Жыццё працягваецца


У 26-ю гадавіну катастрофы на ЧАЭС у Судкоўскім сельсавеце зарэгістравана нараджэнне блізнят. Значыць, жыццё на паражонай радыяцыяй зямлі працягваецца.
Праўду ў народзе кажуць, што няма таго ліхога, каб на добрае не выйшла. Двойчы выпрабоўвала на сабе гэту жыццёвую мудрасць Алена Мікалаеўна Арапава, расіянка па нацыянальнасці.
Першы раз – калі будучы выпускніцай школы разам з маці і малодшай сястрой у 1996 годзе з-за міжнацыянальнага канфлікту, які разгарэўся ў Казахстане, вымушаны былі пакінуць сваю малую радзіму, дом і ўсё, што было ў ім, і пераехаць у Нароўлю.
Ведалі, што там радыяцыя, але спадзяваліся на ціхае мірнае жыццё. Так яно і адбылося. Тут, у Нароўлі, Алена сустрэла і свайго суджанага: малады хлопец з вёскі Дворышча прыязджаў у госці да свайго сябра. Там і пазнаёміліся, сустракаліся нядоўга, пажаніліся і пераехалі жыць на радзіму мужа, дзе праз некаторы час радаваліся нараджэнню сына-першынца Кірыла.
У другі раз – калі ўрачы папярэдзілі, што з-за хваробы Алена не можа мець больш дзяцей. І якім жа было здзіўленне гэтай кволай мілавіднай жанчыны ад нечаканай навіны. Прыйшоўшы на абследаванне да ўрача, пачула ў свой адрас: «Віншую, у вас будзе двойня».
У Рэчыцкім радзільным доме інтэрвалам у адну мінуту на свет з’явіліся блізняты, якіх шчаслівыя бацькі Алена Мікалаеўна і Аляксандр Сяргеевіч назвалі Елізаветай і Уладзімірам.
Але, напэўна, больш за ўсіх браціку і сястрычцы радаваўся пяцігадовы Кірыл. Марына, малодшая сястра Алены Мікалаеўны, вучыцца ў Хойніцкім ДПТВ-183 і дапамагае няньчыць пляменнікаў.
Наогул, цяпер рэжым гэтай сям’і будуецца ў коле клопатаў аб малодшых дзецях, клопатаў надзвычай прыемных.

Клаўдзія БОСАК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *