Дзве праблемы адной вуліцы


 Асноўныя праблемы жыхароў вуліцы Катоўскага райцэнтра – асвятленне і дарога. Бяда нумар адзін – хвалісты рэльеф вулічнай праезнай часткі.


Напрыклад, каля дамоў №№132, 134 і 109 пасля дажджу вада збіраецца ў вялікую лужыну. Вясной і ўлетку вада залівала двары і агароды названых дамоў. Летась была заліта амаль палова агарода Любові Рыгораўны Грышаёнак, гаспадыні дома № 109. А ў яе суседкі – Марыі Макараўны Чорненькай з дома № 132 – лужына падступіла да дома так, што была на падлозе.


Вада пад вокнамі і сырасць у дамах сталі прычынай таго, што абедзвюм жанчынам прыйшлося вырашаць праблемы самастойна. На свае сродкі яны набылі пясок і гравій, умацавалі агароджу. Іншага выйсця не было: у Любові Рыгораўны адзін з сыноў – інвалід-калясачнік, з-за лужыны немагчыма выехаць з двара.


Жыхаркі вул. Катоўскага звярталіся ў камунальную службу, каб лужыну засыпалі. Але пакуль толькі адсутнасць моцных ападкаў ратуе ад патопаў.


Другая праблема жыхароў гэтай вуліцы – асвятленне. Паўгода таму каля дома № 134 усталявалі ліхтар. Свяціць ён перастаў у снежні. На мінулым тыдні Валянціна Мікалаеўна Лук’янава, гаспадыня 134-га дома, нарэшце дазванілася ў «Хойніцкі камунальнік», папрасіла замяніць лямпачку.


Але зараз гэта немагчыма, патлумачылі там, бо вышка «пастаўлена на афарбоўку». Дапамагчы жыхарам вуліцы ў вырашэнні азначаных праблем, безумоўна, па сілах мясцовай камунальнай службе. Вось толькі адклад не ідзе ў лад. Чакаем кампетэнтнага адказу аб прынятых мерах.


Алеся ЯЧЫЧЭНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *