Як прыклад для пераймання


Адбыўся раённы семінар-нарада на тэму «Арганізацыя інфармацыйна-ідэалагічнай, выхаваўчай работы: падвядзенне вынікаў за 2011 год, задачы на 2012 год». Удзел у мерапрыемстве прымалі намеснікі кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў раёна па ідэалагічнай рабоце, а таксама спецыялісты, уваходзячыя ў рэзерв кадраў ідэолагаў.



Месцам правядзення семінара ДЛГУ «Хойніцкі лясгас» выбрана не выпадкова: на прадпрыемстве створаны ўсе ўмовы для працуючых дзеля развіцця іх творчых здольнасцей і працоўнага патэнцыялу.



А пачалося мерапрыемства на вельмі прыемнай ноце – начальнік  аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама В.М. Савельева ў асобе дырэктара лясгаса І.Ф. Астапенкі ўручыла калектыву Падзяку райвыканкама за актыўны ўдзел у конкурсе за лепшае навагодняе афармленне.
Аб праводзімай інфармацыйна-ідэалагічнай рабоце гаварыла на пленарным пасяджэнні намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце прадпрыемства Г.М. Рабінкіна.



– У нашым калектыве мы змаглі стварыць здаровы мікраклімат, што садзейнічае дасягненню высокіх вытворчых паказчыкаў, – адзначыла Галіна Мікалаеўна. – Як бы ні гаварылі, што праца з людзьмі – самая цяжкая праца, аднак калі бачыш яе вынікі, то разумееш, што на клопат і ўвагу людзі чулыя і адказваюць адпаведна. Іншымі словамі кажучы, каб чалавек мог добра, якасна працаваць, ён павінен добра адпачываць.



Асаблівая ўвага ўдзяляецца ў лясгасе прывіццю навыкаў здаровага ладу жыцця. Лесаводы прымаюць актыўны ўдзел ва ўсіх праводзімых культурна-масавых мерапрыемствах. Адзін са стэндаў, змешчаных у адміністрацыйным памяшканні, прысвечаны спартыўным узнагародам.
Стаўка робіцца на моладзь, сярэдні ўзрост работнікаў лясгаса – 27 гадоў. Не забыты і ветэраны вытворчасці, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, мнагадзетныя сем’і. Дарэчы, апошнія з ліку прадстаўнікоў лясгаса  з’яўляліся ўдзельнікамі конкурсу «Лепшая маладая сям’я» Хойнікшчыны і Гомельшчыны і дабіваліся прызавых месцаў.
Як адзначыла В.М. Савельева, у ДЛГУ «Хойніцкі лясгас» многае ўдзельнікам семінара можна ўзяць як кіраўніцтва да дзеянняў у плане арганізацыі ў сваім працоўным калектыве інфармацыйна-ідэалагічнай, вы-хаваўчай работы.



Аб тым, як наладжана праца ў Палескім дзяржаўным радыяцыйна-экалагічным за-паведніку па прафілактыцы бытавых правапарушэнняў, дзяліўся вопытам работы намеснік дырэктара прадпрыемства па ідэалагічнай рабоце М.В. Краўчанка. Запыт з парушальнікаў працоўнай, транспартнай дысцыпліны, антыалкагольнага заканадаўства вельмі строгі – па першаму разу могуць папярэдзіць, а пры паўтарэнні падобнага – чакае звальненне з працы.



З вялікім інтарэсам праслухалі ўдзельнікі семінара выступленне старшыні раённага аб’яднання РГА «Белая Русь», начальніка Палескага вытворчага ўчастка ААТ «Малочныя прадукты» Т.Д. Грамовіч, якая гаварыла аб дзейнасці раённай арганізацыі аб’яднання, стварэнні пярвічных арганізацый на прадпрыемствах і ва ўстановах раёна  дзеля пабудовы разам моцнай і квітнеючай нашай краіны.



В.М. Савельева ў сваім выступленні падвяла вынікі работы за 2011 год і вызначыла задачы па арганізацыі ідэалагічнай работы ў працоўных калектывах Хойнікшчыны на сёлетні год, паведаміла аб мерапрыемстве буйнога маштабу, якое будзе праводзіцца ў гэтым годзе – 500-годдзі з дня ўтварэння горада Хойнікі, запрасіла да актыўнага ўдзелу ў падрыхтоўцы да юбілею.
Удзельнікам семінара-вучобы раздадзены метадычныя матэрыялы, выкарыстанне якіх дапаможа ў паўсядзённай выхаваўчай працы.



Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *