Ці патрэбна маршрутнае таксі?


Маршрутнае таксі – сённяшняя рэальнасць для многіх гарадоў Беларусі. Пасажыр, знаходзячыся на прыпынку, мае права выбару: садзіцца ў аўтобус або, заплаціўшы, канешне, большую суму за праезд, – у маршрутнае таксі. Ці наспела магчымасць адкрыцця маршрутных таксі ў нашым горадзе і ці гатовы пасажыры плаціць за яго, высвятляў карэспандэнт «Хойніцкіх навін».



Святлана Валянцінаўна  Сачанка, рабочая:
– Пытанні, як гаворыцца, у яблычка. Сама была ў такой сітуацыі, калі гэты від транспарту вельмі б спатрэбіўся. Вырашыла паехаць у Мінск самым першым аўтобусам, які ад’язджае ад аўтастанцыі раніцой, у 6.10. Але паездка ледзь не сарвалася з-за таго, што ў гэты час дабрацца да аўтастанцыі з мікрараёна «Юбілейны» няма на чым. Добра, што ехалі знаёмыя і падвезлі мяне і спадарожнікаў.
Ужо гэты прыклад сведчыць аб тым, што маршрутнае таксі гораду патрэбна. У такім разе за цаной, напэўна, ніхто не пастаіць.



Сяргей Міхайлавіч Смольскі, трэнер-выкладчык:
– Маё меркаванне такое – маршрутнае таксі гораду патрэбна. Выязджаючы з дзецьмі на спаборніцтвы ў розныя гарады нашай краіны, заўважыў, што гэты транспартны сервіс прысутнічае ў многіх з іх. Паўсюдна вывешаны расклад руху таксі, і чалавеку, які спяшаецца на працу або па нейкай іншай нагодзе, трэба толькі прыйсці сюды своечасова. А што цана вышэйшая за праезд, чым у аўтобусе,  таму трэба быць.
Але людзі ахвотна карыстаюцца паслугамі маршрутак, бо, у першую чаргу, эканомяць час у дарозе, у прыватнасці, таксі  спыняюцца на прыпынках толькі па запатрабаванню пасажыра.



Наталля Вітальеўна Курожка, прадавец:
–  Мне здаецца, што для маланаселенага горада, якім з’яўляюцца нашы Хойнікі, маршрутнае таксі не патрэбна. Гарадскія аўтобусы курсіруюць рэгулярна, вялікая іх напаўняльнасць толькі ў гадзіны «пік», а так ходзяць, можна сказаць паўпустымі. Калі ж ствараць маршрутныя таксі, то з заездам у бліжэйшыя вёскі. Але пры гэтым цана праезду павінна ў горадзе быць меншай. А ў ідэале мэтазгодна стварыць службу таксі, каб  чалавек у любы час дня і ночы мог выклікаць таксаматор па  тэлефоне і быў гатовы заплаціць за праезд суму па лічыльніку. Але, напэўна, гэтая паслуга хайнічанам яшчэ не можа быць прадстаўлена.



Апытанне правяла Клаўдзія МІКАЛАЕВА.


 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *