Углядаючыся ў мінулае


8 снежня 1926 г. быў утвораны Хойніцкі раён у складзе Рэчыцкай акругі. Ён займаў плошчу 1263 квадратныя вярсты, або 1439,8 кв. км, мелася 5605 земляробскіх гаспадарак.Насельніцтва – 30691 чалавек. Рускіх пражывала 1,5%, беларусаў – 46,5, яўрэяў – 44,8, палякаў – 4,8, украінцаў – 0,5, іншых – 1,9%.



У Хойніках былі дзяржаўны лесазавод «Адраджэнне», кантора «Гомрайсаюза», спажывецкае таварыства, крэдытнае таварыства, швейная майстэрня, паравы млын сельгасарцелі «Труд». Дарэчы, сельгасарцель «Труд» арганізавана была ў 1919 годзе. Гэта была нацыянальная яўрэйская арцель, якая існавала ў такім выглядзе да 1936 года, потым у яе сталі ўступаць беларусы, рускія, украінцы і яна стала інтэрнацыянальнай.



 Функцыяніравалі прыватныя майстэрні: 21 абутковая, 8 шавецкіх, 3 шапачныя, акрамя таго – 2 нарыхтоўчыя арганізацыі, паравы млын, скураны завод, конны млын, маслабойка, цырульня.



Пасля  шматлікіх   адміністрацыйных пераўтварэнняў 30 снежня 1927 г. у раёне былі зацверджаны 17 сельсаветаў (раней лічба даходзіла да 38): Амелькаўшчанскі, Аравіцкі, Бабчынскі, Барысаўшчанскі, Валоцкі, Велікаборскі, Дварышчанскі, Забалацкі, Карчоўскі, Клеўскі (Кліўскі), Маканавіцкі, Навасёлкаўскі, Небытаўскі, Паселіцкі, Паташэнскі нацыянальны польскі, Рудакоўскі, Стралічаўскі. 8 ліпеня 1931 года да раёна былі далучаны Алексіцкі, Кажушкаўскі, Тульгавіцкі, Хобненскі сельсаветы ліквідаванага Юравіцкага раёна, 5 красавіка 1935 г. – Кабылеўскі і Маладушскі сельсаветы Рэчыцкага раёна. 23 жніўня 1937 г. быў ліквідаваны нацыянальны польскі сельсавет. Потым зноў былі падзелы і ўдакладненні. 20 лютага 1938 года Хойніцкі раён увайшоў у склад утворанай Палескай вобласці. На 1 студзеня 1941г. раён уключаў г.п. Хойнікі і 19 сельсаветаў.



Колькасць жыхароў у Хойніках: у 1920 г. – 3309, у 1923 г. – 4221, у 1926 г. – 4223, у 1938 г. – 3438 чалавек. Несялянскай працай у 1926 годзе былі заняты 2302 жыхары. У 1939 г. мястэчка Хойнікі атрымала статус гарадскога пасёлка. З 10 лістапада 1967 года Хойнікі – горад раённага падпарадкавання.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *