«Ястрабы» – з пуцёўкай у першую лігу

Спорт

Хойніцкі валейбольны клуб «Ястраб» заняў трэцяе месца на першынстве г. Гомеля сярод мужчынскіх каманд другой лігі.

Дарэчы, хайнічане ўпершыню прымалі ўдзел у спаборніцтвах такога прэстыжнага ўзроўню, і так удала дэбютавалі. Наша каманда правяла чатыры матчы, тры з якіх завяршыліся перамогай.
З вялікай перавагай у ліку каманды «Ястраб» закончылася стартавая гульня з прадстаўнікамі Гомельскага каледжа (філіял Белдзяржуніверсітэта транспарту), у выніку – 3:1.

Практычна ўровень ішлі нашы землякі са зборнай «Белаграпрамбанка», аднак памылкі хайнічан на прыёме і ў атацы не дазволілі выйграць – 1:3.

Прыйшлося «папацець» у гульні з гомельскай камандай «Белтэлекама». Змагаючыся за кожны мяч, добра адпрацаваўшы ў нападзенні, «Ястрабы» перамаглі – 3:1.

У фінале землякі сустрэліся з камандай медуніверсітэта, дзе прадэманстравалі нядрэнную падачу, актыўную гульню ў абароне і атацы, не далі магчымасці ўзяць супернікам ніводнай партыі – 3:0. Вынік – «бронза» наша.

Трэцяе месца забяспечыла хойніцкай камандзе «Ястраб» пуцёўку ў першую лігу г. Гомеля на наступны год.
У склад хойніцкай каманды ўвайшлі Іван Гарбарук, Антон Шамянкоў, Ілля Здановіч, Аляксандр Канапелька, Уладзіслаў Ігнаценка, Яўгеній Краўчанка, Ігар Філончык, Алег Рожын, Мікалай Малочка.

Вікторыя МАРОЗ,



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *