Сеем-сеем, засяваем…

Сельское хозяйство

На палях раёна ў разгары веснавыя палявыя работы. У гэтыя дні хлебаробы завяршаюць сяўбу ранніх яравых збожжавых, а на чарзе – сяўба кукурузы, рапсу, пасадка бульбы, цукровых і кармавых буракоў, іншых сельскагаспадарчых культур.
Аднымі з першых у раёне з сяўбой ранніх збожжавых справіліся ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Хойніцкі Аграсервіс». Ужо да Вялікдня тут засеялі апошнія з 50 гектараў пшаніцы і 280 га ячменю – выдатна пастараўся вопытны сейбіт Міхаіл Міхайлавіч Лабада на сваім магутным МТЗ-3022. Дарэчы, за кошт ячменю – ранняспелай і ўстойлівай да летняй спякоты культуры – прырос сёлета і ўвесь збожжавы клін гаспадаркі.
– Мінулая зімоўка была сытнай для нашага пагалоўя, а залогам трывалай кармавой базы ў многім стаў вельмі карысны і пажыўны кукурузны сілас. Пагэтаму і сёлета мы павялічым пасяўныя плошчы пад «царыцу палёў» як на сілас, так і на зерне, што, у сваю чаргу, дасць павелічэнне валу збожжа, – гаворыць галоўны аграном ААТ «Хойніцкі Аграсервіс» Аляксандр Мікалаевіч Шарманаў.
Зараз асноўныя намаганні механізатараў «Аграсервіса» сканцэнтраваны на ворыве і падрыхтоўцы глебы. Што датычыць ворыва, то цяпер яно вядзецца на месцы былой, але страціўшай зараз сваю эфектыўнасць пашы, а землі гэтыя таксама будуць заняты пад кукурузу. На гэтым здымку Алесі Ячычэнка вы бачыце механізатара Уладзіміра Васільевіча Мароза, які заняты на дыскаванні глебы.
На ўнясенні мінеральных угнаенняў стараюцца Мікалай Міхайлавіч Лабада і Сяргей Браніслававіч Канцавы, на падрыхтоўцы глебы – Сяргей Кузьміч Зелянкоўскі і Леанід Рыгоравіч Супраноўскі.
Не забываюць у «Аграсервісе» і пра пасевы азімых. Так, па першаму разу падкормлены азімыя збожжавыя, дзве падкормкі праведзены і на пасевах азімага рапсу. Адным словам, усе веснавыя палявыя работы тут вядуцца ў комплексе, планамерна і стабільна.
Віктар МІХАЙЛАЎ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *