КСУП «Імя І.П. Мележа»: родная зямля грэе і аберагае

Сельское хозяйство Экономика

На будынку канторы вісіць вялікі банер з выказваннем славутага земляка Івана Мележа: «Палессе… Край гэты назаўсёды ўлюбіў мяне ў хараство прыроды, хараство жыцця». Народны пісьменнік на ўвесь свет праславіў сваю малую радзіму. Напоўненую водарам лугоў і дарамі лясоў, «музыкай» пчол, песняй жаўрука. Мясцовая гаспадарка носіць імя таленавітага сына глінішчанскай зямлі і таму павінна адпавядаць ганаровай назве. Шчыра кажучы, атрымліваецца гэта не заўсёды і па-рознаму, але імкненне ёсць. Упэўніваешся ў гэтым пасля размовы з кіраўніком і працаўнікамі.

Уладзімір Аляксеевіч Кірэйчук – чалавек просты, сціплы. Родам з Жыткавіцкага раёна. Служыў у Забайкальскай памежнай акрузе. Закончыў Чырвонабярэжскі сельгастэхнікум і Горацкую акадэмію. Аграномам марыў стаць з таго часу, як школьнікам на канікулах падпрацоўваў памочнікам камбайнера. Калі дыплом быў атрыманы, лёс на трыццаць тры гады звязаў яго з адной гаспадаркай – «Абарона краіны» Рэчыцкага раёна. Згадзіцеся, гэта каштоўная вернасць. Змяніў некалькі пасад, уздымаючыся па кар’ернай лесвіцы, да дырэктарскага крэсла. З той пары нёс нялёгкую ношу і прыкладаў усе намаганні, каб трымаць сельгаспрадпрыемства на плыву.
А два гады таму Уладзіміру Аляксеевічу прапанавалі ўзначаліць КСУП «Імя І.П. Мележа» ў нашым раёне. Паразважаў-паразважаў, ды і згадзіўся. Людзі, зямля – усё для яго новае. А наколькі цяпер новыя падыходы ў рабоце? Якія праблемы існуюць, якія планы ставяцца? З гэтымі пытаннямі і звярнуліся да кіраўніка.
– Раней я працаваў у гаспадарцы, якая значна большая за гэту. Калі там было дзевяць тысяч гектараў сельгасугоддзяў, то тут – шэсць тысяч. Там пагалоўе буйной рагатай жывёлы – сем тысяч, тут – чатыры. Там 380 работнікаў, тут – 208. Аднак працаваць ніколькі не лягчэй. Сапраўды.
Канешне, хацелася б мець большую выніковасць, але ў нас ёсць некалькі асноўных праблем, як камяні яны цягнуць эканоміку прадпрыемства ўніз. У першую чаргу гэта – узнаўленне статка, стан ферм і недахоп тэхнікі. Над усім гэтым мы па магчымасці працуем.
Шмат хібаў у рабоце са статкам, якія цяпер складана наганяць. Максімальны ўпор трэба рабіць на селекцыйную работу. Таму асаблівую патрэбу маем у добрым тэхніку-асемянатару.
Зараз у Грачыхіна ўласнымі сіламі праводзім рэканструкцыю сарая. У планах зрабіць касметычны рамонт на комплексе ў Тунеўшчыне, акрамя таго хочам там пабудаваць невялічкі цялятнік лёгкага тыпу.
Хутка пачнецца размеркаванне ў каледжах і ВНУ аграрнага профілю, паедзем туды, каб «пераманіць» спецыялістаў да сябе. Хаця ўжо дакладна ведаем, што сёлета наш калектыў папоўняць аграном, заатэхнік і энергетык.
Не хапае энерганасычаных трактараў – працуем у дзве змены. На сяўбе сярод гаспадарак раёна знаходзімся ў залатой сярэдзіне. З сельгастэхнікі ў гэтым годзе набылі толькі «Амкадор». Але зразумела, што ўсё цалкам новае не купіш, таму шмат чаго аднаўляем самастойна.
Наогул лічу, што галоўнае – беражліва адносіцца да ўсяго. Як да свайго, асабістага. Будзь то карова, ці машына, ці абсталяванне. Ускосна некаторыя праблемы залежаць ад людзей: не дадаіла – захворванні, не зрабіў своечасова развал – з’елася калёсная гума і гэтак далей. Не, я нічога супраць свайго калектыву не магу сказаць, работнікі тут добрыя, дружныя. Але мне хацелася б для іх большага, каб атрымлівалі вышэйшыя заробкі, аднак гэта проста немагчыма пры тых паказчыках, якія мы маем. Таму разлічваю на разуменне кожнага. А чым пахваліцца? Шчыра кажучы, я гэтага не люблю. Адзінае, чым магу на сёння ганарыцца, дык сваімі людзьмі. Гэты год прысвечаны малой радзіме, хочацца, каб тутэйшыя жыхары больш добрага і карыснага зрабілі для сваіх, любых сэрцу, мясцін. Іван Мележ быў упэўнены: «Родная зямля грэе і аберагае». Так яно і ёсць.

Таццяна Васільеўна Карпава, галоўны эканаміст
«Каралева лічбаў», «мазгавы цэнтр» – як яе не называй, але сутнасць адна – чалавек у гаспадарцы важны. Бо менавіта яна надае вектар руху. Таццяна Васільеўна – мясцовая. На эканаміста вучылася ў Гомельскім універсітэце Ф. Скарыны. Хацела вярнуцца працаваць у родную вёску, таму паступала па мэтаваму накіраванню. Пачынала спецыялістам па працы і зарплаце, крыху займала пасаду старшыні прафкама. А ў якасці галоўнага эканаміста дванаццаць гадоў.
Цяпер у разгары сяўба кукурузы, на подступах корманарыхтоўка, а не паспееш азірнуцца, як жоўтымі кругляшамі саломы падкоціцца жніво… І ўсё тое, што кожны дзень адбываецца на палях і фермах знаходзіць адлюстраванне на паперах Таццяны Васільеўны. Па яе словах, можна доўга параўноўваць мінулае і сучаснае гаспадаркі, шукаць прычыны таго, чаму яна не ў лідарах. Але відавочна, што дзе-нідзе ўпускаюць. Праводзіцца работа па тэхнічным пераўзбраенні ферм, укаранёна паточна-цэхавая сістэма вытворчасці малака, аднак стабільнасці пакуль няма. Пры гэтым варта ўсёроўна заўсёды глядзець з надзеяй у будучыню.

Наталля Сяргееўна Бондар, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце
Гэта чулая мясцовая дзяўчына, нягледзячы на малады ўзрост, займае адказную пасаду. Яна ў адказе за настрой калектыву. Кагосьці падтрымаць трэба, некага прастымуляваць, а для іншага і «пугу» прымяніць. Кудрыцкія (яе дзявочае прозвішча) – адна з самых вялікіх дынастый у гаспадарцы. Маці – галоўны бухгалтар, муж, бацька і дзядзька – вадзіцелі, цётка – улікоўшчык. Працавітую сям’ю цэняць у калектыве. А сама ж Наталля цэніць кожнага работніка.
Яна заўсёды разам з дырэктарам ушаноўвае герояў палёў і рупліўцаў ферм. Арганізоўвае святы, хаця і прызнаецца, што людзі цяпер з меншай ахвотай збіраюцца на карпаратывы. На Новы год сельгаспрадпрыемства дорыць падарункі сваім работнікам, а таксама ўсім вучням Глінішчанскай і Слабажанскай школ, выхаванцам мясцовага дзіцячага сада. А летась уручылі першакласнікам семнаццаць ранцаў з неабходнымі прыналежнасцямі. Ды часам і падарункі не галоўнае, а ўвага. Таму хоць чымсьці дробным ідэолаг імкнецца даставіць радасць калегам: смс-кай, паштоўкай, ці цукеркамі.
Работа работай, а моладзі хочацца і вясёлага вольнага часу. Выпадкова пачула, што не супраць былі б хоць на дзянёчак трапіць, напрыклад, на турзлёт. Але я вам нічога не гаварыла (гэта сакрэт).

Зоя Адамаўна Блізнец, аператар машыннага даення МТК «Алексічы»
Спрытная, увішная, жанчына заўсёды, бы пчолка, снуе па даільнай зале. Семнаццаць гадоў – вопыт вялікі, таму ўсё можа рабіць практычна з заплюшчанымі вачыма. Пры гэтым якасць – яе адметнасць. Не паспявае прачнуцца, а думкамі ўжо разам са сваімі кароўкамі. Дрэнны настрой і турботы абавязкова пакідае за парогам фермы.

Бліц для Зоі Адамаўны:
— Самае лепшае ў Вашай рабоце?
— Жывёла.
— Любіце піць малако?
— Больш кефір.
Што падабаецца гатаваць?
— Усё рыбнае і грыбное.
— Любімае свята?
— Новы год.
— Якая Вы па характару?
— Да маіх нерваў дастаць цяжка. Калі нешта не так, выказацца магу. Аднак доўга не крыўджуся, адыходлівая.

Святлана Мікалаеўна Кузменка, галоўны заатэхнік
У сельскай гаспадарцы яна ўжо дваццаць гадоў, чатыры з іх – галоўны заатэхнік. З чырвоным дыпломам закончыла Калінкавіцкі тэхнікум і прыехала будаваць кар’еру ў родны раён. Прайшла няпросты шлях ад даяркі да брыгадзіра фермы, затое цяпер жывёлаводчую справу ведае дакладна, бо на сабе адчула ўсю яе салодкасць і салёнасць. Гэтыя веды карысныя ў кіраванні людзьмі. Святлана Мікалаеўна шчыра перажывае за кожны «ўпаўшы» ў зводцы літр малака і радуецца кожнаму «ўзнятаму». Патрабаванні да якасці цяпер вельмі сур’ёзныя, таму і падыход да работы павінен быць такім жа. Час ідзе, нас акружаюць інавацыі. Хто яшчэ чвэрць стагоддзя таму, калі яна пачынала працаваць, мог паверыць у тое, што на фермах будуць камп’ютэры? А сёння гэта звычайнасць.
Святлана Мікалаеўна – аўталедзі. За рулём машыны восем гадоў. І гэта вельмі спрыяе ёй у рабоце. Дарэчы, пакуль мы былі ў сельгаспрадпрыемстве яна паспела аб’ехаць усе фермы, а «злавілі» яе каля Слабажанскай, дойны статак якой знаходзіцца на пашавым утрыманні.

Алена Уладзіміраўна Сяргеенка, цялятніца МТФ «Глінішча»:
«Мае лялькі» – так ласкава жанчына называе цялятак. Да іх ставіцца, як да маленькіх дзетак. У кожнага свае мянушкі «Даша, Маша, Глаша…» А калі пачала распавядаць пра тое, як хварэў Яшачка, дык са слязамі на вачах. І колькі б падапечных у яе ні было б, у напарнікі з калег да сябе нікога не бярэ. Тлумачыць гэта тым, што ведае, колькі, калі і чаго кожнаму цялятку трэба даць. Аднаго нават ледзяшамі частуе. Ён прывык і піць не пачынае, пакуль не атрымае салодкае заахвочванне. Захаванасць цялят у Алены Уладзіміраўны (цьфу-цьфу-цьфу, каб не зглазіць) выдатная. Бо стаўленне адпаведнае.
Наогул яна вельмі пазітыўны чалавек. І калі я задала пытанне аб тым, ці лічыць сябе шчаслівай, адказала так: «У асабістым жыцці часткова. На шчасце ў мяне трое дзяцей – мой гонар. А вось у працы – цалкам. Я шчаслівая!»

Васілій Іванавіч Сянько, брыгадзір Слабажанскай фермы
Ферма ў Слабажанцы старэнькая, але па паказчыках абганяе нават новыя комплексы. Асабліва цяпер, калі каровы перайшлі на зялёны корм. Калектыў тут падабраўся малады, зладжаны, працавіты. Васілій Іванавіч кіруе на ферме чатыры гады, а ўсяго ў жывёлавагадоўлі – дваццаць. У куртцы поўныя кішэні. Пытаюся, што носіць. Адказвае: «Самае неабходнае – блакнот і тэлефон. Усе лічбы па ферме абавязкова занатоўваю і заўсёды знаходжуся на сувязі». Доўга мы размаўлялі і я ўсё імкнулася высветліць, чаго ферме не хапае, пералічвала і тое, і тое. А Васілій Іванавіч пераконваў мяне ў тым, што ў іх усё ёсць. А для падняцця настрою яшчэ і работнікі клуба на святы прыходзяць, ды школьнікі з настаўнікамі віншуюць.
Нехта ў жарт казаў, што калі ў работнікаў агранамічнай службы экзамены некалькі разоў у год – пасяўная, нарыхтоўка кармоў і жніво, астатняе – залікі, то ў жывёлаводаў экзамен кожны дзень. І ў Слабажанцы іх здаюць добра.
Раман Аляксандравіч Ромазаў, механізатар
Новае імя ў раённай зводцы перадавікоў на сяўбе кукурузы, напэўна, заўважылі многія. Гэта другая па ліку пасяўная маладога механізатара і даволі паспяховая. У Глінішчы жыве чацвёрты год, з сям’ёй пераехаў з Запарожскай вобласці Украіны. Там таксама працаваў трактарыстам. І таксама на беларускім МТЗ. Таму наша тэхніка яму палюбілася даўно. Зразумела, што на полі не да доўгіх размоў, аднак пасля шчырых яго слоў «Не, па моры не сумую», стала зразумелым, што прыкіпеў ужо душой да мележаўскіх мясцін.
Імгненне – і механізатар ужо ў кабіне трактара, каб прадоўжыць сяўбу. Падрыхтаваная глеба паслухмяна прымала ў сваё ўлонне кукурузнае насенне…

Яўгеній Аляксеевіч Цітараў, аператар па адкорму БРЖ
Сфатаграфавалі мужчыну каля новенькага доміка ў Глінішчы, які яму прадаставіла сельгаспрадпрыемства. Сям’я паступова абжываецца, а ў гаспадара ўжо планы наконт развядзення вінаградніка. Вырас Яўгеній у Адэскай вобласці, вось з дзяцінства і любіць гэтыя сакавітыя ягады. Цяпер падбірае гатункі, якія лепш падыходзяць для нашай мясцовасці. А яшчэ ў вольны час вырошчвае акварыумныя расліны і разводзіць рыбак. Мае акварыум ёмістасцю пяцьсот літраў. Усё гэта ў прамежках паміж работай на ферме, якая яму таксама па душы. Хаця да пераезду ў Глінішча (а было гэта дзевятнаццаць гадоў таму) ён працаваў слесарам на хімічным заводзе. Змяніў сферу дзейнасці і цяпер у іншай сябе не ўяўляе.

Матэрыялы падрыхтавала Наталля ЧЭКАН. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *