Ад гісторыі да сучаснасці


У Беларускай Энцыклапедыі «Гарады і вёскі Беларусі», 2005 года выдання, у- томе ІІ (Гомельская вобласць, кніга ІІ) на старонцы 425 чытаем: «Хойніцкі раён утвораны 18 снежня 1926 года ў складзе Рэчыцкай акругі (да 12.4.1927), у чэрвені 1927 г. – ліпені 1930 г. у Гомельскай акрузе, з 20.2.1938 г. у Палескай вобласці, з 8.1.1954 г. у Гомельскай вобласці».



Наш раён знаходзіцца на левабярэжжы Прыпяці. 25 снежня 1962 года ў сувязі з узбуйненнем сельскіх раёнаў у склад Хойніцкага раёна былі ўключаны Баршчоўскі і Радзінскі сельсаветы Камарынскага раёна. Частку тэрыторыі займае Палескі дзяржаўны радыяцыйна-экалагічны запаведнік. У сувязі з радыяцыйным забруджаннем пасля катастрофы на ЧАЭС на працягу 1991-1997 гадоў пераселены ў чыстыя месцы 1145 сем’яў (2505 чалавек). Плошча раёна 2027 квадратных кіламетраў. Па стану на 1 студзеня 2011 года насельніцтва складае 21744 чалавекі.



На поўдні мяжуе з Кіеўскай вобласцю Украіны, на ўсходзе – з Брагінскім і Лоеўскім, на поўначы – з Рэчыцкім, на захадзе – з Калінкавіцкім, Мазырскім, Нараўлянскім раёнамі.
Праходзяць чыгунка Васілевічы-Хойнікі (ад лініі Калінкавічы-Гомель), аўтадарогі Калінкавічы-Камарын, Рэчыца-Аляксандраўка.
Карысныя выкапні: 2 радовішчы торфу з агульнымі запасамі 53 млн.т, 2 радовішчы цагельнай сыравіны.
Па тэрыторыі раёна цячэ рака Прыпяць з прытокамі Віць і Тур’я.
Глебы сельгасугоддзяў дзярнова-падзолістыя забалочаныя, тарфяна-балотныя. З мінеральных глеб 40,2% пясчаных, 28,7% суглінкавых. Асушана 43,9 тыс. га забалочаных зямель.



Якасная ацэнка  сельгасугоддзяў 34 балы.
Лясы займаюць 42% тэрыторыі.



Хойнікі – горад раённага падпарадкавання, цэнтр раёна. Знаходзіцца за 103 км на паўднёвым захадзе ад Гомеля, 340 км ад Мінска.
З 8 снежня 1926 года па 30 снежня 1927 года – цэнтр Хойніцкага сельсавета. У 1930 г. налічвалася 560 двароў, арганізаваны калгас, працавала лесапільня, маслазавод, шпаларэзны завод, кравецкая і шавецкая майстэрні, паравы млын, маслабойня, хлебапякарня, смала-курня, пачатковая і 7-гадовая школы, хата-чытальня, аддзел спажывецкай кааперацыі, машынна-трактарная станцыя. 15 ліпеня 1935 г. пастановай ЦВК і СНК БССР пацверджаны статут Хойнік як мястэчка, а 27 верасня 1938 года Хойнікі аднесены да катэгорыі гарадскога пасёлка.



У Вялікую Айчынную вайну з лістапада 1941 года і да дня вызвалення – 24 лістапада 1943 года – дзейнічала патрыятычнае падполле. У баях за гарадскі пасёлак загінулі 468 воінаў і партызан (пахаваны ў Брацкай магіле на гарадскіх могілках).
З 15 лістапада 1943 па 15 студзеня 1944 года ў Хойніках размяшчаліся кіруючыя органы Палескай вобласці.
З 10 лістапада 1967 года Хойнікі – горад раённага падпарадкавання.


 


Падрыхтавала Клаўдзія МІКАЛАЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *