Журналісцкі дэсант на Хойнікшчыне


Прэс-тур, прысвечаны 23-й гадавіне катастрофы на ЧАЭС, адбыўся ў нашым раёне 21 красавіка. Яго ўдзельнікаў – журналістаў вядучых рэспубліканскіх газет, БЕЛТА, Белтэлерадыёкампаніі і суправаджаючых асоб – супрацоўнікаў Дэпартамента па ліквідацыі вынікаў катастрофы на ЧАЭС, філіяла “Беларускае аддзяленне расійска-беларускага інфармацыйнага цэнтра па праблемах вынікаў катастрофы на ЧАЭС, РНДУП “Інстытут радыялогіі” – прымаў старшыня раённага выканаўчага камітэта А.В. Бічан. Кіраўнік раёна  адказаў на  шматлікія пытанні, якія датычылі сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна ў постчарнобыльскі перыяд.

На ПУП “Палескія сыры” і хойніцкім хлебазаводзе адбылася дэгустацыя выпускаемай прадукцыі і знаёмства з рэалізацыяй пілотных праектаў, якія ажыццяўляюцца па праграме сумеснай дзейнасці па пераадольванню вынікаў чарнобыльскай катастрофы ў рамках Саюзнай дзяржавы на 2006-2010 гады. На “Палескіх сырах” удзельнікі прэс-тура ўвачавідкі ўпэўніліся, як укараняюцца новыя тэхналагічныя працэсы выпуску малочнай прадукцыі з сыравіны гаспадарак Хойніцкага і Брагінскага раёнаў, а на хлебазаводзе – як арганізаваны выпуск хлебабулачных вырабаў з павышанай харчовай каштоўнасцю і прафілактычнай накіраванасцю для насельніцтва радыеактыўна забруджаных тэрыторый.

У Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку вялася размова аб навуковым забеспячэнні прыродаахоўных мерапрыемстваў і па рэабілітацыі забруджаных радыенуклідамі тэрыторый. У ходзе зацікаўленай размовы асвятляліся пытанні гаспадарчай дзейнасці калектыву запаведніка: пчалярства, конегадоўлі, дрэваапрацоўкі, вырошчвання саджанцаў пладовых культур.

 Журналісты наведалі музей ПДРЭЗ і прайшліся па вуліцах адселенай вёскі Бабчын, сфатаграфавалі аб’екты запаведніка і пакінутыя сядзібы.

Вялікі інтарэс гасцей выклікала наведванне Рэгіянальнага вучэбна-інфармацыйнага цэнтра па праблемах радыяцыйнай бяспекі, створанага на базе вучэбна-палявой станцыі Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага універсітэта імя А.Д. Сахарава.

Аб выхаванні радыеэкалагічнай культуры вучняў і дашкольнікаў вялася размова пры наведванні Казялужскай сярэдняй школы, куды Рэгіянальным цэнтрам пастаўлена абсталяванне для даследавання прадуктаў на ўтрыманне радыенуклідаў.




Удзельнікі прэс-тура ўпэўніліся, што жыццё ў найбольш пацярпеўшым ад чарнобыльскай катастрофы раёне працягваецца. Большасць прамысловых прадпрыемстваў захавалі і пашырылі дасягнутую раней вядомасць сваёй прадукцыі. Сельгаспрадпрыемствы, укараняючы перадавыя тэхналогіі, з году ў год дабіваюцца вытворчых поспехаў. Вялікі клопат праяўляецца аб кадрах маладых спецыялістаў і юнай змене хайнічан, за якімі будучае Хойнікшчыны.



Апошні адрас паездкі прадстаўнікоў СМІ па раёну – аграгарадок Глінішча, дзе рэалізоўваецца пілотны праект па рэабілітацыі населенага пункта па прынцыпу максімальна магчымага зніжэння ўзроўняў знешняга і ўнутранага апрамянення насельніцтва, павышэнні зацікаўленасці моладзі ў пражыванні тут і стымуляцыі яе актыўнага адпачынку.

Свой запіс удзельнікі тура пакінулі ў Кнізе водгукаў Дома-музея І.П. Мележа.

У паездцы па раёну гасцей суправаджала начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкома Ж.М. Чарняўская.


Клаўдзія БОСАК.
На здымках: на прыёме ў раённым выканаўчым камітэце; у лабараторыі ПДРЭЗ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *