«Навіны» ў дом дастаўляе

Экономика

Сняжана Радзіёнава прызнана лепшай сярод паштальёнаў у сельскай мясцовасці па выкананню падпіскі, у тым ліку на «Хойніцкія навіны».

У цяперашні імклівы час людзі эканомяць, здаецца, кожную хвіліну. Нават навіны шукаюць не ў газеце, а ў інтэрнэце.
Хаця паштальён аддзялення паштовай сувязі в. Барысаўшчына Сняжана Іванаўна Радзіёнава з гэтым сцвярджэннем не згодна. Сёлета яна прызнана кіраўніцтвам раённага вузла паштовай сувязі лепшай сярод паштальёнаў у сельскай мясцовасці па выкананню падпіскі, у тым ліку на «Хойніцкія навіны».
Сустрэліся з ёй на месцы працы. Часу на гутарку нямнога: пачалася выдача пенсій. Пасля гэтага Сняжана Іванаўна адправілася з вялізнай сумкай разносіць карэспандэнцыю. Не менш чым 7 кілаграмаў важыць звычайна спакаваная паштовая сумка. «А па суботах, калі раёнку нясу, дык і ўвогуле непад’ёмная становіцца!», – шчыра кажа паштальён. Каб крыху аблегчыць ношу, ставіць сумку на ўласны веласіпед і каціць.
– Падпіска за год маёй працы тут не скарацілася. Па тэлебачанні кажуць пра выміранне друкаванай прэсы, але нашы людзі, якія гадамі выпісвалі раёнку, і зараз яе выпісваюць, – працягвае Сняжана Іванаўна.
Пастаяннай падпісчыцай з’яўляецца сярод многіх прыхільнікаў раёнкі былы работнік пошты Надзежда Іванаўна Шыдлоўская. Яна – той чалавек, хто навучыў Сняжану Радзіёнаву, як пераканаць людзей звярнуць увагу на «Хойніцкія навіны» і прадоўжыць падпіску. Раіць гэта на сваім прыкладзе. Дарэчы, у ходзе нашага знаёмства падпісалася на наступны квартал. За гэта асобны дзякуй!
Паштальёнамі, дарэчы, працуюць толькі тыя, каму гэты занятак сапраўды па душы. Так, адказнасць тут высокая. Але ёсць і праблема на вёсцы – непрывязаныя сабакі. У кожнага паштальёна ёсць нават газавы балончык – для абароны ад іх і хуліганаў.
Участак Сняжаны Іванаўны – гэта 108 адрасатаў, сельвыканкам, дзіцячы садок, сацыяльна-педагагічны цэнтр і адміністрацыя КСУП «Аравічы». Словам, ахоплена ўся Барысаўшчына. Каб разнесці карэспандэнцыю, выплаты і перыёдыку, патрэбна не менш чым тры гадзіны, а то і болей. Ды яшчэ тавары на багажніку веласіпеда: у аддзяленні рэалізуюць многае – ад цукру да маразільных камер. І калі для вялікіх па памерах тавараў дамаўляюць машыну для дастаўкі, пакупкі паменш прывязе да ганка сам паштальён. Зручна!
Каб доўга не затрымліваць жанчыну, у спешцы развітваемся. Хаця, з жартам дадае Сняжана Іванаўна, яшчэ пабачымся – на старонках «Хойніцкіх навін»!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *