Кожны дастойны павагі і ўдзячнасці


У адным з першых студзеньскіх нумароў гэтага года раёнка расказвала пра ветэранаў працы Хойніцкага леспрамгаса Г.С. Сацура і М.Ф. Кохана. Мне хацелася б прадоўжыць гэтую тэму і пазнаёміць чытачоў газеты з іншымі нашымі былымі работнікамі – таксама людзьмі паважанымі і дастойнымі.



Напрыклад, доўгі час участак па здабычы жывіцы ўзначальваў Фёдар Ігнатавіч Сакоўскі. У многім дзякуючы яго арганізатарскім здольнасцям, асабістай працавітасці наш лесапункт заўсёды быў адным з лепшых у вобласці і нават рэспубліцы па нарыхтоўках жывіцы. Сёння нават цяжка падлічыць, колькі тысяч тон гэтай карыснай сыравіны паступіла на перапрацоўку за 27 гадоў яго працы ў Хойніцкім леспрамгасе.



А колькі драўніны ад лясных дзялянак да месц перапрацоўкі вывезлі вадзіцелі лесавозаў С.У. Шуль і Л.М. Караткевіч! Сяргей Уладзіміравіч мае 34-гадовы працоўны стаж работы ў леспрамгасе, толькі на пяцігодку менш адпрацаваў у нас Леанід Міхайлавіч. Але ж хто скажа, што 29 гадоў за рулём лесавоза – гэта мала?.. Ад зары да зары, у любое надвор’е, хоць зімой, хоць летам іх МАЗы вывозілі па тысячы кубоў драўніны ў месяц – гэта і па сённяшніх мерках паказчык зусім не дрэнны. 
У тым, што ўся тэхніка прадпрыемства заўсёды была ў тэхнічна спраўным стане, вялікая заслуга Васілія Леанідавіча Казлова – 46 гадоў аддаў ён рамонту аўтамабіляў, устройстваў і механізмаў, а яго зварныя швы накладваліся так, што ніякім зубілам потым не раз’яднаць было іх.
Сапраўдным універсалам за тры працоўныя дзесяцігоддзі зарэкамендаваў сябе ў леспрамгасе Франц Аляксандравіч Караткевіч – ён быў і слесарам, і пячніком, і вулканізатаршчыкам. Адно слова – майстар на ўсе рукі!



Здаецца, не вельмі прыкметная, на першы погляд, работа была ў Васілія Аляксандравіча Жураўскага – развозіць людзей па аб’ектах лесараспрацовак. Аднак 36 гадоў з дня ў дзень бездакорна выконваць свае абавязкі, на заўсёды спраўнай, чыста вымытай машыне – справа таксама вартая павагі.
А колькі цёплых і ўдзячных слоў заслугоўваюць нашы жанчыны – канешне ж, ніяк не маглі мы абысціся без іх, нават у такой фізічна нялёгкай галіне прамыловасці, як лесараспрацоўка. Напрыклад, ніколі не выклікала нараканняў работа майстра-дзясятчыка па прыёмцы драўнінных хлыстоў Лідзіі Міхайлаўны Зубок. Неацэнную дапамогу ў аператыўным кіраванні аказвала нам дыспетчар Зінаіда Сцяпанаўна Цэйка, якая заўсёды дакладна ведала кварталы распрацовак, дакладна накіроўваючы на іх лесавозы і пагрузчыкі, іншую тэхніку і людзей.



Своечасова і дэталёва распрацоўвала нормы выпрацоўкі нарміроўшчыца Аляўціна Валянцінаўна Брацун, да самых тонкіх нюансаў ведала бухгалтарскую справу, якой аддала 24 гады жыцця, Соф’я Венедзіктаўна Пацалуева.
Што і казаць, кожны з 42 членаў нашай ветэранскай пярвічкі дастойны самай шчырай павагі і ўдзячнасці за шматгадовую і бездакорную працу.



М. БЛІШЧ, старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Хойніцкага леспрамгаса.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *