Вёска майго дзяцінства


На Палессі, на самым поўдні Беларусі, ёсць куточак зямлі, асабліва дарагі майму сэрцу. Дзе б я ні была, куды б ні кідаў мяне лёс, я заўсёды ўспамінаю свае Кажушкі. Гэта была вельмі вялікая вёска. Прайсці па яе галоўнай пясчанай вуліцы, а гэта каля чатырох кіламетраў у даўжыню, было складана. Пасярод вёскі працякала канава. Мая мама расказвала, што яе капалі ўручную, каб злучыць “Гала” з лугам.

“Гала” – гэта балоцістая мясцовасць і, канешне, там было і летам, і, асабліва вясной, многа вады. І трэба было прапусціць гэтую ваду на луг, бліжэй да мноства азёр, размешчаных каля прыгажуні-Прыпяці.

Успамінаю, як згарэла ўся наша вёска ў 1943 годзе на святое свята Ушэсце. Фашысты лічылі нашу вёску партызанскай, таму і спалілі яе датла.

Пасля вайны мае аднавяскоўцы адбудавалі сабе дамы, працавалі не пакладаючы рук. Пабудавалі школу, магазін, сельскі Савет, клуб. Працавалі ў калгасе, трымалі гаспадарку, і ўсе цяжкасці стараліся пераадольваць разам. Але я хачу напісаць пра тыя прыгожыя месцы на нашых лугах. Вясной амаль увесь луг быў заліты вадой, толькі лазнякі ды вярхушкі дубоў былі відаць нават з парога нашай хаты.

А калі па Прыпяці ішлі параходы, то быў вельмі добра чутны іх шум. Але паступова вада спадала, і на лузе вырасталі вельмі высокія травы. Калі пачынаўся сенакос, на лугах было вельмі многа людзей-працаўнікоў. У той час уборачнай тэхнікі было яшчэ вельмі мала, уборка сена вялася амаль уручную. А які водар быў ад свежага сена! Колькі ў ім было розных кветак скошана, яны, канешне, высахлі, але водар застаўся. Яго нельга было параўнаць нават з самымі шыкоўнымі.

На нашым лузе была зона адпачынку, куды прыязджалі людзі з Кіева і Гомеля.

Колькі прыгожых азёр было вакол нашай вёскі! Маё дзяцінства прайшло менавіта на лузе, дзе раслі вельмі смачныя ягады – лугавыя суніцы. Я з сяброўкамі хадзіла іх збіраць. Мая мамачка сушыла ягады, а зімой заварвала імі чай. І ў нашай сям’і не хварэлі ангінай.

Адно з прыгажэйшых азёр мела назву Бабравіна – значыць там вадзіліся бабры. Жартай – вялізнае возера з плоскімі берагамі, дзе раслі сітнягі, а па вадзе раскіданы вялікія круглыя лісты белых лілій і жоўтых гарлачыкаў. У возеры Лебедзева раслі вадзяныя арэхі, бадзяга.

І вось гэты прыгожы куточак Палесся загубіў Чарнобыль. Цяпер тут забароненая зона. Вельмі цяжка на душы, калі ўсе жыхары збіраюцца ў сумны дзень – Радаўніцу – наведаць сваіх продкаў на могілках. Едуць адусюль: з Мазыра, Мінска, Гомеля, Кіева, з Шыіч Калінкавіцкага раёна, куды перасялілі жыхароў нашай вёскі пасля аварыі на ЧАЭС.

Цяжка заканчваць свой расказ аб сваёй малой радзіме. Але з памяці дзяцінства не выкінеш. У дзяцінстве, галодным і халодным пасля Вялікай Айчыннай вайны, было вельмі цяжка жыць у спаленай вёсцы і старым, і малым. А якія былі суровыя зімы. І трэба было ў няхітрай вопратцы і абутку дабрацца ў школу, у прыстасаваныя для класа дамы. Сшыткаў і кніг было вельмі мала. Але ў мяне было вельмі вялікае жаданне вучыцца. Мой бацька загінуў на фронце. Сястра Васіліна да вайны закончыла 7 класаў з пахвальнай граматай. Марыла стаць настаўніцай, але вайна перашкодзіла.

Я закончыла 7 класаў у 1953 годзе і паступіла ў Мазырскае педвучылішча. Закончыўшы яго, увесь час працавала настаўніцай пачатковых класаў на Хойнікшчыне. Жыву зараз у райцэнтры, а ў бяссонныя ночы думкамі там, у маёй роднай вёсцы Кажушкі.


А. ЛЯГУН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *