Кузня кадраў


Пастановай ЦВК і СНК БССР «Аб далучэнні да БССР Рэчыцкага і Гомельскага ўездаў былой Гомельскай губерніі РСФСР» ад 8 снежня 1926 г. «… усе валасныя выканаўчыя камітэты былых Гомельскага і Рэчыцкага ўездаў пераўтвараюцца ў раённыя выканаўчыя камітэты Гомельскай і Рэчыцкай акруг БССР і працягваюць працаваць на займаемых імі тэрыторыях». Згодна з гэтай пастановай на месцы Хойніцкай воласці створаны Хойніцкі раён. (Звесткі Гомельскага дзяржаўнага архіва на падставе даведніка «Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўстройства БССР», т. 1 (1917-1941 г.г) – Мн., 1985, стар. 67-68).



У 1930 годзе ў вёсцы Рудакоў адкрыла свае дзверы раённая школа па падрыхтоўцы рахункаводаў і масларобаў. У 1936 годзе школа пачала рыхтаваць механізатараў сельскай гаспадаркі. У 1948 годзе яна была ператворана ў вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі. Гэта было нефармальнае змяненне назвы. Краіна хутка аднаўляла разбураную вайной гаспадарку. Сельская гаспадарка пачала аснашчацца новай тэхнікай. Для гэтага патрэбны былі больш кваліфікаваныя механізатары.
Гэтыя кадры вучылішча пачало рыхтаваць па шырокай праграме.



Толькі за пасляваенны перыяд падрыхтавана 254 брыгадзіры трактарных брыгад, 3500  трактарыстаў, 1500 трактарыстаў-машыністаў шырокага профілю і больш за 1200 спецыялістаў меліярацыйнай тэхнікі, 1150 шафёраў.



Сотні выпускнікоў вучылішча за час яго існавання сталі перадавікамі сельскагаспадарчай вытворчасці ў кожным раёне, вобласці і ў рэспубліцы, у многіх гаспадарках Казахстана.
Знакаміты механізатар рэспублікі, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР У.П. Кот закончыў Рудакоўскае вучылішча ў 1952 годзе. Атрыманыя веды, упартая і мэтанакіраваная праца далі магчымасць стаць не толькі механізатарам шырокага профілю, але і набыць агранамічныя навыкі. У.П. Кот штогод сустракаўся з навучэнцамі вучылішча,    дзяліўся вопытам сваёй работы. Менавіта вучоба ў гэтай навучальнай установе стала для Уладзіміра Паўлавіча першай прыступкай да ўсенароднага прызнання: у 1966 годзе У.П. Кот, ураджэнец вёскі Варацец, атрымаў званне Героя Сацыялістычнай працы – першым у нашым раёне. Так высока былі ацэнены яго сумленная праца і дасягнутыя поспехі на пасадзе брыгадзіра трактарнай брыгады калгаса «Кастрычнік» за павелічэнне вытворчасці і нарыхтовак бульбы, агародніны, садавіны.



У вучылішчы выхоўваліся перадавы механізатар Калінкавіцкага раёна У.М. Караед, старшыня калгаса «Ленінскі шлях» В.М. Гапоненка, трактарысты саўгаса «Стралічава» А.А. Юдчанка і В.М. Федчанка і многія іншыя.



Для падрыхтоўкі механізатараў сельскай гаспадаркі дзяржава штогод выдзяляла вялікія сродкі. Толькі ў 1966 годзе бюджэт вучылішча складаў 425 тысяч рублёў.
У вучылішчы, акрамя вучэбных класаў, было 8 лабараторый, вялікая колькасць тэхнікі, у тым ліку трактараў і аўтамашын розных марак. Выкладчыкамі і майстрамі вытворчага навучання працавалі вопытныя спецыялісты, сярод іх заслужаны работнік прафтэхадукацыі БССР А.І. Крывашэеў, В.А. Данчанка, В.М. Нямковіч, Г.С. Хліманкоў, І.І. Бондар.
Рудакоўскае вучылішча было расфарміравана ў верасні 1986 года па прычыне катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Частка матэрыяльнай базы была перададзена хойніцкаму прафтэхвучылішчу, а таксама аналагічным установам Касцюкоўкі і Прыбара Гомельскай вобласці.


 


Падрыхтавала Клаўдзія МІКАЛАЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *