Залежыць ад кожнага з нас

Законнасць і парадак

«Разам – да ўзаемаразумення» – пад такім дэвізам 27 студзеня ў Рэспубліцы Беларусь праводзіцца адзіны дзень бяспекі дарожнага руху.



На дарогах краіны летась загінулі 1189 чалавек (за 2010 год – 1190 чалавек) – страшныя лічбы. Гэта ў мірны час, не на стыхійным бедстве… На дарогах Гомельскай вобласці ў 2011 годзе загінулі 174 чалавекі, на тэрыторыі нашага раёна было 4 ахвяры дарожна-транспартных здарэнняў.



Залішне ўпэўненыя ў сабе, «лятаюць» вадзіцелі-ліхачы, не звяртаючы ўвагі на дарожныя знакі аб абмежаванні хуткасці. Дысцыплінуе, хіба што, толькі прысутнасць супрацоўнікаў ДАІ з радарам. Але на кожным кіламетры не паставіш дзяржаўтаінспектара. У якасці радара павінна выступаць у тых, хто садзіцца за руль, уласнае сумленне, разуменне таго, што парушальнік правіл – патэнцыяльны забойца.



Навошта «іграць» у паслухмянага вадзіцеля пасля таго, як вам бліскануць фарамі сустрэчныя машыны? Толькі пастаянная дысцыплінаванасць на дарозе зводзіць да  мінімуму магчымасць узнікнення аварыйных сітуацый.



Яшчэ адна ўмова дазволіць пазбегнуць многіх крытычных сітуацый на дарозе – этыка паводзін вадзіцеля і ў адносінах да іншых вадзіцеляў, і, у асаблівасці, у адносінах да пешаходаў. На гэта накіравана прынятая яшчэ ў 2011 годзе рэспубліканская праграма «Узаемаразуменне». Яе мэта – стварэнне ўмоў для максімальнай абароненасці ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.



Устаноўлена заканамернасць: калі пешаход жадае перайсці дарогу і не можа гэта зрабіць на працягу 15-20 секунд, то потым, калі машыны не прапускаюць, ён перабягае праезную частку перад блізка праязджаючым транспартам. Адсюль вывад: вадзіцелі, калі вы бачыце, што людзі чакаюць каля пешаходнага пераходу, прапускайце іх!
Усім удзельнікам дарожнага руху неабходна ўсвядоміць, што дарога тоіць небяспеку. На ёй  не павінна быць месца самаўпэўненасці, абыякавасці. І вадзіцелям, і пешаходам трэба быць свядомымі грамадзянамі, узаемаветлівымі, бо ў выніку ад дзеянняў кожнага  з нас залежыць, ці будуць нашы дарогі бяспечнымі.


 


У. ТАЛЮК, начальнік аддзялення ДАІ РАУС.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *