягнуцца як гады,  а гады прабягаюць як дні. Гэта ў маладосці ўсё наадварот.
Нарадзіўся П.Д. Лягун у вёсцы Кажушкі, якая з-за катастрофы на ЧАЭС зараз знаходзіцца за калючым дротам, у дружнай мнагадзетнай сялянскай сям’і, у якой, акрамя бацькоў, Давыда Нікадзімавіча і Крысціны Васільеўны, было дзве сястры і пяць братоў. Працаваць умелі ўсе: і дарослыя, і дзеці. На  маленства юбіляра   прыпаў час фашысцкай акупацыі. Да вайны ў Паўла Давыдавіча асаблівы рахунак – яна забрала дарагога яму чалавека – старэйшага брата Міхаіла, які загінуў у ходзе Суражскай аперацыі, быў камандзірам батальёна, прайшоў вайну і бацька.



У кожнага чалавека ёсць мара, і як добра, што яна ажыццяўляецца. Павел Давыдавіч хацеў стаць настаўнікам і зрабіў усё, каб атрымаць адпаведную адукацыю. Юнак з беларускай глыбінкі спачатку закончыў Мазырскі педтэхнікум, а потым завочна навучаўся ў педінстытуце гэтага горада, атрымаў дыплом выкладчыка беларускай і рускай мовы і літаратуры. Увесь час працаваў П.Д. Лягун у школах нашага раёна, даносячы да вучняў роднае беларускае слова. У 1954 годзе быў прызначаны загадчыкам Малішаўскай пачатковай школы, а выйшаў на пенсію ў 1996 годзе, аддаўшы такім чынам пачэснай прафесіі 42 гады свайго жыцця.



Настаўніцай па прафесіі была і яго жонка, Алена Арсенцьеўна, разам яны ўжо 53 гады. Дарэчы, і гадавіну сямейнага жыцця пара Лягун адзначае таксама ў кастрычніку.
Узрост дае аб сабе знаць, здароўе падводзіць, але муж і жонка застаюцца бадзёрымі, аптымістычнымі. Іх гордасць – тры дачкі, пяцёра ўнукаў і праўнучка Дашанька, якая сёлета пайшла ў першы клас. Па слядах бацькоў пайшла дачка Святлана, закончыла інстытут замежных моў у Мінску, працуе па спецыяльнасці ў школе Пухавіцкага раёна, дзе жыве з сям’ёй. Яе дачка Крысціна – асаблівая гордасць дзядулі і бабулі – уладальніца прэзідэнцкай стыпендыі, пераможца міжнароднай алімпіяды па біялогіі, яна навучаецца зараз на пятым курсе Мінскага медыцынскага ўніверсітэта. У сферы абслугоўвання ў Віцебску занята дачка Ірына,  а Валянціна стала мінчанкай,  працуе дырэктарам рэстарана.



Гавораць, што былых педагогаў не бывае. З гэтым выказваннем згодны тыя, каму выпала шчасце спасцігаць школьную навуку на ўроках Паўла Давыдавіча Легуна, якія праз гады пранеслі павагу да гэтага чалавека. А паважаны юбіляр у свой дзень нараджэння пачуе ад іх, а таксама сваіх былых калег, шчырыя словы ўдзячнасці, пажаданні дабра і даўгалецця.



Клаўдзія МІКАЛАЕВА.
 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *