Адна з палявых карцін – сеем кукурузны «Рубін»

Сельское хозяйство

На палях раёна працягваюцца работы па яравой сяўбе сельскагаспадарчых культур. Пасля завяршэння сяўбы ранніх збожжавых асноўная ўвага працаўнікоў вёскі сканцэнтравана на кукурузе. 

Тон у рабоце задаюць механізатары сельгаспрадпрыемстваў «Судкова» і «Стралічава». Менавіта гэтыя дзве гаспадаркі маюць не толькі самыя вялікія плошчы, адведзеныя пад кукурузу, але і лідзіруюць па колькасці пасеяных гектараў. Мы пабывалі ў КСУП «Судкова», вось што расказаў галоўны аграном Сяргей Віктаравіч Мастабай.
– Да сяўбы кукурузы прыступілі 16 красавіка. У параўнанні з мінулым годам пасяўныя плошчы кукурузы сёлета, за кошт уключэння ў севазварот новых зямель, павялічыліся на 100 гектараў і дасягнулі 2950 га. Па стану на 11 мая пасеяна 1531 гектар. Плануем завяршыць сяўбу кукурузы да 25 мая.
Ад дабра дабра не шукаюць – сцвярджае народная прымаўка, таму і ў гэтым годзе сеем насенне добра зарэкамендаваўшых сябе летась гібрыдаў кукурузы айчыннай селекцыі «Палескі 212», «Палтава», «Лювена». Набываем яго ў РСУП «Эксперыментальная база «Крынічная».
На двух сучасных сеялках з ранка і да вечара шчыруюць С.А. Мазырэц (на трактары МТЗ-82 з сеялкай ТСМ-8000) і А.К. Корбіт (МТЗ-1221 з сеялкай СПУ-6).
У адпаведнасці з тэхналогіяй пад сяўбу кукурузы ўносяцца мінеральныя тукі, займаецца гэтым механізатар М.А. Кудака.
На ўнясенні арганічных угнаенняў заняты М.М. Кравец, У.У. Бельскі і А.А. Юдчанка. Арганіку на пагрузчыку «Амкадор» загружае А.А. Новік.

Запісаў Віктар НАЗАРАНКА.

Вяскоўцы завіхаюцца на палях з раніцы і да позняга вечара часта – без выхадных. Гэта, безумоўна, вельмі цяжка. Але ёсць людзі, якія ніколі не гавораць аб складанасцях. З катэгорыі такіх аптымістаў палявод КСУП «Судкова» Кацярына Аніскавец. Хаця цяжка ёй у прамым сэнсе.
Зараз жанчына шпарка запраўляе сеялку кукурузным насеннем. З боку ўсё выглядае даволі лёгка. Вядзерца за вядзерцам… а за дзень атрымліваецца сорак мяхоў! Кожны з іх важыць па дваццаць пяць кілаграм.
Нялёгка. Але паглядзіце, якая ў Кацярыны цудоўная ўсмешка, якое яркае кукурузнае насенне, нібы рубін (па колеру і каштоўнасці), і якія бязмежныя палеткі… 

Для многіх механізатараў, якіх добра ведаем па рабоце, нам, журналістам, ужо нават складана падбіраць пытанні. Бо яны лепшыя і трапляюць у «раёнку» з сезона ў сезон.

А традыцыйнымі размовамі наконт тэхнікі, надвор’я і харчавання ў полі чытача ўжо не здзіваць. Таму даводзіцца пытацца аб усім чым заўгодна. І дзякуй, што працаўнікі спакойна рэагуюць на нашу дапытлівасць і адказваюць з жартам.
Напрыклад, на гэты раз з механізатарам КСУП «Судкова» Сяргеем Мазырцом мы абмяркоўвалі расход шампуня. Працаваць жа даводзіцца ў пылу…

Мужчына сее кукурузу. Спыталася і ці любіць есці гэтую расліну? Высветлілася, што любіць. Асабліва мамалыгу (крута завараная каша з кукурузнай мукі), якую гатуе жонка.
Напрыканцы «перацерлі» раённую зводку перадавікоў. Сяргей – у ліку лепшых. На трактары працуе дваццаць пяць гадоў. І ўжо не ўяўляе сябе без нівы і вуркатання трактарнага матора…

Фота Наталлі ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *