Працуюць дастойна


Вы глядзелі калі-небудзь у вочы цяляці? Калі так, то заўважалі, колькі ў іх суму, роспачы, нават чалавечага жалю. Здаецца, усё гэта жывёла разумее, але сказаць нічога не можа. І калі гаспадар у яе добры, кемлівы, то цялятка будзе жыць у належных умовах, як гэта ні парадаксальна гучыць. А калі ў гаспадара 700 галоў? Ці магчыма трымаць такую вялікую колькасць жывёлы ў больш-менш спрыяльных умовах? Канешне, магчыма, толькі трэба сумленна адносіцца да сваёй справы. Як гэта робяць на жывёлагадоўчым комплексе КСУП «Велікаборскі» даглядчыкі па адкорму буйной рагатай жывёлы Генадзій Эдуардавіч Архіповіч і Алена Дзмітрыеўна Іванюценка.



Напэўна, калі б у школьныя гады нехта сказаў ім, што большая частка працоўнага жыцця пройдзе на ферме, дзе будуць даглядаць цялят, то не паверылі б. Усе мы ў маладосці стараемся вырвацца ў горад, каб замацавацца і пусціць там карані. Хочацца ў шырокі свет, а мясціны, дзе вырас, здаюцца такімі простымі, звычайнымі, што ніякай цікавасці не ўяўляюць. Вось і Генадзій Эдуардавіч, ураджэнец вёскі Партызанская, атрымаўшы спецыяльнасць слесара, падаўся ў Бабруйск, дзе працаваў на заводзе, затым вярнуўся дамоў і ўладкаваўся на былы завод «Салют». Але кватэру на прадпрыемстве не атрымаў, жыллё прадаставіў саўгас «Велікаборскі». Вось і напісаў заяву на працу на комплекс. Думаў, што работа будзе часовай, але расцягнулася яна на цэлых 22 гады.



Алена Дзмітрыеўна вывучылася ў Палескім саўгасе-тэхнікуме ў Калінкавічах  на агранома, некаторы час працавала ў гэтым раёне, але вярнулася дамоў, у Вялікі Бор, і працуе на жывёлагадоўчым комплексе з 1991 года.



Клопатаў у членаў працоўнага тандэма хапае, рабочы дзень пачынаецца ў палове дзевятай гадзіны раніцы. Раздаюць даглядчыкі кармы – сена, сілас, канцэнтраты, жмых рапсавы – цялятам трох узроставых груп уручную. Вечарам – толькі сянаж. Аднаго толькі кукурузнага сіласу трэба даць адной жывёліне 15 кг. А калі памножыць на 700 галоў, якіх даглядчыкі ўдвух кормяць? 



«Не месца ўпрыгожвае чалавек, а чалавек – месца» – гэтая народная мудрасць яшчэ раз знаходзіць сваё пацвярджэнне менавіта на прыкладзе даглядчыкаў буйной рагатай жывёлы Г.Э. Архіповіча і А.Д. Іванюценкі. Сваю цяперашнюю працу яны не выбіралі, так ужо распарадзіўся лёс. Але калі чалавек працуе сумленна, не з-пад палкі, абы адбыць дзень, калі адчувае адказнасць за тую справу, што яму даручылі, то можна беспамылкова сказаць, што поспехі абавязкова будуць.
Вось і сёлета Генадзій Эдуардавіч і Алена Дзмітрыеўна дабіліся адных з самых высокіх паказчыкаў у раёне – сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе іх гадаванцаў склалі 650 грамаў.



Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *