Хойнікі – у эфіры «Беларусь 4»

Культура

На мінулым тыдні ва ўсіх была магчымасць паглядзець на канале «Беларусь 4. Гомель» тэлепраграму «Добры вечар, Гомель!», прысвечаную Хойніцкаму раёну. Карэспандэнт «Хойніцкіх навін» пабывала, так бы мовіць, за кулісамі працэсу знімання перадачы.
У студзені Гомельшчына святкавала 80-годдзе з дня свайго заснавання. З гэтай нагоды журналісты абласнога тэлебачання працуюць над тэлевізійным альманахам пра ўсе раёны вобласці асобна. Дайшла чарга і да Хойнікшчыны.
Для запісу праграмы запрасілі прадстаўнікоў некалькіх галін дзейнасці, не забыліся і пра славутых землякоў. На гэтым тыдні святкавалі чарговую гадавіну з дня нараджэння знакамітага беларускага пісьменніка, ураджэнца в. Глінішча І.П. Мележа. Сямейнымі ўспамінамі пра родзіча дзялілася ўнучатая пляменніца літаратара Марына Краўчанка.
На жаль, падрабязна расказаць пра ўсе поспехі хайнічан за адпушчаны эфірам час немагчыма. Таму намеснік старшыні Хойніцкага райвыканкама Ж.М. Чарняўская сканцэнтравала ўвагу на самых значных момантах. Пра рознае гаварылі з тэлевядучай Наталляй Валынец: закранулі гісторыю нашага раёна, дзейнасць краязнаўчага музея па зберажэнню старажытных артэфактаў і набыткаў сучаснасці, сённяшнія поспехі і перспектывы. А на эфір Жанна Мікалаеўна прыйшла з падарункам – вышытым рушніком, па старой мясцовай традыцыі. Да слова, у раённым краязнаўчым музеі сабралі больш за сотню саматканых рушнікоў, якія калісьці вырабілі жыхаркі нашага раёна.
Нямала ўвагі надалі і ўнікальнаму ў нашай краіне і ва ўсім свеце радыяцыйна-экалагічнаму запаведніку, створанаму па слядах сумных падзей – выніках аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Таму сёлета актыўна развіваецца ў нас так званы навуковы турызм, каб даследчыкі, зацікаўленыя тэмай экалогіі і радыяцыйнай бяспекі, маглі без перашкоды вывучаць біясферу тэрыторыі адчужэння. Пра сваю работу цікава расказаў загадчык аддзела экалогіі раслінных комплексаў запаведніка М.У. Кудзін.
Не засталіся без увагі візітныя карткі Хойнікшчыны – вырабы з саломкі фабрыкі мастацкіх вырабаў, якой сёлета споўніцца 80 гадоў. Яе кіраўнік В.У. Мігай закрануў у бяседзе з вядучай важныя гістарычныя вехі фабрыкі, не забыў пра самых вопытных работніц і акцэнтаваў увагу на новых вырабах.

Напрыклад, зараз увайшлі ў моду дэкаратыўныя дэталі аксэсуараў з элементамі пафарбаванай саломкі. Нашы майстрыхі хутка зарыентаваліся, і сёння ў асартыменце з’явіліся менавіта такія вырабы. Дарэчы, хайнічане пацвердзілі, што мы – гасцінныя і шчодрыя людзі, у падарунак музею тэлепраграмы «Добры вечар, Гомель!» пакінулі некалькі саламяных упрыгожванняў.
Тут жа, у студыі, за імправізаваным рабочым месцам працавала майстрыха Вольга Данілаўна Шляхценка. Яна прывезла ў Гомель свае работы з саломкі і паказала некалькі спосабаў іх вырабу. Літаральна за некалькі хвілін рукадзельніца з Хойніцкага раённага Дома рамёстваў спляла з мокрай саломкі хатнія абярэгі – званочкі і венічак.
Землякі нашы не забыліся і пра пачастункі. Прыгожыя і, самае галоўнае, духмяныя і апетытныя хлебабулачныя вырабы нашага хлебазавода прэзентавала яго кіраўнік В.Ц. Раманенка. Валянціна Ціханаўна зацікавіла гісторыяй самай папулярнай хойніцкай салодкасці – нашых любімых грыбкоў, падзялілася сакрэтам іх прыгатавання. Не абыйшла бокам і іншыя заслугоўваючыя ўвагі і дэгустацыі хлебабулачныя прысмакі – маковікі, сухарыкі… Непаўторны водар выпечкі разносіўся па студыі.
Ці то на жарт, ці то на праўду вядучая Наталля Валынец зрабіла вывад, што на такіх прысмаках і выхоўваюцца хойніцкія таленавітыя спартсмены. Яны таксама былі запрошаны ў студыю. Аб поспехах юных, перспектыўных дзюдаістаў, самбістаў і цяжкаатлетаў расказаў дырэктар Хойніцкай СДЮШАР У.М. Бордак. Побач з Уладзімірам Мікалаевічам быў трэнер Алег Маратавіч Лук’яненка са сваімі выхаванцамі – Васіліем Сенгаевым і Ксеніяй Будзько.
Адкрывалі і завяршалі перадачу музыканты народнага ансамбля народнай песні «Крыніца» дзіцячай школы мастацтваў. Пра яго станаўленнне расказалі цяперашні кіраўнік А.М. Бордак і заснавальнік ансамбля У.І. Мінін.

Калі вы, паважаныя чытачы, не паспелі паглядзець эфір перадачы па тэлебачанні, не бяда. У запісе праграму можна перагледзець на старонках «Хойніцкіх навін» у сацыяльных сетках «Вконтакте» і «Одноклассники».

Алеся ЯЧЫЧЭНКА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *