Абы з рук не прымаецца


Адкрываючы нараду ў мінулы аўторак, старшыня райвыканкама А.І. Ціток яшчэ раз спыніўся на тэме санітарнага парадку на зямлі ў рамках аб’яўленага ў лістападзе месячніка па добраўпарадкаванню тэрыторый. Аналізуючы зробленае, Аляксандр Іванавіч падкрэсліў, што не прымаецца работа, якая не накіравана на канчатковы станоўчы вынік і робіцца абы з рук, аб чым сведчыла пакінутая ў межах горада пасля зграбання лістота, якая не доўга, пэўна, на адным месцы ляжала. Восеньскае ўбранне дрэў з куч хутка разляцелася паўсюдна, быццам насміхаючыся над тымі, хто яго своечасова не вывез на смеццязвалкі.  


НАДЗВЫЧАЙНЫЯ СІТУАЦЫІ    На мінулым тыдні супрацоўнікі РАНС ажыццявілі 4 выезды. З іх 1 – па выбуху тэлевізара ў домаўладанні г. Хойнікі, 1 – на тушэнне цвёрдых бытавых адходаў, 2 – па спрацаваўшай сігналізацыі. Па словах начальніка РАНС В.В. Сацуры, аддзел працуе ў штатным рэжыме, пры гэтым акцэнтуецца ўвага на правядзенні прафілактычных мерапрыемстваў па недапушчэнню курэння ў пасцелі ў межах акцыі «Не прожигай свою жизнь», якая праходзіць да канца сёлетняга года. Каб не было пажараў, не меншую ўвагу кіраўнік раёна А.І. Ціток запатрабаваў удзяліць стану печаў у прыватных домаўладаннях, дзеля чаго неабходна поўнасцю валодаць сітуацыяй па іх спраўнасці.



Акрамя таго, заходзячы ў дамы ў складзе агляднай камісіі, супрацоўнікі РАНС павінны не толькі звяртаць увагу на тое, што робіцца ўнутры, не меншы інтарэс у мэтах супрацьпажарнай бяспекі праяўляць і да таго, што ў двары. Браць на кантроль уборку смецця, старых дрэў, кустоўя, якія ў крытычнай сітуацыі толькі будуць садзейнічаць распаўсюджванню полымя.



ПРАВАПАРАДАК     З 31 кастрычніка па 6 лістапада ў раёне здзейснена 7 крымінальна пакаральных дзеянняў, з якіх 6 – крадзяжы. Усе раскрыты супрацоўнікамі РАУС, за выключэннем аднаго – крадзяжу з тэрыторыі будуемага жывёлагадоўчага комплексу ў в. Храпкаў 5 жалезабетонных вугалкоў, кожны з якіх па 6 метраў даўжынёй. Прычыны здзяйснення – адсутнасць вартаўніка на рабочым месцы, і заява ў міліцыю ад Хойніцкай ПМК аж праз трое сутак пасля знікнення будматэрыялаў.
Па гарачых слядах устаноўлены вінаватыя ў крадзяжы дамашняй птушкі ў в. Стралічава, запчастак з матацыклаў па вул. Настольскай г. Хойнікі і вул. Заслонава ў в. Дворышча, магнітафона з пакоя інтэрната ДПТВ-183, мяса свініны з вул. Заводскай г. Хойнікі, амаль паўтоны бульбы з поля КСУП «Аравічы».



Акрамя таго, як сведчаць лічбы з даклада начальніка РАУС С.А. Барысенкі, за мінулы тыдзень складзена 29 адміністрацыйных пратаколаў, у тым ліку 1 – за дробны крадзёж, 13 – за дробнае хуліганства, 9 – за распіццё спіртных напіткаў у грамадскіх месцах. 5 чалавек выяўлены на працоўных месцах у стане алкагольнага ап’янення, прычым грашаць апошнім работнікі сельгасарганізацый.
«Па ўсіх галінах, больш масіравана трэба наступаць на алкагольным фронце на тых, хто дазваляе сабе затуманіць свядомасць і адбываць час на працы», – адзначыў старшыня райвыканкама А.І. Ціток. –  Непрымірыма трэба ставіцца да іх у калектыве, выкарыстаць усе рэзервы ў справе барацьбы з зялёным зміем, акрамя мабільнай групы райвыканкама задзейнічаць грамадскасць, дэпутацкі корпус.    



Па словах А.І. Цітка, садзейнічаюць распаўсюджванню п’янства «начнікі» – кругласутачныя магазіны. Хлеба, малочнай прадукцыі там нельга купіць у начны час, затое ў асартыменце прадстаўлены чыпсы, семачкі, марожанае і таннае спіртное. Вось моладзь і карыстаецца гэтымі паслугамі.  Калі спіртное і прадаваць, то трэба на паліцы ставіць дарагое, каб зрэдку і ў абмежаванай колькасці чалавек мог сабе дазволіць выпіць, такое за магазінам на хуткую руку піць ніхто не будзе. А значыць і хуліганстваў, супрацьпраўных дзеянняў пад шафэ будзе менш у раёне здзяйсняцца.
Па лініі ДАІ выяўлена 131 парушэнне правіл дарожнага руху, у тым ліку пешаходамі, веласіпедыстамі – 29, перавышэнняў скорасных рэжымаў – 20, затрымана вадзіцеляў без права кіравання транспартнымі сродкамі – 3, п’яных за рулём – 3. Здзейснена адно дарожна-транспартнае здарэнне. Так, 6 лістапада на 6-м кіламетры аўтадарогі Глінішча-Алексічы-Маклішча, не справіўшыся з кіраваннем уласнага аўтамабіля, на вялікай скорасці з’ехаў у кювет жыхар Гомеля, аўтамабіль перавярнуўся. Пасажыр-жанчына дастаўлена ў бальніцу.



САЦЫЯЛЬНАЕ АБСЛУГОЎВАННЕ     Работа праводзіцца з усімі катэгорыямі грамадзян, якіх курыруюць работнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва. Але яе недастаткова. На гэта ўказаў кіраўнік раёна і прывёў лічбы. 30% з усіх недахопаў, выяўленых у ходзе работы аглядных камісій у раёне, датычаць сацыяльнай службы. Не выканана 81 мерапрыемства. Гэта і ёсць вынік работы.  І пакуль ён адмоўны.
 А.І. Ціток даручыў начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Н.А. Слесарэнка зрабіць дакладны аналіз, што не атрымліваецца ў дадзеным напрамку і чаму. 



АДМІНІСТРАЦЫЙНАЯ ПРАКТЫКА    У ходзе маніторынгу добраўпарадкавання тэрыторый работнікамі райЦГЭ, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, КЖУП «Хойніцкі камунальнік», РАУС, землеўпарадкавальнай службы, сельвыканкамаў складзена 17 пратаколаў і выдадзена 419 прадпісанняў, што больш у параўнанні з папярэднім перыядам на 88% і 139% адпаведна. Найбольшую колькасць прадпісанняў па навядзенню парадку выдалі ў Алексіцкім сельвыканкаме (109). Згодна з заканадаўствам па 14 пратаколах панесена адміністрацыйная адказнасць, з 419 прадпісанняў па стану на 8.11.2011 г. выкананы 154, 265 – на кантролі.



РАБОТА СА ЗВАРОТАМІ ГРАМАДЗЯН    За 10 месяцаў сёлета ў райвыканкам паступіла 193 пісьмовых і вусных зваротаў грамадзян, што на 26,1% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Як адзначыла ў выступленні начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян, прававому забеспячэнню і справаводству райвыканкама А.М. Каток, з 55 зваротаў, паступіўшых у вышэйстаячыя дзяржаўныя органы, 29 былі накіраваны жыхарамі раёна напрамую, мінуючы раённую вертыкаль. Каменціруючы, Алена Мікалаеўна адзначыла, што не трэба думаць, што нашы праблемы за нас саміх «на версе» абавязкова нехта вырашыць. Спачатку трэба на месцы разбірацца ў складаных сітуацыях, шукаць выйсце, прымаць меры.



Па факту павелічэння колькасці зваротаў грамадзян наконт дрэннай якасці будаўніцтва жылля, у прыватнасці ЖБПК-2, кіраўнік раёна А.І. Ціток запатрабаваў выкараніць фармалізм пры вырашэнні справядлівых просьб людзей. Адпіскі з упраўлення капітальнага будаўніцтва сведчаць аб неналежных адносінах да сваіх абавязкаў яго работнікаў.
Акрамя таго, на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама 8 лістапада абмяркоўваліся пытанні адсутнасці ў гандлёвай сетцы раёна дастатковага асартыменту цэльнамалочнай прадукцыі, хлеба мясцовай вытворчасці, а таксама зносу старых і непрыгодных для жылля дамоў, асвятлення горада ў начны і ранішні час, перабояў у падачы і адключэнняў электраэнергіі.



Ірына ВАСІЛЬЕВА.   


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *