Такую ініцыятыву – толькі вітаць!


 Як правіла, упаўнаважаны – гэта сапраўды аўтарытэтны, як кажуць, першы чалавек у вёсцы, які не толькі ведае надзённыя праблемы тутэйшых жыхароў, але і дабіваецца іх вырашэння, звяртаючыся ў сельвыканкам і, калі патрэбна, да любога кіраўніка ў раёне. Жыхары Велеціна ў 2010 годзе на агульным сходзе аднадушна выбралі сваім упаўнаважаным Сяргея Аляксандравіча Крысенку, чалавека, на іх погляд, блізкага і адкрытага, паважанага і аўтарытэтнага, які разумее патрэбы і праблемы землякоў.



Успамінаючы той хвалюючы момант, С.А. Крысенка адзначае:
– Людзі аказалі мне вялікі давер, значыць з маёй думкай лічацца. І не апраўдаць гэты давер нельга. Таму стараюся зрабіць усё, што ад мяне залежыць, каб быт іх быў камфортным. У першую чаргу хачу, каб добраўпарадкаваны быў наш аграгарадок. Пры яго стварэнні са старшынёй Паселіцкага сельскага Савета Л.М. Зелянкоўскай многа папрацавалі, каб устанавіць агароджы каля дамоў і на вуліцах. Радуюся, што людзі адгукнуліся і прынялі ўдзел у гэтай важнай справе, у іх асобе маю добрых і верных памочнікаў. Адзін з іх – Ціхан Данілавіч Лобан, былы калгасны вадзіцель. Ён размяняў ужо дзевяты дзесятак гадоў, але яго імпэту, працавітасці маладыя веляцінцы могуць пазайздросціць.



Да пажылых людзей ва ўпаўнаважанага адносіны асаблівыя. Ім, што ўсё жыццё працавалі ў сельскай гаспадарцы, стваралі сённяшні дабрабыт аграгарадка, дапамагае ўсімі сіламі. Людзям, якія не маюць дапамогі з боку сваякоў, уласным трактарам і дровы прывязе, і збожжа са склада, і бульбу з поля. Займаючыся індывідуальным прадпрымальніцтвам па аказанню паслуг у вырошчванні сельскагаспадарчай прадукцыі, для людзей гэтай катэгорыі робіць 10-працэнтную скідку ад кошту выкананых работ. Аказвае і так званую адрасную дапамогу: не лічачыся з часам, на сваім аўтамабілі завязе пажылога чалавека, суседку К.Е. Лобан у мясцовы ФАП і прывязе дамоў пасля аказання ёй медыцынскай дапамогі. А рабіць гэта даводзіцца часта.



Але, бадай, самы вялікі клопат праяўляе С.А. Крысенка аб падрастаючым пакаленні роднай вёскі. Не нарадуецца на свайго памочніка загадчыца дзіцячага сада Алена Канстанцінаўна Баранава.



– Сяргей Аляксандравіч, – расказала яна, – ужо з год працуе на паўстаўкі ў нашай установе рабочым па абслугоўванню памяшкання. І ведаеце, заробленыя грошы не атрымлівае, а, пералічыўшы на картку, поўнасцю аддае зарплату на патрэбы дзіцячага сада. Разам з ім едзем у магазін і закупляем спортінвентар, дыдактычныя гульні, канструктары і інш. Сваімі рукамі наш упаўнаважаны абсталяваў дзетсадаўскую тэрыторыю: вырабіў архітэктурныя формы, арэлі, домікі для заняткаў дзяцей на свежым паветры. Важна, што ў гэтым пачынанні яго падтрымлівае жонка, Алена Васільеўна, якая працуе ў нас памочнікам выхавальніка.
Са сваімі клопатамі ідуць вяскоўцы да свайго ўпаўнаважанага, аб праблемах людзей ён можа даведацца і ў час выпадковай сустрэчы на вуліцы. Але самую поўную карціну праблем жыццядзейнасці вывучае на штотыднёвых пленарных пасяджэннях у сельвыканкаме.



– Наш упаўнаважаны, –  падкрэслівае старшыня сельскага Савета Л.М. Зелянкоўская, –  у час правядзення гэтага мерапрыемства ўносіць слушныя прапановы, а самае галоўнае, што ён актыўны ўдзельнік увасаблення іх у жыццё.



Вясна, якая хоць і павольна, але ўсё ж уступае ў свае правы, патрабуе многа працы па навядзенню парадку на зямлі. І ў эпіцэнтры гэтай работы, у кругаверці штодзённых добраўпарадкавальных спраў упаўнаважаны Велеціна, для якога вельмі заўважны перамены да лепшага. Расказаў Сяргей Аляксандравіч, што пачынаецца рамонт вуліцы Савецкай, дзе будзе пакладзены асфальт і выраблены тратуары.
Вось-вось і веснавая пасяўная на прысядзібных участках развернецца, тады паслугі С.А. Крысенкі, як індывідуальнага прадпрымальніка, вельмі запатрабаваныя, мала хто з вяскоўцаў без яго абыходзіцца.



Самае галоўнае ў маёй дзейнасці ў якасці ўпаўнаважанага вёскі, – адзначае С.А. Крысенка, – гэта тое, што кожны дзень знаходжуся сярод людзей, у гушчыні іх праблем. Сам я нарадзіўся тут, жыву і працую на зямлі сваіх бацькоў, тут мая сям’я, тут нарадзіліся і растуць нашы дачка і сын, унук-першынец. І мая родная вёска павінна квітнець з году ў год, дзеля гэтага прыкладу ўсе намаганні.



Намаганні гэтыя ўжо высока ацэнены: на раённым злёце перадавікоў народнай гаспадаркі С.А. Крысенку прысвоена званне «Лепшы актывіст органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання» з занясеннем на раённую Дошку гонару, ён узнагароджаны таксама Ганаровай граматай райвыканкама.
С.А. Крысенка з тых людзей, хто сапраўды здольны адчуваць пульс вясковага жыцця, хто асноўнай задачай сваёй дзейнасці на грамадскай пасадзе ўпаўнаважанага лічыць узаемадзеянне з мясцовымі органамі ўлады, кіраўнікамі прадпрыемстваў і ўстаноў, размешчаных на тэрыторыі сельсавета, па аператыўнаму вырашэнню актуальных праблем аграгарадка Веляцін. Такую ініцыятыву трэба толькі вітаць. А вопыт сельскага ўпаўнаважанага варта пераняць і прыбавіць у грамадскай працы яго гарадскім калегам.



Клаўдзія БОСАК.
        



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *