Так б’ецца сэрца ад слова «Афган»


15 лютага ў нашай краіне адзначаўся Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. З дня вываду савецкіх войскаў з Афганістана ў гэты дзень споўнілася 29 гадоў.

Шэраг пачэсных мерапрыемстваў пачаўся з урока мужнасці ў трэцяй гарадской школе, дзе размешчаны музей, прысвечаны баявым дзеянням у Афганістане. Яго кіраўнік, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане У.М. Бордак правёў для васьмікласнікаў экскурсію і адказаў на пытанні рабят. З нагоды памятнай даты старшыня раённай арганізацыі «Белая Русь» Л.Ф. Кулакоўская, якая прысутнічала на ўроку, уручыла Уладзіміру Мікалаевічу сувенір на памяць.
Па традыцыі ў гэты памятны дзень хайнічане збіраюцца каля помніка воінам-інтэрнацыяналістам на мітынг, успамінаючы тых, хто прайшоў афганскую вайну. На мерапрыемства прыйшлі ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі Афганістана, члены раённай ветэранскай арганізацыі, прадстаўнікі грамадскасці, школьнікі горада, навучэнцы прафесійнага ліцэя.

Да сабраўшыхся звярнуліся з прамовай старшыня райсавета дэпутатаў Г.В. Бондар і воін-інтэрнацыяналіст А.Л. Гардзейчык. Затым усе ўдзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання. Да падножжа помніка, каля якога быў выстаўлены ганаровы піянерскі каравул, былі ўскладзены вянок ад райсавета дэпутатаў і райвыканкама і жывыя кветкі ад усіх прысутных.

Наступным акордам Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў стаў літаратурна-музычны канцэрт у Цэнтры культуры г. Хойнікі.
Па даўняй традыцыі воіны-афганцы ўсклалі кветкі каля мемарыяльнага камня, што на тэрыторыі ваенкамата, а затым паехалі праведаць магілы тых, хто не вярнуўся жывым з той вайны, у населеныя пункты раёна, а таксама наведалі матуль нашых загінуўшых землякоў.
Дарэчы, напярэдадні гадавіны з дня вываду савецкіх войск з Афганістана ўраджэнец Хойнікшчыны, былы дэсантнік і проста нераўнадушны чалавек М.П. Катляроў пры садзейнічанні калектыву ваеннага камісарыяту Хойніцкага і Брагінскага раёнаў вырашыў аднавіць на Веляцінскіх могілках агароджу каля магілы загінуўшага на чужыне воіна-інтэрнацыяналіста Ф.А. Найдзенкі, чыё імя занесена на адпаведны помнік у Хойніках. Летась металічная агароджа была сур’ёзна пашкоджана ўпаўшым дрэвам, таму маці Галіна Іванаўна Найдзенка звярнулася ў ваенкамат з просьбай дапамагчы ў рамонце. Ваенны камісар Д.У. Жданаў абмеркаваў пытанне з Мікалаем Пятровічам, якога падрымалі такія ж чулыя хайнічане А.М. Багушэвіч і Л.М. Сівак. На мінулым тыдні ўсе работы былі выкананы, людзі на ўласныя сродкі набылі неабходныя матэрыялы і сканструявалі новую агароджу, аздобіўшы канструкцыю яркімі чырвонымі зоркамі.
Але на гэтым былы дэсантнік спыняцца не плануе. Сваім прыкладам хайнічанін імкнецца паказаць, як важна ствараць дабро, і падтрымлівае дывіз дэсантнікаў «Ніхто, акрамя нас» карыснымі справамі, а не дэманстрацыйнымі гуляннямі і купаннем у фантанах, якімі ў вялікіх гарадах злоўжываюць не самыя сумленныя «блакітныя бярэты».

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *