Штодня па дзесятку вагонаў


Уборка цукровых буракоў па традыцыі вянчае год земляробаў. Менавіта дні на стыку кастрычніка і лістапада з’яўляюцца аптымальным тэрмінам для ўборкі гэтай каштоўнай і высокарэнтабельнай сельскагаспадарчай культуры.



Першымі ў раёне завяршылі ўборку ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Хойніцкі Аграсервіс». Ужо да мінулых выхадных тут выкапалі і накіравалі на пункт пагрузкі апошнія тоны салодкіх клубняў. Па  аператыўных даных у «Аграсервісе» атрымана самая высокая сярэдняя ўраджайнасць – 438 цэнтнераў з гектара. І агульны збор цукровых буракоў тут таксама адзін з самых высокіх – 5700 т, і паказчык цукрыстасці адзін з лепшых – 16,3 %, а на некаторых участках яна атрымана яшчэ вышэйшай – 16,8 працэнта. А гэта значыць, што пры разліках за пастаўленую сыравіну таварыства атрымае дадатковыя прэміяльныя бонусы ад Гарадзейскага цукровага камбіната. 



Поспеху ў вырошчванні цукровых буракоў сёлетняга года папярэднічала вялікая і карпатлівая работа. Асновы сённяшняга ўраджаю тут пачалі закладваць яшчэ са жніўня мінулага года, калі пад усю плошчу гэтай сельгаскультуры ўнеслі гліфасфаты, а таксама заправілі глебу фосфарам і каліем. Вясной перад сяўбой правялі перадпасяўную апрацоўку глебы, культывацыю, дадаткова ўнеслі азотныя ўгнаенні. Вызначыліся і з сартамі, выбраўшы высокапрадукцыйныя «Алдону» і «Ярысю». Таму і аддзячыла зямля нядрэнным ураджаем.



Дарэчы, убіраць яго дапамагалі механізатары адной з гаспадарак, якія ўваходзяць у структуру ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат». Уборку цукровых буракоў мінчане вялі на адным з самых сучасных уборачных агрэгатаў – нямецкім камбайне «Кляйн». Гэтая машына не толькі выкопвае клубні, але і падымае іх у бункер, дзе яны ачышчаюцца ад бацвіння і пустазелля і ў такім выглядзе выгружаюцца у кузаў аўтамабіля.



Дзвюма рукамі падтрымлівае такую тэхналогію ўборкі інжынер-аграном Гарадзейскага цукровага камбіната Вадзім Мікалаевіч Лепеціла, які кіруе разгрузачна-пагрузачнымі работамі на чыгуначнай станцыі:



– Пры ўборцы цукровых буракоў «Кляйнам» клубневая маса паступае на транспарцёрную ленту чыстай і загрузка вагона займае не больш 20-25 мінут. Калі ж буракі спачатку выкопваліся, а потым грузіліся пагрузчыкам, яны гарантавана забруджваюцца бацвіннем і пустазеллем, з-за чаго пры пагрузцы даводзіцца раз-пораз спыняць траспарцёр і чысціць яго.



Зараз за дзень на камбінат накіроўваецца па 8-10 вагонаў. Уборка цукровых буракоў у раёне ўступіла ў рашаючую фазу: па стану на 1 лістапада з 970 гектараў убрана 533 га. 



Віктар НАЗАРАНКА. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *