Сакрэты вернасці працы КСУП «Аравічы»

Сельское хозяйство

Накіроўваючы ў гэту паездку, галоўны рэдактар некалькі разоў паўтарыла задачу: «Варта «зазірнуць» у душы людзей – адчуць іх шчырую адданасць працы ў сельскай гаспадарцы, раскрыць у Год малой радзімы сакрэты гэтай вернасці, каб зацікавіць іншых, асабліва моладзь».

Шчыра скажу, што на хаду гэта амаль немагчыма. А зносіны з работнікамі сельскай гаспадаркі адбываюцца заўсёды менавіта на хаду. То ты «лезеш» з фотаапаратам паміж каровай і даільным апаратам, то адрываеш ад руля механізатара і ставіш у полі, а яго, быццам магнітам, хутка цягне назад у кабіну. І тут, канешне, не да душы. Паспець бы шчоўкнуць кнопкай фотакамеры, а не ладзіць псіхалагічныя гутаркі. Аднак задача ёсць задача. І таму едзем даведацца, што ў душах «аравіцкіх» людзей.

Віталій Леанідавіч Локцеў, дырэктар
Які дырэктар Віталій Леанідавіч Локцеў? Канешне, аб гэтым лепш разважаць калектыву, але, напэўна, не столькі строгі, колькі патрабавальны. Уклініцца ў яго шчыльны працоўны графік вельмі і вельмі складана. Цяпер гаспадарка перажывае няпросты час. І ў першую чаргу гэта звязана з недахопам спецыялістаў – патрэбны талковы інжынер, заатэхнік, ды і галоўны аграном пакуль з дадаткам «в.а.» Але кіраўнік не страчвае аптымізму і думае над тым, як прыцягнуць кадры ў вёску. Пры гэтым не сумняваецца ў тым, што і моладзь можа горы звярнуць, калі будзе жадаць, зацікаўлівацца. І не пакідае без увагі ні адну ідэю.
Што датычыць раслінаводства, то ў гаспадарцы плануюць быць з кармамі, якія патрэбны для атрымання высокіх надояў. Бо вядома, што малако ў каровы на языку. І хаця Віталій Леанідавіч не прывык «спісваць» на надвор’е, адсутнасць дажджоў насцярожвае. Бо пасеяная кукуруза чакае вільгаці. Ды і збожжавыя «гараць».
На гэтым тыдні пачалі закладваць сянаж. Дырэктар спрабуе эфектыўна, рацыянальна і зладжана арганізаваць гэты працэс. Наогул касавіца непаўторная. Сапраўды, не паўтараецца два разы за год водар маладой, нядаўна скошанай і высушанай травы. Але не кожны з нас звяртае на гэта ўвагу, не кожны ўсведамляе і цэніць гэтую непаўторнасць імгнення. А працаўнікі палёў цэняць, адчуваюць усё. Нішто не змянілася, як і спрадвеку, сялянская праца поўная адначасова і цяжкай стомленасці, і высокай паэзіі.
У жывёлаводстве ўвага засяроджана на якасці малака. Дырэктар прапанаваў работнікам ферм заключыць «пары»: атрымліваеце месяц гатунак «экстра» – заробак адпаведны. На жаль, не ўсе ўтрымалі высокую планку. І страцілі матэрыяльны бонус. Аднак кіраўнік працягвае падбіраць іншыя падыходы і аргументы. Не мала сродкаў затрацілі на лячэнне і прафілактыку хвароб жывёлы, што таксама павінна прынесці станоўчыя вынікі. Актывізуецца работа і па ўзнаўленню статка.
Гаспадарка мае намер па меры магчымасцей папаўняць і аднаўляць машынна­-трактарны па-рк, мяркуецца праводзіць рэканструкцыю ферм. Але па словах кіраўніка, усе планы напрамую залежаць ад выніковасці работы, якая павінна кожны месяц даваць прыбытак для развіцця сельгаспрадпрыемства.
Родам Віталій Леанідавіч з Бабчына. У год аварыі на ЧАЭС сям’я пераехала ў Рэчыцкі раён. Пасля Гомельскага ўніверсітэта па ўласнаму жаданню вярнуўся менавіта на Хойнікшчыну галоўным інжынерам калгаса «Хойніцкі». І зусім хутка, у 2012 годзе, ужо выконваў абавязкі дырэктара «Аравічаў». Праз некаторы час звольніўся і пераехаў назад у суседні раён. На тое былі свае прычыны. Аднак, не прыйшлося да спадобы гарадское жыццё, без напружання, без не змаўкаючага тэлефона, без шалёнага рытму, з якім так звыкаешся, працуючы ў сельскай гаспадарцы. І таму зноў вярнуўся ў дырэктарскае крэсла «Аравічаў». Усё яму тут знаёма, ведае, як і што было раней, і як можа быць. Нехта можа падумаць, што гэта проста ўпрыгожаная гісторыя для газеты, аднак сапраўды ёсць людзі, якіх прыцягвае вёска. Хаця Віталій Леанідавіч – гарадскі жыхар. Разам з жонкай і двума дзецьмі жывуць ва ўтульным і зручным раёне новабудоўляў Хойнік. Кватэру кіраўніку прадаставілі адразу, як ён пераехаў у раён. Але працаваць у горадзе – не для яго. Як падкрэслівае дырэктар сельгаспрадпрыемства, задачы ставяцца, і калі ўзяцца за іх адказна, усёй талакой, то яны, канешне, пасільныя. Галоўнае – з найменшымі затратамі і большым эфектам атрымаць большы аб’ём прадукцыі. Пакуль не ва ўсім атрымліваецца. І калі на мінулых раённых «Дажынках» Віталію Леанідавічу давялося цягнуць са сцэны «аўтсайдэрскі» мех, то сёлета яму, канешне, хочацца пазбегнуць гэтай долі. І справа зусім не ў мяху, а ў тым, каб за сваю гаспадарку не было сорамна. Кіраўнік хваліць свой калектыў і хоча для яго лепшага. Яшчэ ён лічыць, што калі кожны будзе адносіцца да зямлі і ўсяго, што на ёй, як да свайго, то ўсё атрымаецца.
Добра, калі кожны ўпіша сваё імя ў гісторыю малой радзімы. Гэта ж наш агульны дом, і ў нашых інтарэсах зрабіць яго ўтульным і ўзорным. Паказаць, што мы сапраўдныя і руплівыя гаспадары сваёй зямлі. Нават самы сціплы ўклад кожнага адыграе сваю ролю – зробіць радзімку больш прыгожай і квітнеючай.

Надзежда Васільеўна Навіцкая, брыгадзір Храпкаўскага МТК
Бачыць цудоўнае ў простым – гэта пра Надзежду Навіцкую. Калі б ні прыехаў на Храпкаўскі малочнатаварны комплекс, заўсёды сустрэнеш яе з усмешкай. І нават калі стомленая, ці не ладзяцца справы, ніколі не пакажа выгляду. Проста не дазваляе сабе быць з дрэнным настроем. Аргументуе гэта тым, што на ферме яна кіраўнік і павінна зараджаць увесь свой калектыў выключна станоўчай энергетыкай.
На рабоце Надзежда праводзіць больш часу, чым дома. Вяртаецца ў гадзіну ночы, а ў пяць раніцы ўжо бяжыць на ферму. Муж нават можа патэлефанаваць і пажартаваць: «Ты хоць дома сёння начавала?» Хаця, безумоўна, родныя ўжо звыкліся з такім нялёгкім матуліным графікам. У хату забягае, прыгатуе што паесці, распачынае мыццё і, засынаючы, думае пра тое, што яшчэ паспець зрабіць на ферме заўтра… І абавязкова кладзе мабільны тэлефон пад падушку, бо ў любы час могуць званіць.
Пры гэтым яна заўсёды выдатна выглядае – самастойна зробленыя макіяж, манікюр, прычоска. Пытаюся, як усё паспявае, на што атрымліваю ёмісты адказ: «Праца ўпрыгожвае чалавека». Як бы пафасна гэта ні гучала. Жанчыне хочацца быць жанчынай усюды і заўсёды.
Нельга і казаць, што вольнага часу мала, а калі знаходзіцца, то траціць яго Надзежда на сваю «слабасць» – кветкі. Іх шмат у яе кабінеце, а ў сезон стракацяць клумбы на комплексе. Любіць дзівіцца колерамі, формамі, разглядаць парасткі, разважаць… І гэта найлепшы рэлакс паміж работамі, якіх не толькі ўвосень восем, а круглы год, ды ўсе восемдзесят восем. Гераіне нашай публікацыі хочацца вакол прыгажосці, утульнасці і цеплыні. Гаворыць, што ў такім асяроддзі і працуецца лепш – яно натхняе.
Нават пры ўсіх цяжкасцях сельскай працы, брыгадзір разважае аб тым, што без работы на ферме яна ўжо не зможа. Штосьці такое ёсць, неапісальнае, што прываблівае. Яно ўнутры.
Муж Надзежды – ветурач з вялікім вопытам. Ён – яе падтрымка і ў дамашніх справах, і рабочых. Родам Анатолій з Горак Магілёўскай вобласці. Там абаяльная дзяўчына з Закарпацця Надзя працавала загадчыцай ветаптэкі, а ён – галоўным ветэрынарам у гаспадарцы. Пазнаёміліся, пакахалі адзін аднаго. І пераманіла дзяўчына мужа ў Хойніцкі раён. Шмат было прапаноў сям’і Навіцкіх вярнуцца, але не пажадалі, бо прыкіпелі ўсім сэрцам да гэтых мясцін. Тут вырасцілі дзвюх дачок, радуюцца трохгадоваму ўнучку. Тут, у Храпкаве, ахоплівае спакой і лёгкасць. Калі бачаць абрысы стаўшай роднай вёскі, белую сям’ю бярозак, васількі ў полі, агортвае пяшчота і замілаванне. Чуеш шматгалоссе птушыных спеваў, дыханне лесу, споведзь ветру – і часам забываеш нават пра стомленасць.
Надзеждзе палюбілася Беларусь у першую чаргу з-за людзей. Шчырых і добрых. Па-другое, з-за неверагоднай прыгажосці краявідаў. Ідучы з работы і на работу, часта сустракае світанкі і праводзіць заходы. Узыход сонца ў вёсцы! Ёсць у гэтым нешта містычнае: неба заліваецца жоўтым прыемным святлом і ўздымаецца вялікі вогненны шар. І ад усяго атрымліваеш асалоду.
Але каб гэта замалёўка не атрымалася надзвычай «салодкай», пытаюся ў Надзежды пра праблемы, якія існуюць у прафесіі, чаго не хапае на комплексе і што варта зрабіць, каб палепшыць паказчыкі? І яна не пачала скардзіцца і шукаць пабочныя прычыны. А адказала так:
– Мы крыху мінусуем па паказчыках у параўнанні з мінулым годам. І мне за гэта вельмі сорамна. Я працую брыгадзірам чатырнаццаць гадоў, аднак і пры такім вопыце, напэўна, упускаю нешта. Бываю на розных семінарах, бачыла многа ферм і комплексаў, але чагосьці незвычайнага там няма. Усё як у нас. Толькі што Храпкаўскі комплекс пабудаваны не ў зручным месцы, таму часта падтапляемся, і з-за цаглянай падлогі, прадугледжанай па праекту, пакутуюць капыты кароў. Ды і даільных ям хацелася б дзве замест адной доўгай. Але і з гэтым можна і трэба працаваць. У цэлым умовы добрыя, не параўнаць з тымі, пры якіх рупіліся нашы матулі і бабулі. Год назад на комплекс прыйшоў працаваць новы тэхнік-асемянатар. Пакрыху выпраўляем становішча з селекцыйнай работай. Вельмі важнай! На тэрыторыі імкнёмся падтрымліваць парадак. Пасадзілі дрэвы, каб пакінуць прыгожы след пасля сябе.
І кіраўнік гаспадаркі ў нас новы. Добры. Вельмі не хочацца яго падводзіць, таму будзем выпраўляцца. Калектыў у мяне цудоўны. Са спіртным ніхто не сябруе. Усе адказныя. Ведаю характар кожнага, праблемы і клопаты, радасці і перамогі. Бо ўсе тут, як адна сям’я. Маладым спецыялістам, якія прыходзяць да нас, на ферму, імкнёмся ўсе разам дапамагаць. Некаторыя шчыра зацікаўліваюцца жывёлагадоўляй і гэта, канешне, радуе. Але ёсць і такія, хто проста адбывае тэрмін, пакідаючы пасля сябе шлейф «прабелаў» у рабоце. Гаспадарка прадастаўляе па магчымасці ўсім жыллё, большая частка калектыву жыве ў доміках з усімі выгодамі.
Шмат увагі надаём якасці малака. Я на свае вочы бачу, як яно атрымліваецца, таму ўпэўнена ў яго чысціні. З задавальненнем купляю малочную прадукцыю нашай «Мілкавіты». Вельмі смачная.
Што датычыць святаў, то любімае ў Надзежды – Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі. Ва ўсе іншыя чырвоныя даты календара яны працуюць, і гэты дзень таксама не выхадны, але ім асаблівая ўвага. Хаця варта адзначыць, што кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства віншуе работнікаў з усімі святамі.
І ў заканчэнні нашай гутаркі я задала складанае пытанне: «Якой павінна быць ферма вашай мары?» Аднак жанчына, доўга не раздумваючы, прамовіла: «Звычайнай. Толькі, каб людзі заўсёды прыходзілі і выходзілі з усмешкай».

Сяргей Леанідавіч Віннік, механізатар
З Сяргеем Віннікам наша (калі так можна выказацца) рабочае сяброўства цягнецца больш за пяць гадоў. Шмат разоў даводзілася пра яго пісаць у газеце. Размаўляць з ім вельмі проста. І сур’ёзна, і з жартам. Нават розніца ва ўзросце не адчуваецца. Пры гэтым мужчына вельмі сціплы, аб сабе многа не распавядае, аднак мне гаворыць: «Ты ж заходзіш з агароду, а выходзіш цераз цэнтральны ўваход». Маўляў, выпытаю ўсё, што трэба. Доля праўды ў гэтым, канешне, ёсць.
Сяргей – мясцовы. Нарадзіўся ў Барысаўшчыне. Рос хлапчук, як і большасць вясковых дзяцей, спасцігаючы навуку жыцця ў сялянскіх клопатах. Дома былі свае абавязкі, маці з бацькам трэба было дапамагаць. Працаваць трактарыстам Сяргей стаў адразу ж пасля школы. І гэта была добрая загартоўка, бо ў хуткім часе прыйшлося яму накіравацца на ваенную службу. На Далёкі Усход. І пасля дэмабілізацыі можна было зрабіць у жыцці круты паварот, але ён вярнуўся ў родныя мясціны.
Яго цягнула дамоў неадольная сіла, і чым бліжэй было развітанне з армейскімі таварышамі, тым часцей успаміналася родная вёска, тыя сцежкі маленства, па якіх бегаў у Віцьеўскую школу. Яго клікалі да сябе бацькоўская хата, ціхія лясныя куткі і неабсяжныя палі.
Нядоўгім быў адпачынак пасля вяртання з арміі. Неўзабаве стаў зноў працаваць трактарыстам. Па прызнанню Сяргея, у той час у вёсцы ахвотна заставалася моладзь. Атрымлівалі жыллё, стваралі свае сям’і і дружна жылі. Сяргей юнаком разам з сястрой засталіся без бацькоў. Таму ўсяго ў жыцці даводзілася дасягаць самастойна, не разлічваючы на падтрымку. І як бы цяжка ні было, ніколі не скардзіцца. Ідзе па жыцці з гумарам.
Механізатарам работы заўсёды хапае – усюды патрэбны. Пачынаў на «восемдзесят двойцы». Потым з трактара перасеў на «Уазік» – быў дырэктарскім вадзіцелем некалькі гадоў. А пасля атрымаў новы трактар – «трыццатку». І з таго часу вялікай тэхніцы не змяняе.
Пытаюся: «Чым зараз заняты?» Адказвае: «Кашу». Я: «Траву ці ад работы?» Жартую. Канешне, ведаю, што Сяргей ніколі ад працы не «косіць». Цяпер адбылася паломка, таму ён «наразае» колы вакол свайго «жалезнага каня», спраўна круцячы і мяняючы дэталі. Лічыць, што да тэхнікі неабходна быць вельмі ўважлівым, тады і праслужыць болей. Калі гаварыць аб перспектывах, то хацеў бы, каб машынна-трактарны парк гаспадаркі быў багацейшым. Не для сябе – для моладзі. Але, вядома, з неба нічога не ўпадзе, варта старацца ўсім.
Канешне, на хатнія справы часу не хапае. Як і ўсе вяскоўцы, сям’я засявае агарод. Але, як прызнаецца суразмоўца, ён толькі сее і ўбірае, а ўвесь догляд – на жонцы. Дарэчы, любімая страва мужчыны – бульба. А пара года – ранняя вясна, калі ўсё навокал абуджаецца. І зямля. Адчуваеш найтанчэйшы водар, ловіш няўлоўныя пахі, чуеш райскія гукі вясны. Пасля халоднай зімы выходзіш у поле…
Калі спытала пра любоў да спорту, то, усміхаючыся, адказаў: «У мяне кожны дзень скачкі на батуце – сядзенні ў трактары». І пра загар гаворыць, што ў адзін бок едзеш па полі – загараеш, потым у другі. Раўнамерна атрымліваецца. Рыбалкай не захапляецца, адказвае: «Ля рэчкі жыву, а лускі баюся». Ужо з гэтых адказаў вы можаце адчуць, які Сяргей вясёлы і лёгкі чалавек.
І яшчэ. Адчула яго клопат больш не пра тое, якую матэрыяльную выгоду прыносіць праца (хаця і гэта не трэба скідваць з рахунку, бо хто ж не хоча зарабіць), а пра лёс гаспадаркі, яго сапраўднае і будучае.
Калі ў вёсцы ёсць такія людзі, як Сяргей Віннік, то яна будзе адраджацца і жыць. Цяпер Год малой радзімы. Ён прысвячае ёй жыццё, цалкам аддаючыся цяжкай механізатарскай справе. І гэта вельмі каштоўны ўнёсак.

Аляксандр Фёдаравіч Аніскавец, механізатар
З Аляксандрам Аніскаўцом давялося пагутарыць менш за астатніх, таму што ў гаражы ён не разлічваў затрымлівацца надоўга. Трактарыстам працуе сорак гадоў, дванаццаць з іх – тут, у «Аравічах». Як працаўладкаваўся – атрымаў МТЗ-1223, так на ім увесь час і ездзіць. Беражэ, як зрэнку вока. Заняты механізатар на самых розных відах работ, бо даверыць яму можна любую справу. Пытаюся: «А на якім бы трактары вы хацелі працаваць?» «На сваім. Ён самы лепшы. І не важна, якой маркі ці года выпуску. На чым працую – тое і люблю!» Залатыя словы…
Пасля аварыі на ЧАЭС Аляксандр некаторы час працаваў на заводзе гідраапаратуры. Але лёс нязменна вёў яго на поле. Ён надзейны і па-сялянску памяркоўны чалавек. Сапраўдны працаголік. Жыве ў Клівах, у яго двое дзяцей і трое ўнукаў.
Вёска-руплівіца рэдка дазваляе працяглы адпачынак. Але мужчына звыкся. Узімку толькі менш клопатаў. А потым з ранняй вясны і да позняй восені штодня пры справе, толькі паспявай упраўляцца.

Людміла Оттаўна Каральчук, тэхнік-асемянатар
Рукі – галоўны інструмент тэхніка-асемянатара. Працуе ўсляпую – пальцы павінны быць вельмі адчувальнымі. Таму першае, на што звяртаю ўвагу, пры сустрэчы з Людмілай Каральчук – рукі. Акуратныя. На пазногцях лакавае пакрыццё. Жанчына, заваўжыўшы, куды накіраваны мой погляд, тут жа з усмешкай сказала: «Каровы без манікюра не любяць».
Яна родам з Казахстана. Вырасла ў сям’і жывёлаводаў. Дзяўчынкай бегала на ферму дапамагаць бацькам. Аднак паступаць вырашыла на швачку. Адвучылася. Пасля зразумела, што гэта прафесія не па душы. І лёс прывёў яе туды, куды, напэўна, трэба было. Дзевятнаццаць гадоў асемяняе кароў. Увесь час на розных фермах КСУП «Судкова», а цяпер вось у «Аравічах». Яна – чараўніца. З маленькага семя такія цяляты прыгожыя атрымліваюцца. Хіба не чараўніцтва?
На першы погляд, усё можа здацца элементарным. Працэсу навучаюць на непрацяглых спецыяльных курсах. Аднак вынік у спецыялістаў моцна адрозніваецца. У чым сакрэт поспеху? У адказнасці! Усё трэба рабіць своечасова. Лік ідзе на гадзіны. Прапусціш момант – чакай наступнага. Прапусціш яшчэ раз – атрымаецца ялоўка, а там і да бясплоддзя недалёка. Важна дакладна выконваць тэхналогію. Парушыш тэмпературны рэжым, стэрыльнасць, зацягнеш час, не праверыш сперматазоіды на рухомасць … – праца дарэмная.
Вядома, кароўка можа і нагой лягнуть, і хвастом перацягнуць, таму засцярога ў гэтай справе не перашкодзіць. Без пяшчоты тут ніяк. Па словах маёй субяседніцы, жывёлу трэба пагладзіць, пагаварыць з ёй пяшчотна, ні ў якім разе не крычаць і не ўжываць сілу. Яна абслугоўвае паўтысячы галоў. Да кожнай свой падыход, бо ў кожнай свой характар. Галоўнае – кароў любіць трэба. Як Людміла.
Яна распавядае, што ў апошні час працаваць становіцца прасцей, так як тэхналогіі больш дасканалыя. Аднак рукі ў канцы працоўнага дня ўсё роўна баляць. А вось наконт пахаў, аб якіх часта жартуюць людзі, дык гэта апошняе, на што звяртае ўвагу тэхнік-асемянатар.
Жыве Людміла ў Казялужжы. Муж і сын працуюць у лясгасе. Сям’я ў іх надзвычай дружная, усё робяць разам па дамашняй гаспадарцы. У вольны час жанчына любіць пасядзець у Інтэрнэце, там многа карыснай інфармацыі можна знайсці, у тым ліку і па рабоце. Для адпачынку добра падыходзяць меладрамы. У вялікі горад ездзіць нават не любіць, не тое, што жыць там. Здаецца, што ў роднай вёсцы самае чыстае паветра, самае блакітнае неба, самая крыштальная раса, самыя прыязныя ўсмешкі.
Людзі, якія шчыра любяць справу, аддаюцца ёй цалкам. Вось і Людміла ўзгадвае, што яе запасная зубная шчотка часта стаіць на ферме.
Яшчэ расказала, як ехалі адпачываць на Украіну: «Гляджу ў вокны машыны і раз за разам кажу: «О, вунь колькі сена, а якая салома!» А мне і гавораць: «Ты што-небудзь акрамя сельскай гаспадаркі бачыш навокал?» А гэта ўжо на падсвядомым узроўні».
Мноства яе думак, надзей і мэт звязаны з работай. І, ведаеце, размаўляючы з такімі людзьмі, разумееш, наколькі мы багатыя. Не ў сэнсе грошай. А што нам трэба? Сям’я, кавалак хлеба і добрае слова.

Марыя Васільеўна Штагер, аператар машыннаага даення
Дзяўчынка шырока расчыніла дзверы хаты і хутка выбегла да мяне насустрач са словамі: «Так, сапраўды, то да нас прэса. Нашу любімую бабулю прыехалі фатаграфаваць. А можна і мяне разам з ёй?» «Вядома, можна!» – узрадаваўшыся такому цёпламу прыёму, прамовіла я. Васьмігадовая Аліса – унучка перадавой даяркі Марыі Штагер, да якой мы наведаліся ў госці. Прыехала са сталіцы да бабулі на канікулы. Балбатушка яшчэ тая! Дзесяткі слоў у хвіліну. Расказала, што ў вёсцы ёй вельмі падабаецца – не тое што ў яе душнай кватэры на дзевятым паверсе.
Я паспрабавала ўсё ж пераключыцца на Марыю і задаваць ёй пытанні, але маленькая весялушка, раз-пораз каменціравала ўсе нашы словы. І часам вельмі складана было стрымлівацца, каб не засмяяцца.
Жанчына нарадзілася ў Закарпацці. Некаторы час жыла ў Латвіі, там закончыла вучылішча. Потым пераехала да старэйшага брата ў Сумскую вобласць, дзе пазнаёмілася з жанчынай, якая прапанавала паехаць у Хойніцкі раён. Дваццаць дзевяць гадоў з сям’ёй жыве тут. Гэта ўжо іх радзіма. Яны адчуваюць тую сілу, якую можа даць чалавеку толькі родны кут. А галоўны гонар Марыі – дзеці і ўнучка.
Даіць кароў пачала з дваццаць аднаго года. І з юнай неспрактыкаванай дзяўчыны вырас сапраўдны прафесіянал. Мы яе здымкі часта друкуем у нашай газеце. Дарэчы, гаспадыня вельмі любіць чытаць прэсу, асабліва «Савецкую Беларусь» і «Хойніцкія навіны». Да таго ж, многія выразкі з «раёнкі» беражліва захоўвае.
«Так-так, па сто разоў перачытвае свежую газету», – дадае Аліска, якая не можа ні хвіліны выстаяць на адным месцы. Вось ужо пабегла даганяць чарнявага прыгажуна-ката Фелікса. Як высветлілася, імя хатняму гадаванцу ўзялі з рэкламы.
Неўзабаве зноў падбягае і кажа: «А я пайду хутка ў школу мадэляў». «Хочаш на подыуме працаваць?» – пытаюся. «Не, пакуль не ведаю, кім стану ў будучым, падумаю аб гэтым пазней», – прагучала ў адказ. «А на ферму пайшла б шчыраваць?» «Там пах непрыемны, але астатняе – усё вельмі добра», – не была катэгарычнай Аліса.
У бабулін выхадны – уся ўвага дзяўчынцы і парадку ў доме. Гатуе ўнучцы любімыя макароны і смажаныя пяльмені. На градках выбірае сакавітыя клубніцы. Разам паліваюць кветкі, якіх вялікая колькасць на прысядзібным участку. Асабліва лілей і півоняў.
«Я кажу, бабулька, няўжо ты не хочаш спаць у выхадны? А яна – не. З самага ранку завіхаецца, мые ўсё, убірае, гатуе», – зноў уключаецца ў гутарку сталічная маленькая прыгажуня. «Канешне, у выхадны ўсе справы варта паспець парабіць», – гаворыць Марыя. Бо потым зноў пачнецца будзёнасць – ад дома да Храпкаўскай фермы. Тройчы ў дзень.
Працэс даення кароў сёння механізаваны, з былой ручной дойкай па складанасці не параўнаць. Але зносіны з жывёлай механізаваць немагчыма. Патрэбны догляд, увага, адказнасць.»Каровы, напэўна, вас любяць, таму стараюцца не падвесці», – спрабую жартаваць. Але Марыя ўсур’ёз адказвае, што ў гэтым і ёсць яе самы вялікі сакрэт.
На такіх людзей, як яна, заўсёды глядзелі з павагай. Яны не даюць пустых абяцанняў, не будуюць паветраных замкаў – проста адказна робяць сваю справу. І так добра гэта ў іх атрымліваецца!

Матэрыялы падрыхтаваля Наталля ЧЭКАН.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *