Адпачынак толькі сніцца


Напэўна, ніколі не перастанем здзіўляцца мы, людзі больш малодшых пакаленняў, працавітасці, запалу і аптымізму нашых пенсіянераў.



Напрыклад, 78-гадовы Сцяпан Мітрафанавіч Кез і яго 80-гадовая жонка Соф’я Сцяпанаўна з Дворышча сёння трымаюць на сваім падворку ажно 4 каровы. Гэта ў той час, калі некаторыя маладыя сем’і на вёсцы і адну заводзіць не жадаюць, а малако і смятану лічаць за лепшае купляць у магазіне.  І сапраўды, колькі працы і сіл трэба пакласці для таго, каб своечасова пакарміць чатырох рагуль, падаіць іх, а летом – назапасіць на зіму сена, для той жа зімовай кармёжкі вырасіць на прысядзібным участку буракі і пшаніцу, збожжа якой потым змалоць на муку – усё для тых жа каровак. Колькі клопатаў і намаганняў трэба прыкласці штодзённа, ды яшчэ ў такім шаноўным узросце!



Але справа ўся ў тым, што гэтыя людзі не прывыклі жыць інакш, а паўсядзённая сялянская праца на ўласным падворку даўно стала іх звычайным і нязменным на працягу дзесяцігоддзяў ладам жыцця. Так, і рукі ўжо не такія дужыя, як гэта было раней, і спіну разагнуць часам няпроста, і іншыя хваробы ўсё часцей даюць аб сабе ведаць. Аднак на селішчы ў старых усё дагледжана і пароблена, а перад кожнай з чатырох кароў заўсёды ляжаць бярэмкі духмянага сена, якім яны няспешна хрумкаюць.
Зараз тры з чатырох кароў з падвор’я сям’і Кез знаходзяцца ў запуску, хутка павінны ацяліцца, а доіцца пакуль што толькі адна. Але і гэты свойскі статак хутка павялічыцца, як мінімум, яшчэ на адну дойную адзінку.



– Адны, без дапамогі сына Аляксандра і нявесткі Вольгі, мы б з такой рагатай жыўнасцю, канешне, не справіліся, – гаворыць Соф’я Сцяпанаўна. – А так асноўны цяжар па ўтрыманню чатырох кароў кладзецца на іх плечы.



Так вось яно так, але ж і самім старым папрацаваць таксама даводзіцца нямала. Напрыклад, яшчэ  мінулым летам Сцяпан Мітрафанавіч не адну ручку касой прайшоў, нарыхтоўваючы сена. Многа сіл патрабавалі   кармавыя буракі, якія ў мінулым годзе ўрадзілі, як ніколі.
– Колькі жылі – ніколі такога багатага ўраджаю не было, – дзеліцца гэтай няхітрай радасцю бабуля. – І вымахалі такімі, што ў вядро не лезлі, і нарасло іх, як грыбоў у добрае лета. А яшчэ і мука ёсць – у сельгаспрадпрыемстве «Судкова» на млыне сваю пшаніцу ўвосень змалолі, сена таксама ў дастатку. Так што кармоў каровам хапае, чакаем ацёлаў, а потым зноў малако прадаваць пачнём, летам па 30-40 літраў здавалі.



Усё жыццё гэтыя людзі пражылі ў Дворышчы. Пасля вяселля ў 1962 годзе маладыя ўдваіх уласнымі рукамі нарыхтоўвалі лес, а потым гэтак жа ўласнаручна два гады ўзводзілі прасторны, дыхтоўны яшчэ і сёння, дом з усімі надворнымі пабудовамі. Так і жылі ў ім потым – у працы і клопатах, не забываючы пра выхаванне ўжо дарослых зараз дзвюх дачок і сына, якія, у сваю чаргу, падарылі бацькам трох унучат.



Зразумела, што і Сцяпан Мітрафанавіч, і Соф’я Сцяпанаўна даўно ўжо на пенсіі, на заслужаным, як прынята казаць, адпачынку. Але аб якім адпачынку можна весці размову ў гэтым выпадку, калі далёка ўжо немаладыя людзі трымаюць на сваім падворку цэлы міні-статак? Так што, як пажартаваў на развітанне дасціпны на слова гаспадар дома, адпачынак ім толькі сніцца.




Віктар НАЗАРАНКА. 


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *