Учора – рабяты, заўтра – салдаты

Рэха падзеі

 Цяжка падабраць словы, каб перадаць пачуцці, якія ўладарылі ў душах сабраўшыхся ў мінулую пятніцу ў актавай зале ДПТВ-183 на ўрачыстым мерапрыемстве – Дні прызыўніка.


Гонар за статных юнакоў, сум і боль расставання – усё выдавалі эмоцыі: шчаслівыя ўсмешкі чаргаваліся з нястрымліваючыміся слязьмі на вачах бацькоў, родных, сяброў, якіх сабралася поўная зала. Прадстаўнікі раённай улады, ветэраны, работнікі райваенкамата, райкама БРСМ, аддзелаў культуры і па справах моладзі райвыканкама стварылі надзвычай святочную атмасферу, каб уручэнне павестак у армію цяперашнім прызыўнікам Хойнікшчыны запомнілася надоўга. Павіншаваць хлопцаў, якія хутка апрануць ваенную форму, зменяць бацькоўскі дом на казарму, са знакавай падзеяй было многа жадаючых. Пранікнёныя словы шчырых пажаданняў, важныя наказы гучалі на працягу ўсяго мерапрыемства. Разбаўлялі іх іскрыстыя нумары маладых артыстаў раёна, якія суправаджаліся гучнымі апладысментамі.



Самым хвалюючым момантам стала, безумоўна, уручэнне павестак будучым абаронцам Айчыны. Адзін за другім юнакі падымаліся на сцэну, каб атрымаць білет у школу жыцця і мужнасці з рук раённага ваеннага камісара І.Д. Ніслоўскага. Сшыткі для напісання пісьмаў дамоў – тую прыстань, дзе іх заўсёды будуць чакаць, прызыўнікам уручыла начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама І.С. Панчанка.



Дырэктар ДПТВ-183  В.М. Аніскавец ад імя ўсяго калектыву ўручыў падарункі майстрам вытворчага навучання вучылішча А.М. Кронда і А.А. Стрынгель, якія таксама папоўнілі рады навабранцаў.



У гэтым прызыве служыць у розныя вайсковыя часці Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь з нашага раёна пойдуць 45 чалавек. Няма сумнення, што яны будуць сапраўднымі абаронцамі нашай Радзімы і вернуцца дадому сталымі і мужнымі. 


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *