Зрабіць жыццё камфортным


 Дэталёва абмяркоўвалася пытанне аб рабоце Велікаборскага сельскага Савета дэпутатаў, сельвыканкама па вырашэнню пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва на выязным пасяджэнні пастаяннай камісіі райсавета па бюджэтна-эканамічных пытаннях, ЖКГ, гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання. Праводзілася пасяджэнне  пад эгідай старшыні раённага Савета дэпутатаў Г.В. Бондар у адным фармаце з планёрнай нарадай  сельвыканкама.



Трымалі справаздачу аб рабоце, зробленай на папярэднім тыдні, упраўляючая справамі сельвыканкама В.А. Плытнік, участковы інспектар міліцыі В.В. Звягін, галоўны бухгалтар сельвыканкама Н.І. Шаціла. Каменціруючы выступленні, Галіна Віктараўна зазначыла, што сельвыканкам, адказныя службы яшчэ не ў поўнай меры ўпіталі ў сябе вясковыя праблемы, якія выйшлі на паверхню. Напрошваецца вывад: або няма даверу з боку людзей, або гэтыя праблемы на месцы не вырашаюцца. Як жа інакш можна растлумачыць той факт, што колькасць зваротаў ад велікаборцаў у раённую ўладу значна павялічылася? Жыхары не атрымалі інфармацыю аб парадку абмену пасведчанняў ліквідатараў катастрофы на ЧАЭС, не накіравана ні адно пісьмо ў адрас дзяцей пажылых грамадзян, каб напомніць пра сыноўні абавязак, не прасочваецца сітуацыя са знаходжаннем дзяцей і падлеткаў па-за домам пасля 22.00, з неспрыяльнымі сем’ямі. Уладальнікі пластыкавых картак да гэтага часу не ўпэўнены, што пры зняцці грошай не бярэцца ніякі працэнт з наяўнай сумы. Г.В. Бондар адзначыла як станоўчы момант, што наладзіліся справы з прыцягненнем сродкаў насельніцтва – сабрана летась па самаабкладанню 1 млн. 701 тыс. руб.



Пастаянная камісія райсавета заслухала інфармацыю  старшыні  Велікаборскага сельвыканкама А.А. Кузьменка, а таксама інфармацыю кіраўніка рабочай групы па падрыхтоўцы пасяджэння, старшыні  пастаяннай камісіі райсавета А.В. Шавыравай, якая пазнаёміла дэпутатаў з вынікамі праведзенай работы. Большасць праблем датычыць камунальнага абслугоўвання – патрабуецца рамонт дахаў дамоў, робіць некамфортным жыццё жыхароў няспраўная каналізацыя, ёсць пытанні па бытавому, сацыяльнаму абслугоўванню вяскоўцаў, па рабоце аўтамагазіна. Дырэктар КЖУП «Хойніцкі камунальнік» А.М. Клюкаўкін паабяцаў, што рамонт дахаў будзе праведзены з наступленнем цёплага часу года, дырэктар КБА Н.М. Малаш заверыла, што будуць арганізаваны паслугі выязнога цырульніка.



У прынятым рашэнні камісія райсавета акрэсліла нявырашаныя праблемы жыццядзейнасці на тэрыторыі сельсавета, вызначыла канкрэтныя меры і адказных за выпраўленне становішча.


Клаўдзія Босак.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *