Фактары росту

Сельское хозяйство

Аналізуючы даныя аператыўных зводак райсельгасхарчу, нельга не заўважыць значнага (у сярэднім па раёну больш, чым на трэць да ўзроўню мінулага года) росту вытворчасці малака. Прычым адчувальна плюсуюць усе гаспадаркі раёна як па валавому надою, так і па надою ад каровы.


Па рэалізацыі малака лічбы атрыманы яшчэ больш унушальныя – у сярэднім па раёну рост складае больш за 150 працэнтаў. Як па абсалютных, так і па працэнтных паказчыках, а таксама па якасці рэалізаванага малака працэс папаўнення малочных рэк у раёне ўпэўнена ўзначальвае КСУП «Аравічы»: тут атрыманы самы высокі прырост па валавому надою – 163 % (усе лічбы прыводзім у параўнанні з узроўнем адпаведнага перыяду 2011 года), па надою малака ад каровы +4,6 літра; па яго рэалізацыі – 170 %.


Аб сакрэтах поспехаў жывёлаводаў гаспадаркі расказвае яе дырэктар Сяргей Васільевіч ДРОЗД.


«У сучасных тэхналогіях вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі вялікае значэнне мае аўтаматызацыя і механізацыя ўсіх вытворчых працэсаў. Яшчэ ў мінулым годзе мы паставілі перад сабой такую задачу і перад пачаткам зімова-стойлавага перыяду завяршылі рэканструкцыю Барысаўшчанскай МТФ. Тут, у ліку іншых важных будаўнічых работ, мы ўстанавілі апошні ў гаспадарцы малакаправод – і такім чынам сёння на ўсіх нашых малочнатаварных фермах даенне ажыццяўляецца толькі праз малакаправоды.


Натуральна, што ўсе фермы аснашчаны дзе 3-тоннымі, а дзе і 4-тоннымі халадзільнымі ўстаноўкамі. Пагэтаму кантакт атрыманага малака са знешнім асяроддзем практычна зведзены да нуля, і малако мы рэалізуем толькі вышэйшым і гатункам «экстра». Прычым доля апошняга значна вышэй – у асноўным яна складае не менш чым дзве трэці. Наступным нашым дасягненнем у плане аўтаматызацыі і механізацыі вытворчых працэсаў у жывёлагадоўлі стаў уход ад ручной раздачы кармоў.


Сёння на ўсіх нашых МТФ кармленне адбываецца толькі праз выкарыстанне двух кормазмяшальнікаў і аднаго кормараздатчыка. Яшчэ адзін кормазмяшальнік застаецца ў рэзерве, і ў выпадку паломкі асноўных агрэгатаў яго ў любую мінуту гатовы ўключыць у работу. Там, дзе гэта было неабходна, нават пашырылі дзвярныя праёмы, а выкарыстанне тэхнікі на кормараздачы дазволіла нам аптымальна збалансаваць кармавы рацыён і захаваць у ім усе неабходныя прапорцыі. Важкую прыбаўку ў колькасным і якасным росце вытворчасці малака дало і шырокае выкарыстанне кукурузнага сіласу і сенажу.


У цяперашнюю зімоўку мы ўвайшлі маючы па 52,7 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, унушальную долю ў гэтым мелі менавіта гэтыя віды кармоў. А яшчэ, дзякуючы выдзяленню кіраўніцтвам раёна фінансавых сродкаў на набыццё канцэнтратаў, мы здолелі значна павысіць яго пажыўнасць, дадаючы ў корм жывёле, у першую чаргу – дойнаму статку, эфектыўнейшы сімбіёз у выглядзе канцэнтратаў і патакі. Яе мы атрымліваем у кошт узаемаразлікаў з Гарадзейскага цукровага камбіната.


Пагэтаму як адзін з галоўных фактараў росту вытворчасці малака адзначу збалансаванасць рацыёна кармлення жывёлы, перш за ўсё, па цукру і бялках. Дарэчы, не ўсё так дрэнна было ў нас і ў мінулым годзе.


Напрыклад, летась мы здолелі на 155 галоў павялічыць пагалоўе дойнага статка, ды і паказчыкі па вытворчасці малака таксама не былі ў «Аравічах» такімі ўжо нізкімі. Але сёння мы іх пераўзыходзім і не без падстаў разлічваем на далейшы рост. Надзеі гэтыя, у першую чаргу, звязваем з уводам у эксплуатацыю жывёлагадоўчага комплексу на 600 галоў у Храпкаве.


Зараз жывёлай запоўнены ўсе яго жывёлагадоўчыя секцыі, а аператары машыннага даення А.І. Брухавецкая, В.У. Курына і М.В. Штагер не нарадуюцца на значна аблегчаныя ўмовы працы і ўтрымання жывёлы. Сёння ад рэалізацыі малака мы атрымліваем па 30, а то і болей мільёнаў рублёў у дзень. А наяўнасць свабодных сродкаў любому кіраўніку, у эканамічным сэнсе, развязвае рукі.


Зараз мы маем магчымасць набыць новую тэхніку (і набываем яе, напрыклад, летась закупілі МАЗ-малакавоз і «амкадораўскі» пагрузчык), своечасова і ў поўным аб’ёме выплачваць зарплату, разлічвацца па крэдытах. Дарэчы, ніколі не бралі крэдыты на выплату зарплаты, бо лічу гэта простым праяданнем сродкаў. Зарплату патрэбна зарабіць, і гэта не проста словы, гэта – адзін з пастулатаў эфектыўнай эканомікі. З другога боку, заработаныя сродкі, асабліва ў цяперашні час, не павінны ляжаць без руху – іх проста з’ядае інфляцыя. Таму імкнемся кожны рубель выкарыстоўваць эфектыўна, а гэта значыць – укладваць сродкі ў развіццё вытворчасці. Такая наша эканамічная стратэгія.


Запісаў Віктар Назаранка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *