Кастрычніцкія перамогі

Спорт

З 4 па 8 кастрычніка ў Пінску праходзіў рэспубліканскі турнір па цяжкай атлетыцы, у якім прынялі ўдзел юнакі і дзяўчаты 1995 года нараджэння і маладзей. У актыве выхаванцаў хойніцкай СДЮСШАР адно першае, два другія і тры трэція прызавыя месцы ў індывідуальным заліку па суме мнагабор’я.



Пераможцай спаборніцтваў у горадзе над Пінай і Прыпяццю стала Валянціна Раманюк. На другую прыступку п’едэстала гонару ўзняліся Віталій Лук’янаў і Анастасія Пархоменка, дыпломы трэцяй ступені атрымалі Уладзімір Карлоўскі, Марыя Еніна, Улляна Махнач і Марына Валяватая.



Прыкладна ў гэтыя ж тэрміны (з 7 па 9 кастрычніка) у Гомелі прайшла абласная спартакіяда выхаванцаў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. На гэтым турніры залік вёўся як у індывідуальным саперніцтве, так і ў камандных стартах. У спаборніцтве цяжкаатлетычных дружын з вялікім адрывам ад астатніх сапернікаў перамагла каманда нашай СДЮСШАР, якая заслужыла права выступіць на аналагічнай спартакіядзе рэспубліканскага ўзроўню за кошт сродкаў Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь.



У індывідуальным заліку вызначыліся чэмпіёны абласной спартакіяды Павел Шышкін і Яўгеній Каленчанка, сярэбраны прызёр Антон Шэймовіч, бронзавыя медалісты Яўгеній Папроцкі і Дзмітрый Лук’янаў. Заліковыя ачкі ў камандную скарбонку прынеслі заняўшыя чацвёртыя месцы ў сваіх вагавых катэгорыях Іван Бажко, Уладзіслаў Дубінскі, Максім Дырдоль і Мікалай Трашко.
Да ўсіх гэтых пераможных стартаў спартсменаў рыхтавалі трэнеры А.Л. Шпарун, А.А. Навіцкі, В.В. Саракалетаў і М.В. Глушакоў.



У. БОРДАК, дырэктар Хойніцкай СДЮСШАР.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *