Не быць у аўтсайдэрах


Пад старшынствам намесніка старшыні райвыканкама Ж.М. Чарняўскай адбылося чарговае пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх, на якім разглядалася пытанне аб рабоце інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС з уліковай катэгорыяй падлеткаў.



Перш чым прыступіць да абмеркавання галоўнага пытання парадку дня, былі разгледжаны справы трох падлеткаў, якія і знаходзяцца якраз на прафілактычным уліку. Два з іх – навучэнцы Прыбарскага і Хойніцкага  ДПТВ. Нягледзячы на праводзімую работу, пазітыўных перамен у паводзінах няма. Знаходжанне ў грамадскім месцы ў п’яным выглядзе, арганізацыя бойкі, поўнае ігнараванне вучобы – вось спіс правапарушэнняў, якія ім «інкрымінаваны». Толькі на паперы лічыцца вучнем СШ №1 наступны з разгледжаных на камісіі. Па кодэксу ён павінен быць адлічаны са школы, таму што з пачатку навучальнага года толькі два дні прысутнічаў там.



Усім тром юнакам вось-вось спаўняецца 18 гадоў, з уліку яны здымаюцца. Але з якім «багажом» яны ўступаюць у дарослае жыццё? Ні прафесіі, ні работы. І куды можа завесці сцяжынка, па якой крочаць, варта толькі здагадвацца.



На пасяджэнні камісіі заслухана інфармацыя начальніка інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС А.В. Лобана, урача-нарколага цэнтральнай раённай бальніцы С.І. Собаль, в.а першага сакратара РК ГА «БРСМ» А.С. Барысенка. Работа інспекцыі з уліковай катэгорыяй падлеткаў прызнана недастатковай. Хаця з кожным такім парушальнікам праводзяцца індывідуальныя мерапрыемствы, накіраваныя на карэкцыю яго паводзін, статыстыка 2011 года не дае падстаў для аптымізму. Дзевяццю непаўналетнімі ўліковай катэгорыі (3 вучні гімназіі, школ раёна, 4 – навучэнцы ПТВ, 1 – працуючы і 1 – непрацуючы)  было здзейснена 12 злачынстваў. А гэта роўна палова ад агульнай колькасці ўсіх злачынстваў. За два месяцы сёлета зарэгістраваны 2 злачынствы з удзелам «улікоўцаў», навучэнцаў ДПТВ-183. Складзена 18 адміністрацыйных пратаколаў.



Падводзячы вынік пасяджэння камісіі, Ж.М. Чарняўская адзначыла, што паказчык здзейсненых  непаўналетнімі парушэнняў, а менавіта доля ў агульнай структуры  злачынстваў, значна перавышае сярэднеабласны. З гэтым мірыцца нельга. Трэба выпрацаваць стройную   сістэму прафілактычнай работы з уліковай катэгорыяй непаўналетніх дзеля выпраўлення становішча самым кардынальным чынам.



Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *