На новым комплексе – новы статак

Сельское хозяйство

Бягучы год павінен стаць адметным у эксперыментальнай базе «Стралічава» – менавіта сёлета ўступіў у лік дзеючых новы жывёлагадоўчы комплекс, разлічаны на круглагадовае ўтрыманне 600 галоў жывёлы. Будаўніцтва вялося няпроста. Так, узводзіць комплекс пачалі ў 2009 годзе, вясной якога работы жвава стартавалі, але потым не раз замаруджваліся па прычыне перабояў з фінансаваннем. Тым не менш, у пакінуты даўгабуд гэтая патрэбная гаспадарцы і раёну новабудоўля не ператварылася, і 1 лістапада памяшканні комплексу прынялі сваіх першых «рагатых пастаяльцаў».



Усяго на комплексе зараз утрымліваецца 570 галоў маладняку. Гэта нецелі, сухастойныя цёлкі і пад злучку, а таксама цёлкі, якія ўжо пачалі раздойвацца. Большасць з іх утрымліваецца ў памяшканні радзільнага аддзялення, прычым усе рассартаваны па ўзростах і катэгорыях: асобна выдзелены зоны, у якіх утрымліваюцца раздоеныя цёлкі, каровы для ацёлаў, нецелі.



Дойны статак на комплексе, пад які адведзены два памяшканні, будзе фарміравацца не за кошт звозу дойных кароў з іншых ферм, а менавіта з гэтых нецеляў. Працэс гэты больш працяглы па часу, аднак ён і больш перспектыўны ў плане прадукцыйнасці будучага статка. Пагэтаму даільная зала пакуль што працуе толькі ў радзільным аддзяленні, і магутнасцей яе для даення двух дзесяткаў толькі-толькі раздоеных кароў упаўне хапае. Даенне вядзецца праз малакаправод, у суткі тут атрымліваюць у сярэднім па 15,9 кілаграма малака на карову, і ўсё яно рэалізуецца толькі гатункам «экстра». Абслугоўвае  тут дойны статак адзін  з самых вопытных у эксбазе  аператараў машыннага даення – Ала Рыгораўна Пабядзінская.



У даільных залах у памяшканнях для ўтрымання будучага статка пакуль што вядзецца даводка высокатэхналагічнага камп’ю-тэрызаванага абсталявання, якое будзе запушчана ўжо ў гэтым месяцы.



Асноўная частка пагалоўя сканцэнтравана ў памяшканні радзілкі. Гэта аблягчае догляд жывёлы, аптымізуе працэс яе ўтрымання і кармлення. Яно тут механізавана, кармы развозяцца кормараздатчыкам «Гаспадар», трактарам МТЗ-82 з пагрузчыкам з прахода выдаляецца гной, дзякуючы так званай адкрытай сістэме вентыляцыі пад самым дахам, у прасторных і светлых памяшканнях адсутнічаюць пахі, у памяшканнях суха, цёпла і чыста.



Для кожнай групы маладняку існуе свой дыферэнцыраваны рацыён кармлення, з абавязковым уключэннем канцэнтратаў, сенажу, кукурузнага сіласу, бялковых дабавак у выглядзе шроту і рапсавага жмыху. Кожная з жывёлін мае свой індывідуальны камп’ютэрны чып, інфармацыя з якога аналізуецца галоўным камп’ютэрам, так што пераблытаць іх немагчыма.



На новым комплексе дзейнічае прадуманая і эканамічная сістэма ацяплення. Напрыклад, памяшканні радзільнага аддзялення ацяпляюцца адным катлом, які працуе на мясцовых відах паліва, у прыватнасці зараз – на дровах. У залу, у якой утрымліваецца жывёла, гарачае паветра падаецца па вентыляцыйных трубах, у іншыя памяшканні – даільную залу, халадзільнік, бытоўкі –  цяпло паступае праз сістэму паравога ацяплення. Прыкладна па такому ж прынцыпу двума катламі (яшчэ адзін – рэзервовы) ацяпляюцца і памяшканні для дойнага статка: хаця зараз жывёлы там практычна няма, але ж устаноўленае дорагакаштуючае абсталяванне таксама патрабуе належнай тэмпературы паветра.
У хуткім часе і гэтыя памяшканні таксама запрацуюць па свайму прамому прызначэнню.



Віктар НАЗАРАНКА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *