Пераможца экамарафону ў 42 кіламетры – Максім Юшчанка

Спорт

Больш за 3 тысячы спартсменаў з Беларусі, Украіны, Расіі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Германіі, Казахстана і ЗША выйшлі на старт міжнародных лёгкаатлетычных спаборніцтваў «Экалагічны марафон-2018», які прайшоў у Гомелі.

Прыемна, што сярод аматараў бегу было 30 нашых землякоў, палову з іх складалі прадстаўнікі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, астатнія – выхаванцы і выкладчыкі ДЮСШ Хойніцкага раёна.
Арганізатары прапанавалі ўсім жадаючым тры варыянты дыстанцыі: паўмарафон на 21 кіламетр 97 метраў, марафон на 42 кіламетры 195 метраў і забег на 4 кіламетры.
Вялікім гонарам для Хойнікшчыны стала прыемная навіна: паказаў феерычны вынік і атрымаў званне пераможцы экамарафону Максім Юшчанка, выпускнік чацвёртай гарадской школы (зараз гімназія г. Хойнікі) – ён адолеў максімальную дыстанцыю за 2 гадзіны 34 мінуты 17 секунд. Дарэчы, гэта быў яго дэбют у марафоне, галоўная мэта Максіма была – дабегчы да фінішу. За сваю перамогу ён атрымаў грашовы прыз у памеры 200 рублёў. Максім з’яўляецца неаднаразовым пераможцам Мінскага паўмарафону, міжнародных спаборніцтваў у Польшчы. Зараз ён працуе ў Дэпартаменце аховы МУС Рэспублікі Беларусь г. Гомеля ў званні прапаршчыка.
Двое хайнічан забег на 4 км па набярэжнай Сожа завяршылі прызавым вынікам. Трэнер па лёгкай атлетыцы Аляксандр Яўжанка заняў другое месца, усяго менш секунды саступіўшы пераможцу. Вучаніца 9 класа гімназіі Анастасія Садчанка стала бронзавым прызёрам. Яна адзначыла, што атрымала ад экамарафону неверагодныя адчуванні, радасць, адрэналін. Не спадзявалася, што трапіць у тройку лепшых, бо ўзровень бегуноў быў даволі высокі.

Вікторыя МАРОЗ.

Фота «ГП».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *