А на работу ішла з радасцю

Людзі і лёсы

Хайнічанка Святлана Пятроўна Сачанка на мінулым тыдні адзначыла юбілей. 

Дарэчы, Святлана Пятроўна – мая настаўніца, таму ісці да яе было ўдвая цікавей. Міжволі ўзгадваліся школьныя гады, кантрольныя работы, на якіх нашыя не самыя лепшыя па паспяховасці хлопцы «знаходзілі» краіну Зімбабвію (аб’ядноўваючы Замбію і Зімбабве)…
Нарадзілася дзяўчынка Света ў Хойніках. Так як бацька пасля Вялікай Айчыннай вайны застаўся служыць, то сям’і давялося паездзіць па свеце, нават на Поўначы нейкі час жылі. Але вярнуліся назад у Хойнікі. Тут Святлана пайшла ў школу. 8 класаў закончыла ў сярэдняй школе № 2, а 9-11 – ужо ў першай гарадской.
– І хаця першую школу ўзгадваю з удзячнасцю і цеплынёй – і Віктара Іванавіча Шведава, нашага класнага, Людмілу Фёдараўну Шахрай, Алу Юр’еўну Ліберман, і многіх іншых, хто мяне вучыў, усіх памятаю і ўдзячна ім за ўсё. Але роднай усё ж лічу другую школу. Тут я вырасла, палюбіла работаць з дзецьмі, дзякуючы першай настаўніцы В.В. Вержыкоўскай (дарэчы, яе ўнучка Наталля таксама працуе ў СШ № 2), настаўнікамі матэматыкі С.А. і Р.А. Новікам. Туды марыла пайсці працаваць, там і працавала з 1981 па 2008 год.
Гэта потым. А спачатку было паступленне на геаграфічны факультэт Магілёўскага інстытута, работа ў цэнтральнай бібліятэцы, Паташэнскай школе, знаёмства з мужам, нараджэнне сыноў. Дарэчы, з мужам Пятром пазнаёмілася ў аўтобусе: разам ехалі на вучобу. Слова за слова, і знаёмства перарасло ў пачуццё, якое звязала маладых на доўгія гады.
У 1981 годзе С.П. Сачанка прыйшла ў СШ № 2: спачатку піянерважатай, затым настаўніцай геаграфіі і намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, пазней намеснікам па вучэбнай рабоце. І на кожнай пасадзе аддавала сябе рабоце поўнасцю, з адказнасцю падыходзячы што да ўрокаў геаграфіі, што да мерапрыемстваў, выступленняў.
Сама ж Святлана Пятроўна ўзгадвае час работы ў СШ № 2 як «залатыя гады». Сяброўскі сплочаны калектыў – разам у рабоце, разам адпачывалі, удзельнічалі ў конкурсах, устрайвалі канцэрты – яны і дагэтуль падтрымліваюць зносіны. «А дзеці, – тлумачыць С.П. Сачанка, – заўсёды аднолькавыя: і моцныя, і слабыя, і шумныя, і ціхія – розныя, але заўсёды цікавыя – і тады, і зараз».
Старэйшы сын Алег звязаў сваю прафесійную дзейнасць з настаўніцтвам, выкладае інфарматыку і працу ў гімназіі. Малодшага, Сяргея, наадварот, школа не прываблівала, ён працуе на хлебазаводзе. Трое ўнукаў – радасць бабулі – Таццяна вучыцца на чацвёртым курсе тэхналагічнага ўніверсітэта, атрымлівае спецыяльнасць інжынера-хіміка-электрыка, Раман у мінулым годзе паступіў у «МИТСО» на юрыдычны, Мікіта вучыцца ў 10 класе.
Самым галоўным дасягненнем свайго жыцця Святлана Пятроўна лічыць сям’ю – што вырасцілі з мужам двух сыноў, выхавалі іх годнымі людзьмі, што ўнукі толькі радуюць, нявесткі паважаюць («і я іх таксама вельмі люблю, – дадае мая суразмоўца»). І работа была любімая. А што яшчэ для шчасця патрэбна?

Вольга Белаш.
Фота з сямейнага архіву С.П. Сачанка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *