Цьмянае ўчора, светлае сёння


Вядома, што ад п’янства адбываюцца ўсе беды: разбураюцца шлюбы, якія дагэтуль лічыліся шчаслівымі, пры жывых маці і бацьку дзеці становяцца сіротамі, прычым такая з’ява, як сацыяльнае сіроцтва, набыло сапраўды велізарныя маштабы. Непаўналетнія, якія выхоўваюцца ў сацыяльна небяспечных сем’ях, па сутнасці з’яўляюцца заложнікамі  бацькоў, што не могуць вырвацца з п’янага палону. Але, на шчасце, у нашым раёне маюцца прыклады, калі людзі знаходзяць сілы развітацца са згубнай звычкай, і забраныя  на дзяржаўнае выхаванне дзеці  вяртаюцца ў сям’ю, а іх бацькі аднаўляюцца ў пазбаўленых судом бацькоўскіх  правах.


 


Напэўна, назаўсёды для жыхара Малішава А.М. Катка адмецінай на сэрцы стануць два моманты: калі непаўналетнюю дачку Багдану забралі ў Барысаўшчанскі прытулак і калі прывёз яе  дамоў з  Гомельскага дзіцячага дома. 


 


– Прычынай таго, што ўсё гэта адбылося, – заўважае Андрэй Міхайлавіч, – поўнасцю паслужылі мае паводзіны. Не цураўся сам чаркі на першым часе сямейнага жыцця, да спіртнога прывучыў і сваю жонку, Людмілу Юльеўну. Не да дзяцей нам было, свае б адносіны высветліць. На глебе ўжывання п’янства ўсякае здаралася, урэшце-рэшт развяліся. У адзін з момантаў прасвятлення задумаўся: што ж я раблю? Знайшоў сілы, каб вырвацца з п’янага павуціння, якое і так ужо добра-такі зацягнула.


 


Пасля таго, як забраў дачку з дзіцячага дома, некаторы час выхоўваў яе Андрэй Міхайлавіч з дапамогай сваёй маці Ганны Аляксандраўны. Але ўсё ж спадзяваўся, што і каханая жонка вернецца да цвярозасці.


І зараз у гэтай сям’і ўсё так, як мае быць. Бацькі  сямікласніцы Багданы маюць пастаяннае месца працы. Андрэй Міхайлавіч з’яўляецца дахаўшчыком у ТДА «Мільфей», Людміла Юльеўна – будаўніком у КЖУП «Хойніцкі камунальнік», абодва ў кіраўніцтва арганізацый на добрым рахунку, маюць трывалыя сяброўскія адносіны з калегамі па рабоце. Радуюцца яны і сваім тром унукам, іх падарыла старэйшая дачка Таццяна, што жыве сваёй сям’ёй у райцэнтры.


 


Дом сям’і Каток цяпер – поўная чаша. Руплівыя гаспадары самі працуюць на яе дабрабыт: апрацоўваюць вялікі прысядзібны ўчастак, трымаюць дамашнюю жыўнасць. А самае галоўнае – тут пануюць лад і згода. Аб чорнай паласе ў сваім жыцці стараюцца не ўспамінаць, бо з памяці вельмі складана выкрасліць негатыўныя моманты. Ды тое, што гэтая сям’я змагла іх пераадолець, заслугоўвае вялікай пашаны.


 


 


Клаўдзія Босак.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *