На варце бяспечных умоў

Экономика

На працягу 16 гадоў на пасадзе інжынера па ахове працы ДРБУ-155 працуе Аляксандр Васільевіч Богуш.
Галіна дарожнага будавання – адна з самых траўманебяспечных. Таму так важна стварыць максімальна камфортныя і бяспечныя ўмовы для работнікаў. Такія накірункі ў сваёй рабоце ўзяў за правіла інжынер па ахове працы А.В. Богуш, прытрымліваецца іх і па сёння.
З дзяцінства ён з цікавасцю назіраў, як працуе яго бацька – вадзіцель не толькі па прафесіі, але і па прызванню. З часам дарожнай рамантыкай захапіўся і сам Аляксандр, але выбраў сумежную прафесію, паступіўшы ў дарожна-будаўнічы тэхнікум. Практыку ён праходзіў на цяперашнім месцы працы – у дарожна-рамонтным будаўнічым участку № 155, і пакуль не прыйшоў сюды ў якасці пастаяннага работніка, паспеў вывучыць усе нюансы і спецыфіку гэтай галіны.
З 2009 года работа па ахове працы была скарэкціравана і прыведзена да аднаго ўзору ва ўсіх філіялах прадпрыемства «Гомельаблдарбуд». На працягу чатырох гадоў спецыялісты ўкаранялі новыя правілы ў сваіх калектывах. Каб максімальна аб’ектыўна ацаніць вынікі такой сістэмы, рабілі перакрыжаваныя праверкі – той від маніторынгу, які сёння Аляксандр Васільевіч прапануе рэалізаваць у межах цэлага раёна. Пакуль дзякуючы яго намаганням ажыццявілі пробны варыянт паміж ДРБУ-155, ДБУ-45 і Хойніцкім ПМС. Гэта значыць, што кожны з яго калег можа наведаць арганізацыю з незалежнай праверкай, а потым выказаць свае рэкамендацыі.
Рашучы характар і рацыяналізатарства Аляксандра даўно ацанілі ў калектыве. Нават прапанавалі ўзяць на сябе прафсаюзную работу. З 2013 па 2017 гады інжынер па ахове працы сумленна займаўся і гэтым.
На маю просьбу расказаць, як праходзіць дзень інжынера па ахове працы, Аляксандр Васільевіч пачаў пералічваць вялікі спіс штодзённых задач, пачынаючы з самай раніцы, калі работнікі збіраюцца на планёрку. Таксама інжынер уваходзіць у камісію для праверкі стану цвярозасці вадзіцеляў перад выездам. А яшчэ як мага хутчэй трэба праверыць укамплектаванасць брыгады спецыяльнымі дарожнымі знакамі для правядзення работ на праезнай частцы. Карацей, клопатаў хапае.
Правяраюць і самога інжынера. Так, адзін раз у квартал А.В. Богуш выязджае на абласную нараду, дзе са сваімі галіновымі калегамі абмяркоўвае актуальныя праблемы для прыняцця мер на месцах. Веды пацвярджае і на іспытах адзін раз у тры гады, па выніках якога трэба атрымаць адпаведны сертыфікат. Але ўсё гэта – назапашаны досвед па ахове працы, які інжынер ДРБУ-155 імкнецца своечасова даводзіць да работнікаў.
Строгі і прагматычны на рабоце, у жыцці Аляксандр Васільевіч – узорны сем’янін, любячы муж і тата. Разам з жонкай Таццянай выхоўваюць дачушку Наталлю. У вольны час мужчына можа прыгатаваць смачны абед ці падняць настрой ігрой на гітары. Яго цэняць і родныя, і ў грамадстве. Доказам гэтаму служыць Ганаровая грамата за поспехі ў 2015 годзе ў прафесіянальнай галіне ад старшыні райвыканкама. Такое пацвярджэнне працоўнай адпаведнасці толькі стымулюе інжынера па ахове працы да павышэння прафесіяналізму. Чаго мы яму і жадаем.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *