Парушальнікаў – на жорсткі кантроль


Рабочая мабільная група райвыканкама згодна з распрацаваным планам пастаянна ажыццяўляе праверкі працоўных калектываў на прадмет выканання патрабаванняў Дырэктывы № 1 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па ўмацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны».



Выязджае мабільная група таксама па гарачых слядах на прадпрыемствы і ў арганізацыі раёна пасля атрымання сігналаў супрацоўнікаў РАУС аб знаходжанні на працы работнікаў у нецвярозым стане. Так, на мінулым тыдні рабочая група ў складзе начальніка аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама В.М. Савельевай, старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК В.В. Харошка, супрацоўніка РАУС С.А. Гардзейчыка пабывала на малочнатаварнай ферме «Малішаў» агракамбіната «Віць», размеркавальных складах райпо, у КСУП «Велікаборскі», хімбазе ААТ «Хойніцкі Аграсервіс».



На Малішаўскай ферме праведзена пасяджэнне камісіі па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам. Вінаваты даяр М.В. Ефіменка і ўсе работнікі фермы прайшлі праверку «Алкатэстам» на наяўнасць алкаголю ў арганізме. І калі тут былі ўсе цвярозыя, то на хімбазе ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» ўсё наадварот.



Грузчык М.І. Гуз на рабочым месцы зноў быў п’яны. Складзены пратакол, работніку аб’яўлена вымова. Дарэчы, М.І. Гуз з’яўляецца абавязанай асобай па пакрыццю расходаў на ўтрыманне дзяржавай непаўналетняга дзіцяці. У яго часта здараюцца запоі, тады на ўшчуванні, прафілактычныя гутаркі,  дысцыплінарныя пака-ранні ён ніяк не рэагуе. Па прапанове супрацоўніка РАУС будуць падрыхтаваны дакументы на прымусовае лячэнне яго ад алкагольнай залежнасці. Тое ж будзе зроблена і ў адносінах палявода КСУП «Велікаборскі» Т.В. Пелагеінай, таксама абавязанай асобы, неаднаразова затрыманай на рабочым месцы пад шафэ.



Тое, што ў «Хойніцкім Аграсервісе» не працуе на справе камісія па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам, пацвердзіў факт наяўнасці ў бытавых памяшканнях бутэлек з-пад спіртных напіткаў. Тут трэба правесці санітарную ўборку, а таксама забараніць курэнне ў пакоі для адпачынку.    



Далёка да парадку і ў пакоі жывёлавода, дзе не абноўлена інфармацыя на стэндах, патрабуецца касметычны рамонт і ў падсобных памяшканнях на МТФ «Малішаў» агракамбіната «Віць».



На размеркавальных складах райпо ў час наведвання мабільнай групай п’яных не выяўлена. Грузчык М.М. Судзенка да гэтага быў звольнены з работы. З калектывам пры ўдзеле старшыні праўлення райпо Н.У. Тараевай і яе намесніка па ідэалагічнай рабоце Г.В. Чэкан праведзена прафілактычная гутарка.
Нельга мірыцца з нізкай працоўнай і выканаўчай дысцыплінай, бо гэта – важнейшыя складаемыя захавання грамадскай бяспекі, паспяховага сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і паляпшэння жыцця яго жыхароў.


 


Ірына ВАСІЛЬЕВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *