Правялі смачную дэгустацыю

Гандаль і абслугоўванне

У сярэдзіне сакавіка адзначаецца Сусветны дзень абароны спажыўцоў. Адна з мэт, да якіх варта імкнуцца пры арганізацыі максімальнага камфорту пакупнікоў і спажыўцоў паслуг, – пашырэнне гандлёвага асартыменту.
Дзеля гэтага па ініцыятыве аддзела эканомікі райвыканкама прайшла рабочая сустрэча мясцовых суб’ектаў гандлю і вырабнікоў малочнай і мясной прадукцыі. Асабіста сустрэцца са сваімі цяперашнімі і магчымымі заказчыкамі прыехалі прадстаўнікі Гомельскага мясакамбіната і Гандлёвага дома «Рагачоў».
Разумеючы, што шлях да лаяльнасці хойніцкіх пакупнікоў праходзіць праз паліцы мясцовых магазінаў, вырабнікі арганізавалі дэгустацыю сваёй прадукцыі для ўласнікаў гандлёвых пунктаў. Апошнія пагадзіліся, што якасць прадукцыі адказвае запыту і па густу, і па цэнах.
На гастранамічны суд прапанаваліся кісламалочныя прадукты вырабніцтва Рагачоўскага малочнакансервавага камбіната – «Ражанка» і «Кактэйль фруктовы». На мясной талерцы суседнічалі апетытныя скібачкі каўбас – «Мастоўскай», «Вятчыннай», «Талінскай» гандлёвай маркі «Слаўныя традыцыі».
Начальнік упраўлення продажаў Гомельскага мясакамбіната Аляксей Савосцін расказаў пра інавацыйны спосаб упакоўкі, дзякуючы якой прадукт зберагае свае смакавыя якасці на ўвесь тэрмін захоўвання.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *