Не капай яму іншаму

Законнасць і парадак

Каханне – пачуццё не толькі ўзвышанае, але і неўтаймаванае: нездарма ж кажуць, што закаханы чалавек горы можа звярнуць для таго, каб дабіцца ўзаемнасці ад сваёй сімпатыі.
На жаль, гісторыя ведае і нямала выпадкаў іншых праяўленняў гэтай закаханай неўтаймаванасці, асабліва калі ўзнікае фактар саперніцтва. У такой сітуацыі барацьба паміж прэтэндэнтамі або прэтэндэнткамі на адно сэрца вядзецца не на жыццё, а на смерць, і ў ход ідуць усе сродкі –  інтрыгі, паклёпы, чорная магія і нават фізічнае знішчэнне саперніка або саперніцы.



У пачатку гэтага лета нешта падобнае адбылося і ў нашым раёне, а дакладней, у вёсцы Дуброва. Тут жылі ў так званым грамадзянскім шлюбе Андрэй Ігнаценка і Галіна Лобан. Ды толькі дала трэшчыну сямейная ідылія, калі ў вёску прыехала ранейшая сужыцельніца Андрэя. Захвалявалася, занервавалася Галіна Сяргееўна, не давала ёй спакою думка – а ну, як каварная канкурэнтка надумала парушыць сямейны ачаг, пазбавіць яго цяпла і ўтульнасці? Як захаваць і ўтрымаць свайго адзінага і суджанага?



Не толькі ў спорце, але і ў жыцці лепшая абарона – гэта атака. І ад думак перайшла закаханая жанчына да справы – рэалізацыі свайго хітрамудрага плана. Пад вечар 25 чэрвеня яна з самотным тварам аб’явіла каханаму аб смерці сваёй маці ў горадзе Смаргоні, а таксама аб немагчымасці выканаць свой апошні даччыны абавязак з-за прапажы пашпарта. А заадно паведаміла, што знік не толькі яе галоўны грамадзянскі дакумент, але і пашпарт самога Ігнаценкі разам з джынсавай курткай і 24 тысячамі беларускіх рублёў. Маўляў, абрабавалі, ды яшчэ ў такі журботны для яе, любячай дачкі, момант. З абурэнняў Галіны Сяргееўны тонка вынікала – няйначай гэта яна, зламысная саперніца, зрабіла сваю нядобрую справу, і не павінна быць ёй за гэта літасці.



Вось толькі ў міліцыі, супрацоўнікаў якой выклікалі на месца здарэння гэтага злачынства, адмовілі ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. А потым і наогул высветлілася, што маці Галіны Сяргееўны, дзякуй Богу, жывая і здаровая, а крадзёж дакументаў, курткі і грошай існаваў толькі ў яе акрыленай каханнем, але затуманенай рэўнасцю фантазіі.
Рэжысёрскі і акцёрскі талент Г.С. Лобан, якая задумала і ажыццявіла ўсю гэтую інсцэніроўку, па вартасці ацаніў суд Хойніцкага раёна. Яе дзеянні кваліфікаваны як заведама лжывы данос, і 2 лістапада ў адкрытым судовым пасяджэнні на падставе ч. І артыкула 400 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь Галіна Сяргееўна Лобан была прыгаворана да пакарання ў выглядзе 10 месяцаў абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу.



Абмежаванне свабоды без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу – гэта адносна новая мера пакарання, пры якой прыгавораная асоба жыве па ранейшаму месцу жыхарства і працуе на ранейшым месцы работы. Аднак вольны час такога чалавека значна абмежаваны. Так, ён павінен рэгулярна (звычайна, не менш 2 разоў у месяц) з’яўляцца для рэгістрацыі ў раённым аддзеле ўнутраных спраў. Асуджаны да абмежавання свабоды не мае права без дазволу крымінальна-выканаўчай інспекцыі мяняць месца жыхарства, выязджаць за межы населенага пункта, у якім пражывае. Акрамя таго, для такіх асуджаных устанаўліваецца адзіны час (з 17.00 да 19.00, а ў выхадныя дні з 10.00 да 12.00) для наведвання арганізацый аховы здароўя, сувязі, гандлю, бытавога абслугоўвання і фінансавых арганізацый (пераважна – банкаў). А з 19.00 да 6.00 гэтыя людзі павінны знаходзіцца толькі ў межах свайго непасрэднага жылля.



Л. КУПРЭЙЧЫК, суддзя суда Хойніцкага раёна.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *