Крытыкі больш, чым пахвалы


Па пятніцах з самага ранку  ў райвыканкаме пад старшынствам старшыні раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар праводзіцца пасяджэнне каардынацыйнага раённага савета па выкананню мерапрыемстваў па добраўпарадкаванню і навядзенню парадку на зямельных участках і замацаваных тэрыторыях. Што зроблена, а што не – на жорсткім кантролі. І, як вынікае з пасяджэння ў мінулую пятніцу, крытыкі ў адрас выканаўцаў гучыць больш, чым пахвалы.



Пры аналізе неналежнага выканання даведзенага аб’ёму работ па санітарнай ачыстцы тэрыторый раёна ўказана на несвоечасовасць вывазкі і ўтылізацыі сезоннага смецця, не вытрымліванне схемы вывазкі смецця КЖУП «Хойніцкі камунальнік». Гэта пацвярджае дваровая тэрыторыя па вул. К. Маркса г. Хойнікі. І нельга пры растлумачэнні прычын спісваць усё на тое, што вядзецца распрацоўка новай формы дагавораў з жыхарамі г. Хойнікі на вываз цвёрдых бытавых адходаў, з уключэннем у іх вывазу сезоннага смецця і буйнагабарытных адходаў.



Нездавальняючай прызнана работа камунальнікаў з насельніцтвам пры складанні пратаколаў і прадпісанняў па навядзенню парадку на прыдамавых тэрыторыях. На беспарадак ніякіх мер рэагавання яны амаль не прымаюць. Не арганізавалі і работу па добраўпарадкаванню састаячых на балансе калодзежаў у межах горада. Дарэчы, піламатэрыялы выдзелены бясплатна і ёсць каму дапамагчы давесці да ладу гэту справу.



Прагучала крытыка і ў адрас работнікаў аховы здароўя, якія не ўтрымліваюць тэрыторыі фельчарска-акушэрскіх пунктаў на вёсцы ва ўзорным парадку. І па якасці ўстаноўкі агародж вакол іх ёсць пытанні, і па стварэнню малых архітэктурных форм. Пастарацца трэба і работнікам аддзела культуры на сваіх тэрыторыях у акультурванні сквераў, помнікаў воінам-вызваліцелям.



Паралельна разглядалася пытанне падрыхтоўкі да правядзення Дня Судкоўскага сельскага Савета. Не ўключылася яшчэ належным чынам у гэтую работу КСУП «Судкова».   
Знята з кантролю пытанне ўборкі ў вёсках грамадскіх могілак, замацаваных за прадпрыемствамі і арганізацыямі. Праходы ачышчаны ад драўнінна-кустарнікавай расліннасці, а ўборку кожнай магілы павінны ажыццявіць самі жыхары населеных пунктаў, дагледзець і месцы апошняга знаходжання сваіх родных, і пахаваных побач, калі гэту работу няма каму выканаць.



Прадэманстраваны фотавынікі праведзенага на мінулым тыдні маніторынгу добраўпарадкавання тэрыторый у рамках аб’яўленага ў лістападзе месячніка па навядзенню парадку на зямлі. Нараканняў заслужылі прыватныя асобы, пражываючыя па вул. Будзённага, Гагарына, Катоўскага, Чырвонаніўскай г. Хойнікі, в. Казялужжа, Клівы, а таксама юрыдычныя асобы. Так, у апошняй, у КСУП «Велікаборскі», захоўванне мінеральных угнаенняў адбываецца амаль пад адкрытым небам.


 


Ірына ВАСІЛЬЕВА.       



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *