Пра назву Хойнікі



Паходжанне назвы нашага горада прыцягвала ўвагу многіх аўтараў. Найбольш цікавым уяўляецца зварот да тэмы прафесара ГДУ імя Ф. Скарыны А.Ф. Рогалева*. Ён паспрабаваў растлумачыць, як на змену памяншальнай, адзіночнага ліку форме назвы Хвойнічак магла прыйсці назва Хвойнікі.



Паводле яго, гэта стала неабходнасцю па меры росту паселішча, «асабліва тады, калі ў ім быў узведзены замак (першая палова XVII ст.)». Простая замена наймення Хвойнічак на Хвойнік выклікала б аманімію тапоніма і агульнага слова, што было непажадана. Назву пачалі ўжываць у множным ліку (Хвойнікі), стварыўшы адначасова, як вынікае з разважанняў мовазнаўцы, ужо прыдатную аманімію агульнага слова і абазначэння асобаў паводле месца іх пражывання. А.Ф. Рогалеў мяркуе, што хвойнікі (у аўтара чамусьці ўжыты паланізм: хойнікі) – гэта «людзі, якія жывуць у пасяленні і замку, размешчаных побач з хваёвым лесам». Апошні тэзіс быў бы вельмі прывабны, каб не тое «ў пасяленні і замку», бо ім найперш і абгрунтоўваецца замена назвы ў адзіночным ліку на назву ў ліку множным.



У цэлым жа версія арыгінальная, але неадпаведная рэчаіснасці.
Ужо дваццаць гадоў вядома ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі,  што Хвойнічак абмежавальнага акта Брагінскай воласці 1512 г. з нашым горадам нічога агульнага не мае, а Хвойнікамі паселішча названа яшчэ ў 1532 г., г. зн. задоўга да пабудовы тут замка.



Лепш звярнуцца да гісторыі асваення нашай часткі Брагінскай воласці. Пэўна ж, яно ішло з поўдня, ад Брагіна, там было зручней жыць – і рака ёсць, і глебы па яе берагах больш урадлівыя ды прыдатныя для апрацоўкі. З каралеўскага ліста князю Дзмітрыю Відэніцкаму ад 1532 г., а ўскосна і з акта 1512 г., складзенага дзяржаўцам трахтамірскім і дымірскім Іванам Кліміцічам, вынікае, што ў тыя часы Хвойнікі былі самым паўночным паселішчам воласці. Бліжэйшае да іх з поўдня – сяло Лісцвін (Паселічы заснаваныя значна пазней – паміж 1532 і 1581 г.). Цікава, у аднаго сяла, відавочна, больш ранняга, назва «лісцевая», у другога – «хваёвая».



Разгадка, мусіць, у тым, што ад Брагіна да парослага тады хваёвым лесам узвышша, якое і сёння аддзяляе Паселічы і Лісцвін ад Хойнік, мясцовасць была ўжо з большага асвоеная аратымі, пастухамі, лесавікамі. А на поўнач, да самых Маканавічаў, бліжэйшага сяла ўжо Рэчыцкай воласці, паселішчаў не было. Вось гэтае вялізнае ўрочышча і магло атрымаць ад брагінцоў, лісцвінцаў ды ўсіх, хто да яго набліжаўся з поўдня, агульнае найменне – Хвойнікі**. Падобна, з-за вельмі прыкметнага кантрасту Лісцвін і названы так. Калі ж за гарою аселі аратыя, на іх сяло была перанесена даўняя назва паўночных лясных абшараў.



Чаму Хвойнікі паўсталі на ўскрайку забалочанай даліны ракі Квесі? Цяжка яшчэ назваць якое паселішча, размешчанае на гэткай няздобіцы (дзеля жарту: каб ведалі людзі, што яму наканавана стаць у будучыні мястэчкам і раённым цэнтрам, наўрад ці б пасяліліся тут). Чым гэта магло быць выклікана? Ды ўсё проста. Тым, што ў гэтым месцы не было скразнога лесу, векавой пушчы, а значыць і асесці лягчэй. Вакол жа – некранутыя хвойнікі (хвайнікі), у глыбі якіх пазней заснаванае паўночнае сяло назвалі ўвогуле Вялікім Борам…



*Аляксандр Рогалеў. Пра назву горада Хойнікі.//Хойнікшчыны спеўная душа. Народная духоўная культура Хойніцкага краю. Фальклорна-этнаграфічны зборнік. Мінск, 2010. С. 287-288.
**На пісьме; у  вуснай гаворцы нават  у тыя далёкія часы не выключана ўжыванне формы Хвайнікі.



С. БЕЛЬСКІ, настаўнік гісторыі СШ № 3.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *