Дзеля выніку – працаваць у агульнай звязцы


Менавіта на гэта нацэльвала старшыня раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар, адкрываючы ў мінулую пятніцу пасяджэнне каардынацыйнага савета па выкананню  мерапрыемстваў па добраўпарадкаванню і навядзенню парадку на зямельных участках і замацаваных тэрыторыях.



Працягваецца маніторынг сацыяльных аб’ектаў  санітарнай службай раёна. Выпісваюцца прадпісанні за недастатковасць праводзімых супрацьгалалёдных мерапрыемстваў, неўпарадкаванасць прылягаючых тэрыторый, у асноўным гандлёвых аб’ектаў. Так, на гэтым тыдні выпісаны прадпісанні на загадчыц магазінаў №№ 11 і 19, магазіна «Комфорт».  Недахопы па раней выдадзеных прадпісаннях ухілены: расчышчаны праходы і вызвалены ўрны ад смецця на тэрыторыі  раённай бальніцы, на прыступках магазіна «Ромашка» з’явілася драўляная рашотка. Санітарная служба прадоўжыць кантраляваць аб’екты, таму што не ўсе, хто праінфарміраваў аб выкананні прадпісання, зрабілі гэта на самой справе.



Указана на праблемы малішаўскага міні-палігона: смецце і адходы звальваюцца на праезную частку, а не адвозяцца ў глыбіню палігона. Таксама на кантролі застаецца сітуацыя з несанкцыяніраванай смеццязвалкай па вул. Чапаева райцэнтра. Тэрмін выканання недахопаў – тыдзень.
Працягваюцца праверкі прыдамавых тэрыторый у горадзе і вёсках раёна. Дровы, будаўнічыя матэрыялы, нейкія вагончыкі – усё павінна быць прыбрана. Гэта ж датычыць і дзвюх машын, якія ўласнікам патрэбна ўбраць на працягу тыдня з вуліцы Шасейнай горада – за нерэагаванне на адпаведныя прадпісанні былі складзены пратаколы.
Станоўча адзначана работа ўчастковага інспектара міліцыі С.П. Талюка, які добра ведае свой участак, унікае ў праблемы жыхароў Паселіцкага сельсавета: прыедзе на ферму, калі ёсць патрэба, праверыць наяўнасць у магазіне пратэрмінаваных прадуктаў, наведвае людзей. Але ёсць і такія ўчастковыя, якія не ведаюць свайго ўчастка, праблем, з якімі сутыкаюцца жыхары сельсавета. Участковым патрэбна лепш працаваць з насельніцтвам, больш увагі звяртаць на іх праблемы і не замоўчваць негатыўныя сітуацыі і праявы сямейнага насілля, п’янства.



Як заўважыла Г.В. Бондар, у такія вялікія маразы патрэбна больш увагі ўдзяліць адзінока пражываючым састарэлым грамадзянам, сацыяльна небяспечным сем’ям. Усе зацікаўленыя службы – дырэктары школ, сацыяльныя работнікі, аддзел па надзвычайных сітуацыях – павінны абследаваць такія домаўладанні. Старшыні сельвыканкамаў павінны кантраляваць сітуацыю максімальна, каб людзі не змерзлі і не згарэлі.   
Тэмпература гарачай вады была некалькі зніжана для таго, каб павялічыць напор і  тэмпературу ў батарэях. Ухіляюцца недахопы ў рабоце Велікаборскай кацельні, вырашаецца пытанне з недастатковым ацяпленнем дома № 8 па вул. 70 год Кастрычніка райцэнтра.



Галіна Віктараўна дала даручэнне дырэктару КЖУП «Хойніцкі камунальнік»А.М. Клюкаўкіну правесці з работнікамі прадпрыемства гутарку наконт недапушчальнасці хамства і грубасці ў адносінах да людзей, якія звяртаюцца ў камунальную службу са сваімі праблемамі і скаргамі.
Многа скарг даводзіцца прымаць наконт дрэннай якасці чорнага хлеба вытворчасці хойніцкага хлебазавода. Раённаму спажывецкаму таварыству ўказана на неабходнасць выпраўлення становішча, на тым, што людзі купляюць гомельскі, мазырскі або рэчыцкі хлеб, раён губляе прыбытак. Якасць чорнага хлеба павінна быць палепшана. Калі неабходна, то можна з’ездзіць за вопытам у суседнія раёны.



Працягваецца знос старога і пустуючага жылля. Аднак і ў гэтым патрэбна палепшыць работу, каб пасля зносу дамоў вызваленыя землі можна было адразу заворваць.
Сацыяльная служба працягвае наведваць адзінока пражываючых і састарэлых грамадзян. За гэты тыдзень выяўлены 73 чалавекі, якія маюць патрэбу ў матэрыяльнай дапамозе, 3 чалавекам неабходна паліва. Пытанні на кантролі, паліва будзе завезена тэрмінова.
Галіна Віктараўна дала даручэнне начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Н.А. Слесарэнка пашырыць работу па прыцягненню да дапамогі састарэлым грамадзянам іх  дарослых дзяцей, якія пражываюць не толькі па-за межамі раёна,  але і побач, а бацькоў сваіх не даглядаюць. Патрэбна  накіроўваць гэтым несвядомым нашчадкам пісьмы, нават на працу. Час дапамагаць сваім бацькам, праяўляць больш свядомасці, часцей іх наведваць.


 


Вольга БЕЛАШ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *