Пытанні бяспекі: гэта актуальна

Спорт

Дваццаць тры гады прайшло ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Аднак яе вынікі застаюцца і, напэўна, будуць адчувацца яшчэ многія гады. Аб гэтым размова карэспандэнта “ЛС” з начальнікам упраўлення рэабілітацыі пацярпеўшых тэрыторый Дэпартамента па ліквідацыі вынікаў катастрофы на ЧАЭС Г.У. АНЦЫПАВЫМ.

– Генадзій Уладзіміравіч, адкажыце, калі ласка, як змянілася радыяцыйная абстаноўка?

– Што датычыць першай часткі пытання, то адзначу, што перыяды паўраспаду асноўных дозаўтвараючых радыенуклідаў – цэзію-137 і стронцыю-90 – роўныя прыкладна 30 гадам, таму да 2016 года застанецца палова іх колькасці, выпаўшых у 1986-м. А да цяперашняга часу яна зменшылася на 40 працэнтаў. Гэта азначае, што на столькі ж працэнтаў зменшылася і шчыльнасць забруджанасці глебы. І калі ў 1992 годзе ў Беларусі да зон радыеактыўнай забруджанасці адносілася 3513 населеных пунктаў, дзе пражывала 1 мільён 853 тысячы чалавек, то цяпер такіх населеных пунктаў 2618 і 313 тысяч чалавек. Іншымі словамі гаворачы, няхай і марудна, але ж працэс зніжэння радыеактыўнай забруджанасці ідзе.

– А як даведацца, калі населены пункт, у якім пражывае наш чытач, перастане быць забруджаным?

– Спецыяльна для гэтага распрацаваны і выдадзены ў выглядзе брашуры Прагноз змянення радыяцыйнай абстаноўкі ў населеных пунктах, якія знаходзяцца ў зоне радыеактыўнай забруджанасці. Ен накіраваны ва ўсе аблвыканкомы, райвыканкомы, сельскія Саветы, абласныя і раённыя цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, дзе маюцца забруджаныя населеныя пункты. Там і можна атрымаць інфармацыю, калі шчыльнасць забруджанасці цэзіем-137 і стронцыем-90 канкрэтных населеных пунктаў у выніку радыеактыўнага распаду стане менш значэнняў, устаноўленых для радыеактыўных зон. Натуральна, што гэту інфармацыю можна атрымаць у нашым Дэпартаменце і ў Рэспубліканскім цэнтры радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя.

– Пражываючы або знаходзячыся на забруджаных тэрыторыях, чалавек падвяргаецца ўздзеянню радыяцыі ў той або іншай ступені. Што б Вы параілі чытачам для забеспячэння радыяцыйнай бяспекі іх саміх, іх блізкіх?

У цэлым па краіне забяспечваецца дастаткова высокі ўзровень радыяцыйнай бяспекі насельніцтва.

Я б настойліва параіў чытачам наступнае.

Трэба з разуменнем і адказнасцю адносіцца да абмежавальных мер і забарон, устаноўленых у зонах эвакуацыі і адсялення, не дапускаць іх несанкцыяніраванага наведвання і дзейнасці. Не трэба займацца несанкцыяніраванай нарыхтоўкай дроў, патрэбна следаваць правілам збору грыбоў, ягад, палявання і рыбалоўства. Уся харчовая прадукцыя лесу мае шматразова больш высокія ўзроўні забруджанасці пры аднолькавых шчыльнасцях забруджанасці, чым сельгаспрадукцыя. На жаль, да цяперашняга часу не назіраецца тэндэнцый да зніжэння яе забруджанасці. Не купляйце лясныя грыбы і ягады на рынках, калі ў прадаўца няма адпаведнага дакумента. І тым больш не купляйце іх у прадаўцоў на дарогах на забруджаных тэрыторыях і паблізу іх. Дэталёвую інфармацыю аб магчымасці збору ягад і грыбоў можна заўсёды атрымаць у кожным лясніцтве. Будзьце вельмі асцярожнымі ў адносінах палявання, радыяцыйны кантроль дзічыны абавязковы.

Для тых, хто трымае кароў, раю пры наяўнасці праблемы з малаком (а аб гэтым насельніцтва інфармуецца санітарна-эпідэміялагічнай службай) выпасваць жывёлу і нарыхтоўваць сена толькі на спецыяльна ствараемых для гэтых мэт культурных кармавых угоддзях. А таксама выкарыстоўваць камбікорм з цэзійзвязваючым сарбентам, які пастаўляецца ў такія населеныя пункты і раздаецца насельніцтву бясплатна.

Гэта вельмі эфектыўныя меры. І, відавочна, зусім не складаныя. Практыка паказвае, што павышаныя дозы апрамянення атрымліваюць тыя грамадзяне, якія ігнаруюць пералічаныя простыя правілы.


Гутарыла Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *