Выстаўка карцін земляка


Паважаныя жыхары Хойнікшчыны! Запрашаю вас наведаць выстаўку карцін ураджэнца Хойнік Мікалая Мікалаевіча Асаўляка, прысвечаную яго 75-годдзю. Пройдзе яна на працягу красавіка ў музеі «Трагедыя Чарнобыля» ў в. Судкова.



На жаль, Мікалай Мікалаевіч пайшоў з жыцця на 72-м годзе. Але жывуць яго высокія маральныя прынцыпы, духоўныя якасці  і думкі ў палотнах, на якіх  веліч і прыгажосць нашай любай роднай старонкі.



Нагадаю, што нарадзіўся М.М. Асаўляк у горадзе Партызанску Прыморскага краю ў сям’і служачага. Яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны бацьку перавялі працаваць у Беларусію. Тут іх сям’я і засталася.



Мастак Мікалай Мікалаевіч, як кажуць, па спадчыннасці. Брат маці таксама быў жывапісцам. Пасля службы ў радах Савецкай арміі, а давялося яму служыць у Германіі, М.М. Асаўляк вярнуўся ў Хойнікі. Працаваў мастаком-афарміцелем у раённым Доме культуры. З 1965-га да 1998 года навучаў дзяцей чарчэнню, маляванню, вёў урокі сусветнай мастацкай культуры ў СШ № 3 г. Хойнікі.   



Экспанаваць свае выстаўкі М.М. Асаўляк пачаў у 1966 годзе ў абласным Доме настаўніка ў Гомелі. Прымаў удзел у раённых, абласных, рэспубліканскіх, усесаюзных выстаўках карцін. Адна з іх, яго персанальная, прайшла ў г. Люнебург у Германіі.



Мікалай Асаўляк не прыдумваў тэмы для творчасці. Яны былі навокал. Не выключэннем стала і тэма «мёртвых» вёсак пасля аварыі на ЧАЭС.
Экспазіцыі і плэнеры давалі магчымасць падтрымліваць зносіны з калегамі. Дарэчы, Мікалай Мікалаевіч з’яўляўся членам Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь, ён – лаўрэат другога Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці, удзельнік 17-га і 18-га з’ездаў Беларускага саюза мастакоў, першага Міжнароднага славянскага плэнера.
  Ніна Антонаўна, жонка мастака, расказвае, што карціна пад назвай «Васільеўка» на Усесаюзнай выстаўцы была ўдастоена бронзавага медаля. Яна была заўсёды адной з самых дарагіх для мужа, зараз упрыгожвае  кватэру, якая больш напамінае мастацкую галерэю.



Карціны М.М. Асаўляка ёсць не толькі ў мясцовых аматараў жывапісу, але і ў прыватных калекцыях жыхароў Нарыльска, Мурманска, Германіі, нават у Кітаі.
І ў жыхароў нашага раёна таксама ёсць магчымасць акунуцца ў свет прыгожага і атрымаць асалоду ад наведання выстаўкі.
Прыдзіце ў наш музей і ўпэўніцеся ў гэтым самі. Мы працуем з 8.30 да 17.30 штодзённа, за выключэннем нядзелі і панядзелка.



 В. ГАЦКО, дырэктар музея «Трагедыя Чарнобыля».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *