Люблю свой край, старонку гэту…

Людзі і лёсы

Словы са знакамітага верша Канстанцыі Буйло выкарыстаны ў загалоўку невыпадкова. Яны тлумачаць захапленне хайнічанкі Валянціны Сямёнаўны Каплан, якая ўсё жыццё збірае публікацыі, звязаныя з Хойнікамі і раёнам. Нядзіўна, што нядаўна яна перамагла ў віктарыне «Хойніцкіх навін» пра наш горад.

Мы не пакінулі пераможцу без заслужанага падарунка, у сваю чаргу жанчына расказала пра сябе.

Настаўнік па прызванню, прафесіянал сваёй справы, проста аптыміст па жыцці – такая яна. Мэтанакіраванасці і каласальнай працавітасці Валянціну Сямёнаўну вучылі з дзяцінства, ды не наказамі і строгасцю, а асабістым прыкладам. У іх сям’і не прынята было сядзець без справы: тата быў захоплены працаёмкай работай у меліярацыі, да таго кіраваў калгасам у Наўгародскай вобласці. Мама паспяхова асвоіла інжынерную справу, працавала на Хойніцкім рамонтным заводзе. Як успамінае Валянціна Сямёнаўна, бацькі карпатліва збіралі дамашнюю бібліятэку, вельмі любілі чытаць, асабліва да гэтага быў схільны тата Сямён Барысавіч.

І хаця бацькі выбралі тэхнічныя спецыяльнасці, дачка пераканальна вызначылася з педагогікай. «Маёй першай настаўніцай, – успамінае суразмоўца, – была заслужаны педагог БССР Любоў Яфімаўна Паўлюшчанка. У старшых класах СШ № 2 класнае кіраўніцтва пераняла бліскучы і харызматычны педагог Лілія Макараўна Кулініч, у нас выкладаў і яе муж – не менш аўтарытэтны прафесіянал сваёй справы Ігар Усеваладавіч. Ды і ў маёй сям’і нямала прадстаўнікоў гэтай вялікай прафесіі. Таму асаблівых разваг, куды пайсці вучыцца, не было».

Вышэйшую адукацыю Валянціна Сямёнаўна атрымала ў Цюмені. Такі выбар тлумачыўся проста: у гэтым горадзе жыла яе родная цётка. Пасля атрымання дыплома яна два гады працавала ў мясцовай школе. У 1979 годзе вярнулася на малую радзіму.

З таго часу пачаўся творчы прадуктыўны перыяд жыцця. Некалькі дзесяцігоддзяў прысвяціла Валянціна Сямёнаўна Каплан выкладанню рускай мовы і літаратуры для навучэнцаў ДПТВ-183. Не толькі ўрокамі абмяжоўвалася дзейнасць педагога. У вучылішчы праводзілі творчыя вечарыны, вершаваныя мерапрыемствы. Сёння былая настаўніца Каплан шкадуе аб адным: у той час не было магчымасці рабіць відэазніманне. Зараз бы яшчэ раз паглядзець выступленні рабят у гонар 200-годдзя з дня нараджэння вялікага рускага класіка А.С. Пушкіна, тэатралізаваныя пастаноўкі.

Паралельна з работай не спыняўся збор артыкулаў пра родныя Хойнікі – спрацоўвала звычка збіраць любую карысную інфармацыю, якую настаўнік можа выкарыстаць у далейшым. І цяпер у яе некалькі папак з выразкамі газетных матэрыялаў. Асобна зберагае нататкі пра чарнобыльскую трагедыю, асобна – пра Вялікую Айчынную вайну. Большая частка – са старонак «Хойніцкіх навін», ёсць і выпускі рэспубліканскіх газет, якія знаёмілі чытачоў з ходам падрыхтоўкі і правядзення ў нашым горадзе Дня беларускага пісьменства ў 2010 годзе. Маюцца і блакноты з хойніцкімі краявідамі, паштовыя канверты і самі паштоўкі.
У час размовы мяне ўразіла, колькі цікавых фактаў аб Хойнікшчыне ведае Валянціна Сямёнаўна! Якую тэму ні закрані – яна базіруецца на сваёй гісторыі. Хаця, падкрэслівае мая візаві, ёсць яшчэ над чым працаваць. Прыкладам глыбокага ведання гісторыі роднага краю яна па праву называе гісторыка Сяргея Валянцінавіча Бельскага. Яго публікацыі ў «Хойніцкіх навінах» таксама беражліва захоўвае.
В.С. Каплан зараз актыўна асвойвае камп’ютар. Каб павысіць свой карыстальніцкі ўзровень, рэгулярна наведвае курсы ў трэцяй гарадской школе. Словам, не сядзіць ні хвіліны без карыснай справы.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *