Спецдыспансерызацыя — эфектыўны сродак прафілактыкі

Медыцына і здароўе

Паспяховае вырашэнне задачы павышэння якасці жыцця ў пацярпеўшых ад чарнобыльскай катастрофы раёнах, захаванне здароўя пражываючага ва ўмовах радыяцыйнай рызыкі насельніцтва магчыма толькі пры ўмове яго актыўнага прыцягнення ў кіраванне радыелагічнай сітуацыяй. Аб тым, якімі метадамі і сродкамі можна дасягнуць гэтага,  карэспандэнт “ЛС”спытаў  галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача раёна Н.Р. ЛАГВІНЕЦ і намесніка галоўнага ўрача ўстановы аховы здароўя “Хойніцкая цэнтральная раённая бальніца”  К.Б. ТАЛАКОННІКАВА.

– Наталля Рыгораўна, з’яўляючыся ўрачом-прафілактыкам, выкажыце сваю думку наконт таго, які клопат павінны праяўляць людзі аб уласным здароўі. Або гэта толькі справа медыкаў?

– Без актыўнага ўдзелу насельніцтва ў пытаннях прафілактыкі захворванняў нам ніколі не выправіць дэмаграфічную сітуацыю як у раёне, так у краіне ў цэлым. Існуюць захворванні, якія часцей за ўсё праяўляюцца ў пэўным узросце, і чым чалавек старэйшы, тым іх больш. Аб артэрыяльным ціску жанчыны ўспамінаюць пасля 40 гадоў, аб пагаршэнні зроку – пасля 50 і г.д. Любое захворванне, якое выявілася раней, значна лепш лячыць. Калі яго запусціць, праблемы навальваюцца як снежны камяк, і да пенсійнага ўзросту чалавек набывае цэлы букет хвароб, якія будуць яго праследаваць да канца жыцця.

Хачу сказаць, што здароўе – адна са складаючых шчасця. Не можа быць шчаслівым хворы чалавек. І ці можа сябе адчуваць паўнацэнным членам грамадства чалавек, які страціў зрок з-за несвоечасова распазнанай глаукомы, якую можна было выявіць па ўзроўню павышанага ўнутрывочнага ціску? Або ці не пашкадаваў ён аб тым, што не звярнуў увагі на першыя сімптомы павышанага артэрыяльнага ціску, знаходзячыся прыкаваным да ложка пасля інсульта? Па-мойму, – не! З мэтай ранняга выяўлення захворванняў, якія могуць пагоршыць якасць жыцця, палепшэння працаздольнасці насельніцтва ў цэнтральнай раённай бальніцы праводзіцца спецдыспансерызацыя.

– Так, гэты тэрмін трывала ўвайшоў у свядомасць жыхароў нашага раёна пасля катастрофы на ЧАЭС. Таму запрашаю да размовы вашага калегу. Канстанцін Барысавіч,  пазнаёмце, калі ласка, з вынікамі спецдыспансерызацыі насельніцтва раёна за мінулы год.

– Па стану на 1 студзеня 2009 года пад назіраннем знаходзіцца 22446 пацярпеўшых ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС жыхароў раёна, сярод якіх дзяцей 4403 (19,6 працэнта), падлеткаў 943 – (4,2), дарослых 17100 (76 працэнтаў). Стопрацэнтна праведзена дыспансерызацыя дзяцей і падлеткаў, дарослых –  на 97,6 працэнта.

У выніку праведзеных медаглядаў здаровымі прызнаны 4350 чалавек, або 19,2 працэнта  (2007 г. – 21%); практычна здаровымі – 5793, або 25,3 працэнта (2007 г. – 28%); маюць хранічныя захворванні 11893 чалавекі – 52,5 працэнта (у 2007 г. – 51%).

Першае месца ў агульнай захворваемасці сярод дарослага насельніцтва займаюць хваробы органаў дыхання (27,1%), на другім – хваробы сістэмы кровазвароту (14,8%), на трэцім – хваробы органаў стрававання (13,3%).

У дзяцей першае рангавае месца займаюць хваробы органаў дыхання (50,5%), другое – органаў стрававання (16,8%), трэцяе – псіхічныя расстройствы (3,6%).

– А цяпер агульнае пытанне да маіх субяседнікаў: якімі бачыце напрамкі ўдасканальвання спецдыспансерызацыі і яе якасці?

Н.Р. Лагвінец: “Жыццядзейнасць дарослага насельніцтва ў большай ступені засноўваецца на ўстойлівых стэрэатыпах паводзін і цяжка паддаецца актыўным зменам. Таму на дадзеным этапе вялікае значэнне мае работа з дзецьмі і моладдзю, павышэнне іх радыеэкалагічнай культуры, выхаванне патрабуемых норм паводзін. Гэта можа адыграць ключавую ролю для змянення ўклада жыцця сем’яў і аздараўлення насельніцтва, пацярпеўшага ад катастрофы на ЧАЭС. Запрашаю жыхароў горада і раёна да нас, у райЦГЭ, на правядзенне дзён здароўя – аб гэтых мерапрыемствах мы зараней інфармуем праз раённую газету. Прыносьце на радыелагічныя даследаванні прадукты харчавання і сельгаспрадукцыю – і праз 23 гады пасля катастрофы на ЧАЭС гэта тэма не страчвае актуальнасці”.

К.Б. Талаконнікаў: “У бліжэйшай перспектыве трэба выключыць фармалізм, пастаянна павышаць узровень дыспансерызацыі і прафілактыкі выяўленых захворванняў з мэтай прадухілення інвалідызацыі і смяротнасці насельніцтва, асабліва асоб працаздольнага ўзросту. Дзеля гэтага для пацыентаў розных узроставых груп распрацаваны праграмы лячэння, рэабілітацыі, а таксама комплекс прафілактычных мер, накіраваных на барацьбу з фактарамі рызыкі”. 


Гутарыла Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *