Не памыліліся ў выбары


Колькі ведаю М.І. Шылькіна, столькі не перастаю здзіўляцца яго бадзёрасці, аптымізму і ўменню знаходзіць кантакт з самымі рознымі людзьмі. Якія б нягоды не выпадалі, Мікалай Іванавіч заўсёды выглядае падцягнутым і жыццярадасным, а жывая іскрынка ў яго вачах ніколі не знікае. Напэўна, за гэтыя прывабныя чалавечыя якасці і аказалі яму гонар ветэраны працы Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалагічнага запаведніка, аднадушна абраўшы старшынёй сваёй пярвічнай арганізацыі. Мяркую, што яны не памыліліся ў сваім выбары.


За плячыма ў М.І. Шылькіна два з паловай дзесяцігоддзі ратнай афіцэрскай службы (так што з людзьмі працаваць ён, канешне ж, умее) і бездакорнай мірнай працы. Яшчэ ў далёкім 1971 годзе, скончыўшы Кіеўскае вышэйшае танкава-тэхнічнае вучылішча, Мікалай Іванавіч маладым лейтэнантам з воінскай спецыяльнасцю «інжынер-механік бронетанкавай тэхнікі» прыбыў да свайго першага месца службы – грузінскі горад Ахалкалакі. Потым Закаўказскую ваенную акругу давялося змяніць на Сярэднюю групу войск, якая базіравалася ў Чэхаславакіі, а яшчэ праз некалькі год сярэднееўрапейскія пейзажы змяніліся спякотным Туркменістанам – Дэйнау, Тэрмез і, асабліва, Мары – хто быў там, той ведае, што такое армейская служба пры тэмпературы за 50 градусаў, ды яшчэ ў танкавых войсках.


Але гады ляцелі непрыкметна і ўжо белае сонца пустыні засталося ў мінулым, а Мікалай Іванавіч разам з любімай жонкай Валянцінай Кірылаўнай, сынамі Валянцінам, Яўгеніем і дачкой Алёнай у 1989 годзе прыбыў да апошняга месца сваёй армейскай кар’еры – у Хойніцкі райваенкамат. Пасля выхаду на пенсію па выслузе гадоў у 1991 годзе, працаваў дыспетчарам у райжылкамунгасе, а з 1996 года – у калектыве запаведніка.


На ўсіх месцах работы дапамагаў Мікалаю Іванавічу шчыры і адкрыты характар, добразычлівыя адносіны да людзей. А калі яго абралі старшынёй ветэранскай пярвічкі запаведніка, з першых жа дзён акунуўся ў гэтую грамадскую дзейнасць. – У рабоце пярвічкі мне добра дапамагае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ПДРЭЗ М.В. Краўчанка, – гаворыць Мікалай Іванавіч. – Разам плануем мерапрыемствы, разам наведваем на даму былых работнікаў, а яшчэ Міхаіл Васільевіч, сам маючы выдатныя выканаўчыя даныя, плённа працуе з самадзейнымі артыстамі запаведніка, рыхтуючы нумары канцэртнай праграмы да адзначаемых урачыстасцей. Прыемна, што ўсе нашы задумы і ініцыятывы заўсёды падтрымлівае і кіраўніцтва запаведніка, дапамагае ў іх ажыццяўленні не толькі словам, але і справай.


Не застаюцца ўбаку і прафсаюзныя актывісты, мой намеснік па ветэранскай арганізацыі В.І. Мароз, так што працуем мы адной і дружнай камандай. Зусім хутка – у сярэдзіне лютага, ветэранскай пярвічцы ПДРЭЗ споўніцца год. Але і за гэты прамежак часу людзям ёсць што ўспомніць. Асабліва незабыўным атрымалася святкаванне Дня пажылых людзей – з урачыстым сходам, канцэртам і святочным агеньчыкам. Але больш за ўсё ветэранаў уразіла экскурсія па былых месцах іх работы – зоне за калючым дротам. Усяго ветэранская арганізацыя запаведніка па Хойніцкаму раёну налічае 57 чалавек. На гэтай сустрэчы прысутнічалі ўсе, акрамя В.Ф. Рэзчыка, М.Ц. Цэйка і М.П. Юхно. Іх, захварэўшых у той час, навясцілі на даму напярэдадні свята.


Папулярнымі сталі святкаванні разам з ветэранамі працы Дня работнікаў лесу, Дня Маці, Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл, Дня жанчын. А ў свой дзень нараджэння кожны з былых работнікаў запаведніка абавязкова атрымае паштоўку з цёплымі віншаваннямі ад ветэранскай арганізацыі. Зараз Мікалай Іванавіч рыхтуе падворны аб’езд былых работнікаў запаведніка, якія жывуць у дамах прыватнага сектара: магчыма, некаму дровы патрэбны, некаму – плот падмацаваць, а некаму і проста шчырая задушэўная размова будзе ў радасць. – Чалавек пасля выхаду на пенсію не павінен адчуваць сябе па-за калектывам, – упэўнены М. І. Шылькін. – І сваёй галоўнай задачай я бачу падтрыманне ў нашых ветэранах гэтага пачуцця прыналежнасці да сённяшніх спраў і клопатаў нашай арганізацыі, адчуванне імі глыбокай удзячнасці ад больш маладых калег за ўсё зробленае і дасягнутае. Мы зробім усё для таго, каб пажылыя людзі ніколі не адчувалі сябе пакінутымі.


Ведаючы Мікалая Іванавіча не адзін год, перакананы ў тым, што так яно і будзе.


Віктар Назаранка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *