Памяць і боль Леаніда Краўчанкі


Поўным ходам ішло будаўніцтва 5 і 6 энергаблокаў  трэцяй чаргі Чарнобыльскай атамнай станцыі. Леанід Краўчанка ганарыўся тым, што часцінка і яго працы ўліваецца ў стварэнне энергетычнага гіганта. Быў уражаны, калі ў першы раз убачыў наліўную сажалку-ахаладжальнік плошчаю 22 квадратныя кіламетры – крыніцу тэхнічнага водазабеспячэння першых чатырох энергаблокаў.


У агульных рысах ведаў, што ў чэраве рэактара асколкі атамных ядраў, разлятаючыся з вялікай скорасцю, узаемадзейнічаюць з другімі ядрамі і тармозяцца ў сваім руху. Пры страце кінетычнай энергіі асколкаў адбываецца выдзяленне цяпла, якое награвае да пары ваду і тая круціць турбіну генератара. Ужо на 1 студзеня фатальнага 1986 года магутнасць чатырох блокаў ЧАЭС складала 4 мільёны кВТ (4000 МВт). Аднак 25-гадоваму хлопцу, які штодня садзіўся за рычагі бульдозера, было не да ядзернай фізікі, не было часу ўдавацца дасканала ў працэс работы РБМК-1000.

Ад Чарнобыля да Даўлядоў, што ў Нараўлянскім раёне, рукой падаць. Кожную раніцу ў вёску прыязджаў аўтобус, каб забраць рабочых. На будоўлі Леанід Краўчанка звычна  расчышчаў шчабёнку, выконваў іншыя работы.

І на той раз, як звычайна, у канцы рабочага тыдня паехаў да бацькоў у вёску, у панядзелак пайшоў да прыпынку. Але дарэмна чакалі рабочыя аўтобуса. Не было яго і ў наступныя дні. Па радыё даведаўся, што на станцыі адбылася аварыя і вядуцца работы па ліквідацыі яе вынікаў.

Толькі 4 мая выклікалі Леаніда Васільевіча на працу. Не далей як у кіламетры ад разбуранага чацвёртага энергаблока пачалася пракладка водаканала, які прызначаўся для таго, каб не даць магчымасці радыеактыўнай вадзе пранікнуць у Прыпяць. Больш за месяц Краўчанка быў заняты на гэтых работах.  А па заканчэнню, з-за таго, што Даўляды адсяляліся, пераехала сям’я ў Хойнікі, дзе ў той час ужо жыла сястра.

Уладкаваўся Леанід Васільевіч на працу ў райспажыўтаварыства. Потым, з арганізацыяй Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, перайшоў туды. Быў патрэбен, пакуль быў здаровы. А калі цяжка захварэў і ўрачы прыпісалі лёгкую працу, стаў непатрэбным. І нічога лепшага не дадумаліся ў тагачасным кіраўніцтве запаведніка, як скараціць тую “лёгкую” пасаду.

Ужо была сям’я, падрасталі дзеці. Як ні цяжка было, выстаялі Краўчанкі, і хвароба пасля лячэння адступіла.
Вясёлы па характару, неяк не ўмее, саромеецца Леанід Васільевіч прасіць за сябе, дабівацца нават таго, што  яму належыць. І пасведчанне ліквідатара вынікаў аварыі на Чарнобыльскай атамнай выдалі яму, прыраўняўшы да тых, хто быццам бы ліквідоўваў нікому не патрэбныя буракі на забруджаных радыенуклідамі палетках. І, мусіць, крыўдна сапраўднаму ліквідатару, які  больш за месяц з дня ў дзень бачыў, як пачыналася ўзвядзенне саркафага, такая ўраўнілаўка. Таму і не любіць расказваць аб тых днях.

– Жыццё працягваецца. Забываць нельга, але і лішніх слоў, асабліва тым, хто ўцякаў ад бяды, гаварыць не патрэбна. А сапраўдныя ліквідатары – гэта ў першую чаргу  пажарныя, якія жыццём заплацілі, каб пачварная стыхія не закранула іншыя блокі. Верталётчыкі, дазіметрысты, медыкі, ваенныя, супрацоўнікі міліцыі… А не тыя, хто 2-3 гадзіны пабыў у 30-кіламетровай зоне, – гаворыць Леанід Васільевіч. 

 …Усё зараз добра ў сям’і Краўчанкаў. Працуе ён у філіяле КУП “Гомельаблпаліва”, жонка – на конегадоўчай ферме ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным запаведніку. Старэйшы сын  Васілій служыць ва Уруччы, піша, што да “дэмбеля” ўжо менш чым 100 дзён засталося, а малодшы Юра вучыцца ў ДПТВ-183. Многія жыхары пяціпавярхоўкі, што на вуліцы Першамайскай, асабліва суседзі па пад’езду, паважаюць гэтую спакойную сям’ю і па-добраму зайздросцяць міру і згодзе, якія пануюць у ёй.


Уладзімір СЯМЕНАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *