Дакладна разлічыць і разам выканаць


Адбылася 20-я сесія раённага Савета дэпутатаў 26 склікання. Удзел у ёй прынялі старшыня абласнога Савета дэпутатаў М.А. Бондар і член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дырэктар РНДУП «Інстытут радыялогіі» В.С. Аверын.



Справаздачу перад дэпутацкім корпусам аб рабоце  райвыканкама ў 2011 годзе трымала намеснік старшыні райвыканкама А.М. Іўкова. Складана  было  гэта рабіць  за трыбунай. А як жа інакш, калі з 12 даведзеных асноўных паказчыкаў выкананы толькі 4 паказчыкі – па энергаз-беражэнню, экспарту тавараў (без уліку рэспубліканскіх арганізацый), вытворчасці прамысловай прадукцыі і па аб’ёму аказаных платных паслуг насельніцтву. Гэта пры тым, што ў цэлым у вобласці з 16-ці выкананы 10,  станоўчую дынаміку маюць 2 і не выкананы толькі 4 паказчыкі. Наш раён атрымаўся слабым звяном у счэпцы з астатнімі.



Як адзначыла ў сваім выступленні старшыня абласнога Савета дэпутатаў М.А. Бондар, мінулы год для эканомікі раёна быў проста правальным. І гэта не таму, што кіраўніцтва было дрэнным, людзі дрэнна працавалі. Прычына – работа без аналізу. Як ёсць – так і ёсць. А нельга было на самацёк пускаць. Сістэма ў арганізацыі кожнай службы, прадпрыемства павінна працаваць. Кожнаму дакладна трэба ведаць, за што ён адказвае, да чаго імкнецца.



Зразумела, што пры адмоўных выніках работы і сярэдняя зарплата склалася самая нізкая па году з усёй вобласці ў Хойніцкім ды яшчэ ў Кармянскім раёнах.
І людзям далёка не цікава ведаць прычыны гэтаму. Або цікава, ды толькі адзін раз, а потым павінна быць станоўчая дынаміка, павінна працаваць знойдзеная правільная формула па выхаду са страт.  Што і чакаецца ад нашага раёна сёлета. І нам гэта па сілах. Суседні, Брагінскі раён, змог жа зарэкамендаваць сябе моцным серадняком у сацыяльна-эканамічным развіцці ў 2011 годзе. А мы чым горш за брагінцоў? У адных жа ўмовах надвор’я вядзём сельскую гаспадарку – галіну, якая больш чым на 50% вызначае накіраванасць вытворчасці прадукцыі на Хойнікшчыне.



У працяг  абмяркоўваемай  тэмы выступіў сенатар В.С. Аверын. Ён гаварыў аб абавязковай зацікаўленасці кіраўнікоў у канчатковым  выніку гаспадарання, аб фарміраванні ў падначаленых здаровага духу працоўнага саперніцтва. Менавіта тады гэты вынік і будзе пераможным. Акрамя таго, Віктар Сяргеевіч прапанаваў звяртацца сельгасвытворцам, калі нешта не ладзіцца, за дапамогай да спецыялістаў узначальваемага ім у Гомелі інстытута радыялогіі. Яны дапамогуць дакладна вызначыць па наяўнай плошчы пасеву кожнай культуры іх магчымую максімальную ўраджайнасць, разлічаць валавы збор усіх відаў прадукцыі ў вагавых і кармавых адзінках, сярэднеўзважаную ўдзельную актыўнасць радыенуклідаў у прадукцыі пры гэтым  размяшчэнні культур.



Менавіта пры такім метадычным падыходзе праз структуру пасяўных плошчаў і кармавой базы жывёлагадоўля  і раслінаводства прыводзяцца ў адпаведнасць з прыроднымі ўмовамі і вызначаюцца рэальныя аб’ёмы вытворчасці таварнай прадукцыі. Прапаноўваемая праграма «AgroOptimization» у кожным асобным выпадку дазваляе вызначыць патэнцыял у вытворчасці адапціравана да канкрэтных умоў гаспадарання і эфектыўна выкарыстоўваць зямельныя рэсурсы.
На просьбу-запыт М.А. Бондар аб аказанні такой падтрымкі раёну на бясплатнай аснове выступаючы В.С. Аверын адказаў згодай. Толькі падкрэсліў, што дапамога ў правільным размяшчэнні культур з улікам тыпаў глебы дзеля атрымання максімальнага ўраджаю і мінімальнай актыўнасці радыенуклідаў будзе аказана сёлета таму, хто найбольш стараецца, а іменна КСУП імя Мележа.



На сесіі былі зацверджаны паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2012 год (прыведзены ў табліцы  ўнізе).
Дэпутаты заслухалі справаздачу начальніка фінансавага аддзела райвыканкама Ю.У. Новіка аб выкананні раённага бюджэту за 2011 год. Пасля абмеркавання Хойніцкі раённы Савет дэпутатаў вырашыў зацвердзіць яго па даходах у суме 96 708 524,1 тысячы рублёў і па расходах – у суме 97 230 092,7 тысячы рублёў з перавышэннем расходаў над даходамі ў суме 521 568,6 тысячы рублёў.



Ведаючы добра раён, яго эканамічны патэнцыял, М.А. Бондар і В.С. Аверын выказалі ўпэўненасць, што ў адносінах працаўнікоў Хойнікшчыны не прагучаць больш словы «не надаілі,  не выпусцілі,  не прадалі». Аддзел эканомікі райвыканкама скаардынуе належным чынам работу кожнага суб’екта гаспадарання.
Дарэчы, добры старт у сацыяльна-эканамічным разві-цці Хойнікшчыны сёлета ўжо праследжваецца. Галоўнае цяпер – не здаваць пазіцыі.



Ірына ВАСІЛЬЕВА.





Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *