Стварае прыгажосць


Аксана Уладзіміраўна Машэўская (на здымку) – ураджэнка горада Хойнікі. Пасля заканчэння СШ № 3 паступіла на завочную форму навучання ў Расійскі дзяржаўны аграрны універсітэт па спецыяльнасці “фітадызайнер”. Працуе майстрам па добраўпарадкаванню ў КЖУП “Хойніцкі камунальнік”.

– Аксана Уладзіміраўна, чаму выбрана менавіта гэтая спецыяльнасць?

 – Я вельмі сур’ёзна ставілася да выбару будучай прафесіі. Канешне, хацела, каб яна адпавядала маім інтарэсам і захапленям. А паколькі  вельмі люблю прыроду, у прыватнасці, дрэвы і кветкі, то вырашыла звязаць свой лёс з фітадызайнам.
Вельмі люблю Хойнікі – горад, дзе нарадзілася і вырасла. Стаўлю перад сабой мэту зрабіць яго больш прыгожым і ўтульным. 

– Як  прынялі ў калектыве?

–  Адразу адчула дабразычлівыя адносіны. Вопыт і тактоўнасць калег стварае цікавасць да работы, жаданне якасна выконваць свае абавязкі. Яны дапамагаюць мне: даюць карысныя парады і падтрымліваюць у цяжкіх сітуацыях, якія ёсць у любой справе. Але на цяжкасцях чалавек вучыцца і значна расце як прафесіянал.

– Якія  захапленні акрамя работы?

– Вельмі люблю спорт, таму вольны час праводжу на спартыўных пляцоўках. Акрамя таго падабаецца чытаць, пераважна спецыяльную літаратуру, і падарожнічаць.

– Якія ідэі хацелася б ператварыць у рэальнасць?

 – Усе яны звязаны з добраўпарадкаваннем Хойнік. Мару зрабіць больш месцаў адпачынку, а таксама ўпрыгожыць вуліцы горада дрэвамі і кустарнікамі, клумбамі, кветкавымі навяснымі кошыкамі  і дэкаратыўна-прыкладнымі кампазіцыямі. 
 
– Над якім праектам зараз ідзе праца?

– Не так даўно брыгадай па азеляненню была падрыхтавана цяпліца. Цяпер займаемся высадкай расады ў адкрыты грунт. Спадзяюся, што хутка і клумбы нашага горада зайграюць яркімі фарбамі.

– Якія планы на будучыню?

– Стаць добрым спецыялістам, карысным для грамадства чалавекам.



Запісала Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *