Сяргей Смольскі атрымаў падзяку міністра

Людзі і лёсы Образование Спорт

З нагоды Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту ўшаноўваюць прафесіяналаў сваёй справы гэтай галіны. Адным з іх сёлета стаў трэнер дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы раёна Сяргей Міхайлавіч Смольскі. Ён атрымаў высокую ўзнагароду – Падзяку за подпісам міністра спорту і турызму Рэспублікі Беларусь С.М. Кавальчука.

Залатымі літарамі ў Падзяке прапісаны асноўныя заслугі хойніцкага трэнера – шматгадовая плённая праца, ініцыятыва ў рабоце, значны асабісты ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту ў раёне. З гэтым не паспрачаешся. Сяргей Міхайлавіч працуе ў сваёй галіне больш за 19 гадоў, на рахунку яго выхаванцаў нямала перамог абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Але трэнер упэўнены, што гэтыя дасягненні не мелі б такога значэння без галоўнага, на яго погляд, – падтрымкі калег і кіраўніцтва. Як у прыказцы «адзін у полі не воін», так і ў трэнерскай рабоце, дзе на вынік працуе не толькі сам спартсмен і яго настаўнік, а яшчэ не менш чым дзесятак людзей.

У размове Сяргей Міхайлавіч нібы дыстанцыруецца ад заслужаных кампліментаў. Кажа, што больш спрыяльна адносіцца да крытыкі, калі яна аб’ектыўная, чым да пахвальных выказванняў. Колькі сябе памятае, цікавіўся спортам, а ў 7 класе ўвогуле раз і назаўжды вызначыўся з будучай прафесіяй. Хаця ў час выпускных іспытаў яго запрашалі паступаць у транспартную ВНУ, разглядвалася магчымасць связаць лёс з ваеннай службай. Здаецца, такія розныя напрамкі, але ўсе яны падыходзілі юнаку – добрая фізічная падрыхтоўка і, што не менш важна, выдатная вучэбная паспяховасць.

Школу закончыў з сярэбраным медалём, заставалася толькі выбраць прафесію па душы. І ён паехаў у Гомель, дзе паступіў на факультэт фізічнай культуры дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны. Яго Сяргей Міхайлавіч закончыў па спецыяльнасці трэнера па біятлону, гэты накірунак выбраў на першым курсе, таму што добра хадзіў на лыжах. Лёс прывёў пачынаючага трэнера ў Хойнікі, першым месцам працы стала спартыўная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву. Тут давялося змяніць кваліфікацыю і заняцца лёгкай атлетыкай. Пазней трэнер перайшоў у дзіцяча-юнацкую спартыўную школу раёна, дзе працуе па сёння – вядзе трэніроўкі на базе трэцяй гарадской школы.

Набор будучых лёгкаатлетаў пачынаецца рана – у другім-трэцім класе можна прыцягваць дзяцей да больш сур’ёзных трэніровак, акрамя ўрокаў фізкультуры. Далей можна толькі павялічваць нагрузку і накіроўваць вучняў да новых вынікаў. Напрыклад, цяпер Сяргей Міхайлавіч займаецца з пяцікласнікамі, для якіх спорт – адзін з профільных прадметаў.

З кожным годам лягчэй вызначыць, ці патрэбна дзіцяці развівацца як прафесійнаму спартсмену ці хопіць добрага фізічнага развіцця. Тут у ход ідзе псіхалогія, без якой не атрымаецца правільна накіраваць юнага атлета. Сам Сяргей Міхайлавіч падкрэслівае, што менавіта вера ў сябе і ўпэўненасць трэнера ў здольнасцях выхаванца – 60% будучага поспеху. Астатнія – талент і пастаянныя трэніроўкі.

Бывалі сітуацыі, калі даводзілася пераконваць менавіта бацькоў перспектыўнага выхаванца – ісці вучыцца, куды прэстыжна, ці ўлічваць добрыя фізічныя здольнасці для магчымай спартыўнай кар’еры.

Пачынаў Сяргей Міхайлавіч працаваць з вядомымі і прызнанымі ў раёне трэнерамі Анатоліем Міхайлавічам Кошмарам, Васіліем Леанідавічам Вяргейчыкам і Віталіем Ульянавічам Кудрыцкім, а сёння працуе поруч са сваімі колішнімі вучнямі – Сяргеем Васільевічам Антоненкам, Аляксандрам Сяргеевічам Яўжанкам, Марыяй Валянцінаўнай Карэльскай. Гэты факт цешыць трэнера, значыць, яго намаганні не прайшлі дарэмна.

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *